Іван Наскевіч: Пастаўлена кропка ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках
Афіцыйны сайт Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь паведамляе 30 лістапада:
Папярэдняе расследаванне па гэтай справе завершанае. 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну». Мы лічым, што гэтым пастаўлена кропка. Матэрыялы накіраваны пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Фігуранты пачалі азнаямленне з пастановай аб спыненні крымінальнай справы і яе матэрыяламі.
Нагадаем, што спачатку крымінальны пераслед фігурантаў справы аб масавых беспарадках спыніла КДБ. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы з першапачаткова затрыманых 30-ці, Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў.
Тады ж падазраваных па справе паступова выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Расследванне справы ў верасні працягнулі. А нядаўна старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч абяцаў «на працягу восені» паставіць кропку у гэтай справе.
Пакуль яшчэ ні адвакаты фігурантаў справы ні самі абвінавачаныя са спыненнем крымінальнага пераследу афіцыйна не азнаёмленыя.
Нагадаем, крымінальная справа па ч.3 арт.293 КК была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з- пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў.
Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. Крымінальны пераслед, аднак, спынены не быў.
Праваабаронцы паслядоўна заклікалі спыніць гэты "тэатр абсурду". Так, 21 кастрычніка 2017 года удзельнікі IV Беларускага праваабарончага форума прынялі Рэзалюцыю аб сітуацыі з правамі чалавека, у якой асобным пунктам запатрабавалі "спыніць крымінальны пераслед абвінавачаных па крымінальнай справе «аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» і лідэраў незалежнага прафсаюза РЭП".