Справа "Рэгнума": У другі дзень суда дапытваюць саміх аўтараў Дапоўнена

2017 2017-12-19T12:46:32+0300 2017-12-19T18:18:14+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shiptenko_alimkin_pavlovec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску працягваюць судзіць аўтараў расійскага інфармагенцтва Regnum, якім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў складзе групы асобаў, паведамляе БАЖ.

У другі дзень перад працэсам у залі каля 30 чалавек, учорашняга ажыятажу няма. Сярод іх, як і ўчора, праваабаронцы Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Павел Сапелка.

Суд вырашыў змяніць парадак разгляду доказаў і спачатку дапытаць Аляксея Шыптэнку – бацьку Сяргея Шыптэнкі. Але пытанняў да яго ў бакоў працэсу не апынулася, таму суд пераходзіць да допыту абвінавачанага Дзмітрыя Алімкіна. Ён кажа, што у яго шмат спецыяльнасцяў па жыцці: інжынер-механік, эканаміст-менеджар, юрыст.

Па сутнасці справы гаворыць, што адпраўляў свае матэрыялы Юрыю Баранчыку, які працуе у інфармагенцыі “Рэгнум”. З Баранчыкам пазнаёміўся на адным з форумаў у інтэрнэце, ніколі асабіста не сустракаўся. Пра “Рэгнум” кажа, што гэта зарэгістраванае інфармацыйнае агенцтва Расіі.

Алімкін сцвярджае, што з іншымі абвінавачанымі пазнаёміўся пры азнаямленні з матэрыяламі справы перад судом.

Падсудны распавядае, што Баранчык прапанаваў яму пісаць тэксты. Спачатку размова пра ўзнагароджанне не ішла, потым была дамоўленасць пра прыкладна 50 даляраў за кожны тэкст. Грошы перасылаліся праз сістэму Western union. Было напісана каля 45 матэрыялаў на тэму сітуацыі ў Беларусі.

Дзмітрый Алімкін. Фота Радыё Свабода
Дзмітрый Алімкін. Фота Радыё Свабода

Алімкін кажа, што ніхто тэмы яму не замаўляў. Ён сам прымаў рашэнне напісаць на тую ці іншую тэму: матэрыялы падпісваліся невядома кім – нейкай Алай Бронь. Гэтым псеўданімам падпісваліся не толькі мае тэксты, але і некалькі чужых.

"Для мяне было важна публікаваць тэксты на сайце агенцтва “Рэгнум”, бо там мае думкі чытала значна больш людзей, чым у маім асабістым блоге. Асноўная тэматыка артыкулаў была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта не добрае. У прыватнасці, распальванне нацыяналізму і русафобіі", - падкрэсліў Дзмітрый Алімкін.

Алімкін кажа, што пісаў пра тое, што ў Беларусі адбываецца спрыянне русафобам. 

"Мае артыкулы – гэта маё асабістае меркаванне, выкладзенае ў тэксце. Тое, што гаворыцца ў абвінавачанні — гэта таксама меркаванне. Але чамусьці дзяржава прымяняе сілавыя метады, каб даводзіць сваё меркаванне. Таму мы сёння за кратамі. Хоць па вялікім рахунку, прадмет спрэчкі — гэта дыскусія меркаванняў.

Так, я крытыкаваў дзяржаву. Я маю на гэта права. Я лічу, што гэта не можа быць прызнана правапарушэннем. А варожасць я не распальваў", - сказаў ён.

Алімкін гаворыць, што многія нацыі у свеце былі створаныя штучна, і нідзе гэта не выклікае абвінавачанняў у распальванні варожасці.

"А ў нашым выпадку выказаныя мной сумневы адносна стварэння тысячагадовай беларускай нацыі трактуецца як нейкае распальванне", - кажа ён.

Пракурор, суддзя і прысяжныя засядацелі уважліва слухаюць выказванні Алімкіна. Час ад часу на фоне слоў Алімкіна гучаць перамовы міліцыянтаў па рацыі.

Пытанні Алімкіну задае іншы абвінавачаны Сяргей Шыптэнка. Пытанні тычацца экстрэмізму, некаторых дыскусійных тэмаў з артыкулаў Алімкіна. Размова ідзе пра моўныя прыёмы, выкарыстаныя ў артыкулах Алімкіна. Абвінавачаныя абмяркоўваюць якасць псіхолага-лінгвістычнай экспертызы артыкулаў.

Дзмітрый Алімкін гаворыць, што не заяўляў хадайніцтваў на альтэрнатыўную экспертызу, бо баяўся за экспертаў. Гаворыць, што незалежныя эксперты тады маглі б таксама трапіць за краты.

Алімкін мяркуе, што страх выклікае рэжым этнакратыі, які створаны ў Беларусі. 

"Па-іншаму гэта можна назваць фашызмам альбо нацызмам, але гэта вельмі груба", — гаворыць Алімкін.

Наступным дапытваюць Юрыя Паўлаўца. Ён гаворыць гучна і зразумела.

Юры Паўлавец. Фота
Юры Паўлавец. Фота "Наша ніва"

Паўлавец расказвае пра сваю сям’ю, пра тое, што працаваў у многіх ВНУ, мае ўласныя распрацаваныя адукацыйныя курсы. У свой час скончыў гістарычны факультэт з чырвоным дыпломам, з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў курса дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі.

"Апроч іншага я супрацоўнічаў і з “Савецкай Беларусіяй”, таксама атрымліваў ганарары ад гэтага выдання, мае матэрыялы па-ранейшаму ёсць на сайце дзяржаўнага выдання", - адзначае падсудны.

Паўлавец расказвае пра псеўданімы. Гаворыць, што ягоны псеўданім Мікалай Радаў стаў своеасаблівым брэндам на сайце "Рэгнум", артыкулы адкуль перадрукоўвалі нават дзяржаўныя выданні Беларусі.

Паўлавец гаворыць, што не прызнае сябе вінаватым у дзеянні з карысных памкненняў па дамове з кімсьці. Ён называе супрацоўніка выдання Ігара Паўлоўскага, з якім камунікаваў падчас працы.

"Схема была простая. Бачыш нейкую падзею на тэрыторыі Беларусі ці сумежных краінаў, Прыбалтыцы, Польшчы — дасылаеш сваю прапанову рэдактару, атрымліваеш згоду, пішаш тэкст і адпраўляеш. На гэтым супрацоўніцтва па канкрэтным артыкуле заканчваецца", — патлумачыў Паўлавец.

Паўлавец кажа, што пяць гадоў пісаў артыкулы на розныя сайты і атрымліваў за гэта аўтарскія ганарары. Але заканадаўства не патрабуе ад яго якойсьці рэгістрацыі для атрымання аўтарскіх ганарараў.

Прыкладная стаўка за артыкул для "Рэгнума" была ў памеры 50 долараў, хоць апошнія тры гады Паўлавец наогул не супрацоўнічаў з Баранчыкам і не меў з ім ніякіх кантактаў.

Паўлавец цытуе выказванні Уладзіміра Макея наконт таго, што Беларусь сапраўды з’яўляецца маладой нацыяй, якая знаходзіцца ў стадыі фармавання.

"Ніхто ж не прад’яўляе абвінавачанні Уладзіміру Макею, бо ўсім зразумела, што гэта так і ёсць", — гаворыць Паўлавец.

Ён гаворыць, што ў нацыяналістаў, грамадскіх дзеячаў, нават ва ўладаў Беларусі ёсць свае думкі адносна развіцця краіны і грамадства.

"Я лічу, што многія такія ідэі кепскія для ўзаемаадносінаў з Расіяй. І я маю права так лічыць і выказваць такія меркаванні. Гэтымі думкамі я ніякім чынам не прыніжаю беларусаў.

Большасць прысутных тут нарадзіліся ў Савецкім саюзе і хадзілі ў савецкую школу. І заўсёды ў нашай краіне было прынята называць вайну 1812 года — Айчыннай вайной 1812 года. Цяпер некаторыя гісторыкі і нават дзяржаўныя асобы прапануюць называць гэту вайну руска-французскай. Але дзе тады ў гэтай вайне месца нас, беларусаў?

Я пішу пра адзінства славянскіх народаў. Пішу, што ў Беларусі пачалі ствараць гістарычную самабытнасць. Хіба гэта кепска?", - пытаецца падсудны.

Юры Паўлавец сцвярджае, што ў дзяржаўным абвінавачанні фігуруюць яго артыкулы з вырванымі з кантэксту часткамі, якія істотна ўплываюць на разумення сэнсу. На яго думку, пытанні, якія ён закранаў у сваіх публікацыях, важныя для разумення працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, размова пра развіццё мясцовага нацыяналістычнага руху.

Паўлавец у доказ сваіх артыкулаў прыводзіць вынікі перапісу насельніцтва Беларусі аб тым, што ў побыце толькі 2% грамадзянаў сапраўды выкарыстоўваюць беларускую мову. Таксама кажа пра моўную ідэнтыфікацыю людзей, сцвярджае, што нідзе ў матэрыялах не называў беларускую мову мёртвай, а толькі прыводзіў факты па яе выкарыстанні.

Пасля адной з фраз зала рэагуе на словы падсуднага воплескамі. Суддзя патрабуе парадку.

"Калі я атрымліваў грошы ад расійскага інфармагенцтва, то зразумела, што з гэтых грошай плаціліся падаткі. І ніякіх пытанняў ад падатковых органаў ніколі да мяне не ўзнікала", — тлумачыць Паўлавец.

У судзе аб'яўлены перапынак да 14.00.

Пасля абеду працягвае выступаць Юрый Паўлавец, які гаворыць пра грашовыя пераводы: большасць з іх — ганарары за аўтарскія і навуковыя працы не толькі для Regnum, ён не ведае, што з пераводаў было ганарарам, а што грашовай дапамогай.

Падводзячы вынікі сваёй прамовы Паўлавец прызнаў, што сапраўды рыхтаваў артыкулы для сайта Regnum, але распальваць якую-небудзь варожасць не збіраўся, не фармаваў варожае стаўленне да беларусаў.

Адказваючы на пытанні пракурора, падсудны расказвае, што частка грошай прыходзіла на імя яго жонкі, каб не выходзіць за межы сумы, якая не падпадае пад падаткаабкладанне.

Суд пераходзіць да допыту апошняга абвінавачанага Сяргея Шыптэнкі, якілічыць справу палітычна матываванай.

Сяргей Шыптэнка. Фота Радыё Свабода
Сяргей Шыптэнка. Фота Радыё Свабода

"Крымінальная справа сімптаматычная, якая указвае на стан грамадства, стан палітычнай і прававой культуры ў грамадстве. Сёння тут судзяць свабоду думкі.

Што тычыцца артыкула пра прадпрымальніцкую дзейнасць, то ён далучаны да справы як падпорка ранейшага абвінавачання. Следства і дзяржаўныя прапагандысты зрабілі з нас нейкую злачынную групу, якой на самой справе не было.

Учора па беларускім тэлебачанні мы ўбачылі чарговыя хлуслівыя прапагандысцкія сюжэты. Таму я хадайнічаю, каб прадстаўнікоў Беларускага тэлебачання не пускалі на працэс ні падчас слуханняў, ні ў перапынках", — гаворыць Шыптэнка.

Суддзя адказаў Шыптэнку, што працэс адкрыты, таму ён не можа забараніць журналістам прысутнічаць на ім.

У сваёй прамове падсудны расказаў, што не атрымліваў аўтарскія ганарары наогул. Грошы, якія прыходзілі на рахунак Сяргея Шыптэнкі — гэта дабравольныя ахвяраванні грамадзянаў на працу часопіса “Новая эканоміка”, якія рэгістраваліся ў рэдакцыі адпаведным чынам.

"Таксама я і мае бацькі пазычалі грошы грамадзяніну Расіі на вырашэнне жыллёвага пытання. Пасля гэтага ён вяртаў пазыку, пералічваючы грошы на мой рахунак. Следства неабгрунтавана лічыць гэтыя пераводы маім прыбыткам.

Мне таксама аказалі фінансавую дапамогу мае знаёмыя, але я не лічу гэта чымсьці крымінальным. Па артыкуле 233 я сваю віну не прызнаю. Можа быць, можна было казаць пра нясплату падаткаў, але толькі за выключэннем толькі тых сум, якія залічваліся на рахунак часопіса “Новая эканоміка”", — дадае ён.

Сяргей Шыптэнка паведаміў, што ён з’яўляецца галоўным рэдактарам зарэгістраванага часопіса “Новая эканоміка” і таму абсалютна правамерна займаўся журналісцкай дзейнасцю.

"Апроч гэтага я быў зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка з мэтай збору і аналізу інфармацыі. Пра гэта на папярэднім следстве казаў падатковы інспектар Дудко, які будзе выкліканы ў судовы працэс у бліжэйшыя дні.

Ніякіх прэтэнзій у дзяржавы да мяне ніколі не ўзнікала, а тут раптам мяне, галоўнага рэдактара, вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — падрыхтоўцы журналісцкіх матэрыялаў", — кажа Шыптэнка.

Апошнюю палову гадзіны па-ранейшаму выступае Шыптэнка, кранаецца розных момантаў абвінавачання. Гаворыць пра сваю журналісцкую працу, пра тое, што ніякага намеру парушаць заканадаўства не меў. Зноў просіць выклікаць у суд у якасці сведкаў супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі, у тым ліку былую міністарку Лілію Ананіч.

"Лілія Ананіч павінна адказаць за тую хлусню, якую яна распаўсюджвала ў дачыненні тых, хто сёння сядзіць на лаве падсудных", — гаворыць Шыптэнка.

Працяг судовага разгляду адбудзецца ў 10:00 раніцы серады.


Чытайце таксама: Першы дзень судовага паседжання

Нагадаем, Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя ў снежні 2016 года і з таго часу знаходзяцца пад арыштам. На іх завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб, - ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі).

У чэрвені на Паўлаўца і Шыпценка завялі новую крымінальную справу па артыкуле аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

У сакавіку ў Маскве па запыце беларускіх следчых затрымалі шэф-рэдактара «Рэгнум», беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчыка. Але экстрадыцыя не адбылася - маскоўскі суд вызваліў яго з-пад арышту. Сам Баранчык падаў прашэнне аб палітычным прытулку.

Адпусціць публіцыстаў заклікала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Вядучыя беларускія праваабаронцы ў студыі TUT.BY распавялі, што пакуль не бачылі матэрыялаў справы, дастатковых для таго, каб назваць затрыманых палітвязнямі. Аднак кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў, што, нягледзячы на ​​сваю нязгоду з пазіцыяй абвінавачаных, ён лічыць пазбаўленне волі «відавочна непрапарцыйным».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства