Алесь Бяляцкі: Мы чакалі фактаў

2017 2017-12-01T09:18:17+0300 2017-12-01T09:25:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

Крымінальная справа “Белага легіёна” спыненая. Пра гэта заявіў кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч, паведаміўшы, што крымінальны пераслед спынены да ўсіх фігурантаў, што праходзілі па справе “Белага легіёна”.

Пра акалічнасці крымінальнай справы, якая вядомая як „Справа патрыётаў” або справа “Белага легіёна” Беларускаму Радыё Рацыя распавядае старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі:  

– Мы памятаем на пачатку 2017 года была цэлая хваля сацыяльных акцый пратэсту, якая вельмі турбавала ўлады. Цэнтральнай акцыяй актывісты дэмакратычнай апазіцыі абвяшчалі 25-га сакавіка, і пад гэту акцыю адбылася гэтая так званая “Справа патрыётаў” ці справа “Белага легіёна”, яе па-рознаму называюць. Справа, скажам так, актывістаў, якія ўдзельнічалі ў розных фарматах грамадскай актыўнасці. Па гэтай справе ў розныя часы было арыштавана 36 асобаў, якія складалі чатыры групы. Там была група клуба “Патрыёт”, які займаўся патрыятычным выхаваннем у Бабруйску, быў зарэгістраванай арганізацыяй. Такіх клубаў зараз у нас даволі багата па ўсёй Беларусі. Ён выдзяляўся толькі тым, што сам працэс адукацыі там адбываўся на беларускай мове, у адрозненні ад прарасейскіх, пан-славянскіх клубаў, якіх у нас таксама дастаткова багата ў Беларусі. Другая група – гэта былыя сябры “Белага легіёна”. Трэцяя група – гэта група Зміцера Дашкевіча і “Маладога фронта”, якія перад гэтым актыўнічалі ў абароне Курапатаў, у іншых сацыяльных і вельмі такіх гучных акцыях, і дабіваліся поспеху. Відавочна ўлады, у першую чаргу спецслужбы, мелі зуб на Зміцера Дашкевіча і “Малады фронт”. Ну і чацьвёртая – гэта два сацыял-дэмакраты, паплечнікі Міколы Стакевіча, якія дапамагалі яму хавацца перад акцыяй 25 сакавіка. Вядома, што ён адчуваў, што яго могуць арыштаваць у любую хвіліну. Вось такі збор абсалютна розных людзей, групаў, больш палітычных, менш палітычных, быў сабраны ў так званую “Справу патрыётаў”.

РР: У чым абвінавачвалі арыштаваных фігурантаў гэтак званай “Справы патрыётаў”?

– Там прагучалі вельмі сур’ёзныя абвінавачванні ў стварэнні незаконнай ваенізаванай групоўкі. Другое абвінавачванне, гэта падрыхтоўка масавых беспарадкаў, і ў розных фарматах гэтыя абвінавачванні віселі над галовамі ўсіх фігурантаў гэтай справы. Хтосьці быў выпушчаны без прад’яўлення абвінавачвання, у прыватнасці сябры “Маладога фронта”, камусьці гэтыя абвінавачванні прад’явілі і розныя тэрміны зняволення гэтыя людзі адбылі.

РР: Як паставіліся да “Справы патрыётаў” праваабаронцы?

– Мы, праваабаронцы не спяшаліся з ацэнкай гэтай справы таму, што абвінавачванні былі дастаткова сур’ёзнымі. Мы чакалі фактаў, што ўскрыецца, што зможа прад’явіць КДБ падчас расследавання гэтай справы. Па ходу апроч прапагандысцкіх ролікаў і голых заяваў ніякай сур’ёзнай фактуры прад’яўлена не было. Таму зараз закрыццё гэтай справы з’яўляецца дастаткова лагічным, але вялікае палітычнае адценне ва ўсёй гэтай справе. Мы заяўлялі пра гэта з самага пачатку, калі гэта справа пачыналася. Потым, калі не было доўгі час інфармацыі пра ўмовы ўтрымання зняволеных, мы таксама казалі, што асаблівую ўвагу трэба звяртаць на гэтую справу. Урэшце ў рэзалюцыі IV праваабарончага форума беларускіх праваабаронцаў таксама ёсць патрабаванне безумоўнага вызвалення фігурантаў палітычных спраў, якіх у нас дзве за гэты год было. Гэта так званая “Справа патрыётаў” і справа супраць лідараў прафсаюза РЭП, якая яшчэ цягнецца, яна не спынена, яна цягнецца. Там на жаль ідуць следчыя дзеянні, якія могуць прывесці да суда.

РР: Чаму ўсё ж такі “Справа патрыётаў” была спынена менавіта цяпер?

– Гаворачы, ацэньваючы чаму гэта справа была спынена, мабыць тут трэба назваць тры асноўныя фактары, якія напрошваюцца самі сабой. Па-першае, гэта слабая доказная база, якая была сабрана КДБ па гэтых абвінавачваннях. Пра ўдзел у масавых беспарадках увогуле гэты артыкул паступова затух зусім, у нішто ператварыўся. Па ўтварэнні незаконнага ўзброенага фармавання таксама ніякіх доказаў уцямных прадстаўлена не было. Відавочна, што ўважлівы маніторынг пра які было заяўлена і беларускімі праваабаронцамі, і міжнародным дыпламатычным корпусам, і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, засведчылі пра тое, што сама хада судовага працэса магла пайсці далёка не па тым шляху, не па той дарозе, якія задавальнялі б беларускія ўлады. Такі прысуд вельмі верагодна атрымаў бы ацэнку, як прысуду палітычна матываванага, і асуджаныя сталі б палітычнымі зняволенымі, што на сённяшні дзень беларусікм уладам надта не выгадна. Вось гэта другі момант, паляпшэнне адносін з Еўразвязам і вымушаная пазіцыя беларускіх уладаў усё ж такі трымаць рукі ў кішэнях, не распускаць гэтыя рукі ў дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі, да сваіх уяўных ці сапраўдных апанентаў. У дадзенай сітуацыі яны таксама вырашылі спусціць гэту справу на тармазах, каб не выклікаць вялікай увагі да гэтай справы з боку міжнароднай супольнасці. Трэці момант, гэта адназначная пазіцыя беларускай грамадскасці, і праваабаронцаў, і прадстаўнікоў іншых грамадскіх арганізацый, і палітычных партый, якія рэзка негатыўна ацэньвалі гэту палітычную справу. Яны ацэньвалі яе, як спробу задушыць грамадскія хваляванні, якія былі вясной гэтага года, і спробу абмежаваць правы беларускіх грамадзян, у першую чаргу права выказвання і права свабоды сходаў. Таму мы задаволеныя тым, што гэта справа так скончылася.  

***

Як паведамляе афіцыйны сайт Следчага камітэта Беларусі, папярэдняе расследаванне па гэтай справе завершанае. Прынята рашэнне пра спыненне крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў справы так званага „Белага легіёна”. Следчы камітэт лічыць, што гэтым пастаўлена кропка. Матэрыялы накіраваны пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства