Глабальны наступ на грамадзянскую супольнасць: пяць несуцяшальных тэндэнцый Фота

2017 2017-12-05T17:01:39+0300 2017-12-06T23:09:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dahle-forum2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы з розных краінаў і кантынентаў сышліся ў разуменні таго, што ў цяперашні час адбываецца глабальны наступ на грамадзянскую супольнасць. Пра гэтую з’яву таксама кажуць як пра “скарачэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці”. Сітуацыя, даўно знаёмая беларусам, зараз імкліва пашыраецца па ўсім свеце.

Месца правоў чалавека ў глабальным парадку дня змяняецца. З’яўляюцца новыя выклікі, і ў тым ліку правы чалавека робяцца мішэнню для новых атак. З’яўляюцца новыя адказы праваабарончай супольнасці на гэтыя новыя выклікі. Як міжнародны кантэкст уплывае на становішча правоў чалавека ў Беларусі? Як змены ў сусветным палітычным парадку дня адбіваюцца на ўмовах працы праваабаронцаў унутры краіны?

На гэтае пытанне спрабавалі адказаць удзельнікі дыскусіі “Правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксце”, якая ладзілася ў кастрычніку на форуме праваабаронцаў у Вільні. Як адзначыў мадэратар дыскусіі і прадстаўнік Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, гэтая тэма перспектыўная і патэнцыйна вельмі прадуктыўная. Важна, каб абмеркаванне і ўсведамленне гэтых пытанняў працягвалася і па-за межамі асобна ўзятага мерапрыемства.

Удзельнікі дыскусіі пра правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксце
Удзельнікі дыскусіі пра правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксце

Таму цягам тыдня, які набліжае нас да Дня правоў чалавека, сайт ПЦ “Вясна” публікуе выступы дыскутантаў.      

Цыкл публікацый распачынае выступ Марыі Дале, выканаўчай дырэктаркі Фонду Дамоў правоў чалавека (Осла, Нарвегія). Міжнародная экспертка абазначыла негатыўныя тэндэнцыі, якія сёння вызначаюць становішча праваабаронцаў у розных краінах свету і задакументаваныя міжнароднымі праваабарончымі НДА і міжурадавымі арганізацыямі.

Тэкст падаецца ў перакладзе ПЦ “Вясна” з англійскай мовы.

Марыя Дале

“Я спынюся на пяці тэндэнцыях, якія пацвярджаюць працэс скарачэння прасторы для грамадзянскай супольнасці. Яны заснаваныя на праваабарончым падыходзе [падыход, пры якім тое, што адбываецца, разглядаецца з перспектывы чалавека, праз прызму фундментальных правоў чалавека – рэд.] і звязаныя з правамі і свабодамі, якія суб'екты грамадзянскай супольнасці і праваабаронцы маюць і якімі яны павінны карыстацца.  

Карныя захады ў дачыненні да праваабаронцаў. Гэта, як правіла, вусныя і фізічныя атакі, сачэнне, пагрозы, паклёпніцкія кампаніі супраць праваабаронцаў. Існуюць прававыя захады, створаныя для абмежавання магчымасцяў іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Таксама выкарыстоўваюцца бюракратычныя інструменты супраць тых, хто займаюцца абаронай правоў чалавека. Яны ўключаюць у сябе празмерна  бюракратызаваныя працэдуры рэгістрацыі праваабаронцамі НДА (вы добра знаёмыя з гэтым у Беларусі), строгі кантроль і абмежаванне ім доступу да замежнага фінансавання, крыміналізацыю іх незарэгістраванай дзейнасці. І гэта пашыраецца па ўсім свеце.  

Такім чынам, на глабальным узроўні мы бачым, што праваабаронцы могуць у любы момант стаць ахвярамі сфабрыкаваных абвінавачванняў, высунутых супраць іх за законную дзейнасць у галіне правоў чалавека. Тыповыя абвінавачванні ўключаюць хуліганства, ухіленне ад выплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва і дзяржаўную здраду, за што існуе адказнасць у выглядзе зняволення як мінімум на сем гадоў.  

Абазначаную тэндэнцыю мы назіраем у Расіі, Беларусі і Азербайджане. Яна паўстала і пашырылася менавіта ў гэтым рэгіёне. І многія кажуць, што ўсё арганізавала Расія. Менавіта таму мы ўважліва сочым за тым, што адбылося і адбываецца ў гэтай частцы свету.

Жахлівы прыклад такога пакарання цяпер ёсць у Турцыі. Там нашыя калегі, дзесяць праваабаронцаў, улетку былі арыштаваныя ў час наведвання сустрэчы, падобнай на гэтую нашую з вамі. І цяпер іх абвінавачваюць у дапамозе ўзброенай тэрарыстычнай арганізацыі, удзеле ў незаконнай дзейнасці і шпіянажы. На наступным тыдні адбудуцца суды, і ім пагражае да пяцідзесяці гадоў пазбаўлення волі [выступ Марыі Дале адбываўся 20 кастрычніка, а суды над праваабаронцамі ў Турцыі распачаліся 25 кастрычніка – рэд.].

Абмежаванне доступу да фінансавання для праваабарончых арганізацый. Гэта асаблівая форма карных захадаў у дачыненні да праваабарончых НДА. Мы ўжо казалі, што скарыстоўваецца супраць асобных людзей, а цяпер пераходзім да арганізацый. Чаму гэта так важна? Таму што такія абмежавальныя меры перашкаджаюць аўтаноміі, устойлівасці і здольнасці праваабарончых арганізацый выконваць сваю працу.

Гэта вельмі эфектыўны механізм, паколькі праваабарончыя арганізацыі ў краінах, дзе ён выкарыстоўваецца, залежаць ад знешняга фінансавання. Забярыце, абмяжуйце замежнае фінансаванне – і атрымаеце вельмі добры эфект, калі жадаеце перашкодзіць іх дзейнасці.  

Закон аб «замежных агентах», прыняты ў Расіі, затым распаўсюдзіўся на іншыя краіны. Падобнае мы бачым у Індыі, Інданэзіі, Егіпце, Емене, Ізраілі і Азербайджане. Цікава паглядзець, што адбылося ў гэтых краінах, чаму там былі створаны гэтыя механізмы? Апраўданнем уладаў з'яўляецца неабходнасць забеспячэння празрыстасці і падсправаздачнасці НДА.

З нашага пункту гледжання, улады выкарыстоўваць гэтыя абмежаванні, каб кантраляваць незалежную палітычную дзейнасць у краіне, і яны не прымаюць незалежнай ролі грамадзянскай супольнасці, легітымнай ролі і працы праваабаронцаў. Гэтыя абмежаванні павінны перашкодзіць вырашэнню праблемаў, якія ўлады хочуць кантраляваць, забіраючы рэсурсы ў канкрэтных праваабарончых арганізацый.  

Абмежаванне прасторы для незалежнай грамадзянскай супольнасці на глабальным узроўні з’яўляецца яшчэ адной тэндэнцыяй.

Выступ Марыі Дале падчас дыскусіі

Прасоўванне так званых традыцыйных каштоўнасцяў і неліберальных дэмакратый. Паралельна з абмежаваннем магчымасцяў замежнага фінансавання для грамадзянскай супольнасці, ужываюцца захады, якія прасоўваюць так званыя традыцыйныя каштоўнасці і неліберальныя дэмакратыі. У 2009 годзе ў Савеце па правах чалавека ААН Расіяй было ўведзенае паняцце традыцыйных каштоўнасцяў. І пасля гэтага еўрапейскія краіны - напрыклад, Венгрыя, Польшча - пачалі сцвярджаць, што іх версіі дэмакратыі не адпавядаюць заходняй версіі. Мы бачым рост папулізму палітычных лідараў, якія сцвярджаюць, што яны гавораць ад імя народа. І мы бачым, што яны паслядоўна выступаюць супраць замежнікаў, меншасцяў, жанчынаў і лібералаў. І гэта тэндэнцыя пашыраецца.

Такія ўрады прасоўваюць свае ўласныя культурныя нормы і хочуць выкарыстоўваць іх па-за міжнародным правам і стандартамі, па-за ўсеагульнымі правамі чалавека ў прынцыпе. Таксама яны дадаюць тое, што добра вядомае вам: сістэму, заснаваную на дазволах. Яны ствараюць правілы, каб забараніць выкарыстанне грамадскай прасторы, удзел у публічных дэбатах, а таксама магчымасці аб’ядноўвацца без іх дазволу. Калі вы не атрымалі дазволу, вам пагражае крымінальная адказнасць, вам перашкаджаюць, вас спыняюць.

Гэтыя забароны вельмі эфектыўныя, калі дзяржава жадае звузіць прастору для незалежных праваабарончых арганізацый, і спрыяць развіццю ГОНГА (недзяржаўных арганізацый, арганізаваных дзяржавай). І ў тых краінах, дзе мы бачым рост выкарыстання названых механізмаў, адбываецца павелічэнне колькасці ГОНГА, якія займаюць прастору, што раней належала незалежнай грамадзянскай супольнасці. Акрамя права даваць дазвол, прадугледжваецца дзяржаўнае фінансаванне для грамадзянскай супольнасці. Хто атрымлівае дзяржаўнае фінансаванне? Незалежная грамадзянская супольнасць? Не. ГОНГА!

Такім чынам, як бачым, існуюць вельмі складаныя і разнастайныя механізмы забеспячэння прасторы для тых, хто падтрымлівае ўлады, а таксама супрацьдзеяння, абмежавання, застрашэння, кантролю незалежных галасоў і падаўлення крытычных поглядаў. Нязгодныя — тыя, каго хочуць пазбыцца. Бо мэта - прымусіць замаўчаць у грамадстве ўсіх, хто патрабуе зменаў у дзяржаўнай палітыцы, якая парушае абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека. Таксама ўлады хочуць спыніць тых, хто робіць парушэнні правоў чалавека бачнымі за мяжой, у міжнародных арганізацыях. Такое мы бачылі ў Азербайджане: у 2014 годзе там усіх актыўных праваабаронцаў кінулі ў турму.

Выступ Марыі Дале падчас дыскусіі

Паслабленне міжнародных механізмаў у галіне абароны правоў чалавека, ігнараванне высноваў міжнародных механізмаў кантролю, створаных для забеспячэння выканання абавязальніцтваў. Мы бачым адсутнасць супрацоўніцтва з экспертнымі механізмамі, а таксама павелічэнне палітызацыі пытанняў правоў чалавека на міжнародным узроўні. Тое, што ўлады выкарыстоўваецца на нацыянальным узроўні, пераносіцца і на міжнародны ўзровень — абмяжоўваецца прастора для незалежных меркаванняў.

Існуе прыток ГОНГА, якія займаюць месцы на міжнародных форумах, кажучы тое ж самае, што і іх уласны ўрад, і падтрымліваючы гэты ўрад. Мы бачым павелічэнне рэпрэсій супраць незалежных галасоў, якія супрацоўнічаюць з міжнароднымі арганізацыямі. Гэтая тэндэнцыя выбухнула ў апошнія гады.

Выступ Марыі Дале падчас дыскусіі

Усё значна пагоршылася. І гэта гучыць вельмі змрочна. Але, як мы памятаем,  трыццаць гадоў таму існавалі лічаныя суб'екты грамадзянскай супольнасці. Зараз жа мы знаходзімся ў цалкам іншай сітуацыі. І мы не павінны быць празмерна песімістычнымі, нягледзячы на ​​ўсе складанасці.   

Будзьце цярплівымі, будзьце смелымі, будзьце паслядоўнымі, шукайце новых людзей. Будзьце адкрытымі для новых людзей і меркаванняў на нацыянальным узроўні і будзьце самакрытычнымі.  

Мы прызвычаіліся думаць, што мы вельмі добрыя, і ганарымся тым, што робім правільныя рэчы ў грамадстве, займаемся абаронай правоў чалавека, хоць гэта вельмі небяспечна.

Таксама мы павінны паклапаціцца аб тым, як мы сябе паводзім, каб не займаць дарэмна праваабарончую прастору".


IV Беларускі праваабарончы форум, які праходзіў 20 - 21 кастрычніка ў Вільні, сабраў прадстаўнікоў 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцаў, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, экспертаў, замежных і міжнародных партнёраў, каб абмеркаваць актуальны парадак дня і вызначыць прыярытэты для далейшай працы і развіцця праваабарончага сектару краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства