Прэзентацыя часопіса «MAKEOUT» пад пільнай увагай супрацоўнікаў міліцыі

2017 2017-12-16T15:55:13+0300 2017-12-16T16:13:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/makeout.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На прэзентацыю папяровай версіі часопіса пра гендэр і сэксуальнасць «MAKEOUT» учора ўвечары наляцелі супрацоўнікі сталічнай міліцыі.

Прэзентацыя часопіса, у якім сабраная гісторыя развіцця  ЛГБТ-супольнасці за 20 год, павінна была адбыцца вечарам 15 снежня ў культурніцкай прасторы “Сталоўка XYZ”. Прыкладна ў 19 гадзін у памяшканне зайшло некалькі чалавек у цывільным, адзін з якіх паказаў пасведчанне супрацоўніка ГУУС Мінгарвыканкама. Іх цікавіла, што тут будзе адбывацца, на якой падставе ў памяшканні знаходзяцца людзі.

Адзін з кіраўнікоў праекта MAKEOUT Нік Анціпаў спакойнапатлумачыў, што ёсць дамова на арэнду памяшкання, дакументы можна спраўдзіць у адміністратара. 

Затым увага праваахоўнікаў пераключылася на часопіс. Яны сталі задаваць пытанні аб тым, ці ёсць дакументы на друк, ці маецца дамова з друкарняй. Ім паказалі копіі неабходных дакументаў і нават адправілі іх на электронны адрас аднаго з сілавікоў. Аднак і гэтага аказалася мала – сталі патрабаваць ліцэнзію на выданне, хаця ім патлумачылі, што наклад часопіса складае ўсяго 299 асобнікаў і пры такім накладзе ліцэнзія на выдавецкую дзейнасць не патрабуецца.

“Яны былі надта здзіўленыя, калі даведаліся, што часопіс выдадзены ў Беларусі афіцыйна”, – зазначае Нік Анціпаў.

У сваю чаргу арганізатары мерапрыемства спрабавалі высветліць прычыны такой пільнай увагі сілавікоў да шэраговага мерапрыемства.

“Да нас паступілі скаргі, што вы тут будзеце разбэшчваць моладзь, паказваць вычварэнскія відэаролікі”, – адказалі яны, а адзін з супрацоўнікаў удакладніў: “А раптам вы тут будзеце займацца прапагандай гомасэксуалізма?”

Аргументы і тлумачэнні, што тут адбываецца ўсяго толькі прэзентацыя на іх, здавалася, не дзейнічалі. Параіўшыся, запатрабавалі гучна абвясціць, каб усе асобы, якім не споўнілася 18 год, пакінулі памяшканне. Некалькі чалавек выйшлі.

Пад час прэзентацыі супрацоўнікі міліцыі фатаграфавалі дэманстрацыю слайдаў і ўдзельнікаў мерапрыемства, а затым, на развітанне, забралі асобнік часопіса са словамі:  “на… экспертызу”. Аніякіх дакументаў, у тым ліку пратаколу выняцця друкаванай прадукцыі, пры гэтым не складалі.

Нік Анціпаў каментуючы ўчорашняе здарэнне, не хавае сваёй трывогі і разгубленасці ад сапсаванага мерапрыемства.

“Не зразумела, чаму яны прыйшлі да нас на публічнае мерапрыемства? Нам не паказалі ніякіх заяў, што мы камусьці перашкаджаем, альбо вядзем гомасэксуальную прапаганду. Невядома цяпер, якім будзе лёс нашага часопіса, якія там будуць вынікі экспертызы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства