viasna on patreon

Правацэнтрысты вызначыліся з прыярытэтамі пры правядзенні выбарчай кампаніі-2018

2017 2017-11-22T13:44:42+0300 2017-11-22T14:59:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravacettrysty-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі пад час прэс-канферэнцыі, прысвечанай мясцовым выбарам. Фота: ПЦ "Вясна"

Прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі пад час прэс-канферэнцыі, прысвечанай мясцовым выбарам. Фота: ПЦ "Вясна"

Правацэнтрысцкая кааліцыя заявіла пра актыўны ўдзел у мясцовых выбарах у межах кампаніі назірання “Права выбару-2018”.

Пры гэтым, па словах сустаршыні партыі БХД Віталя Рымашэўскага, кааліцыя ставіць перад сабой тры стратэгічныя задачы. Першая: вылучэнне больш за сотню моцных і надзейных кандыдытаў, якія здольныя правесці пераможныя кампаніі і перамагчы ў выбарах, або, у выпадку  выкарыстання ўладамі практыкі “прызначэння” дэпутатаў адзначыць фальсіфікацыі на сваіх акругах. Другая: далучэнне і падтрымка новых актыўных людзей, якія праз выбары змогуць папоўніць шэрагі сябраў суб’ектаў кааліцыі і назіральнікаў. Трэцяя:  спроба ўзмацніць мэтавыя кампаніі партый-удзельніц кааліцыі, якія праводзяцца ў тых ці іншых акругах у міжвыбарчы перыяд і магчымасць шляхам правядзення агітацыйнай кампаніі яшчэ раз агучыць свае галоўныя патрабаванні да ўладаў. Бо за час, які прайшоў ад мінулых парламенцкіх выбараў, удзельнікамі  кааліцыі было пададзена некалькі соцен заявак на правядзенне пікетаў па сацыяльных, экалагічных і іншых праблемах. З іх былі задаволеныя толькі чатыры. Таму нельга не скарыстацца магчымасцямі, які дае агітацыйная кампанія.

Віталь Рымашэўскі. Фота: ПЦ "Вясна"
Сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

На прэс-канферэнцыя, якая адбылася 22 лістапада ў Мінску,  Правацэнтрысцкую кааліцыю прадстаўлялі старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

“Кааліцыя правяла грунтоўную падрыхтоўчую працу, каб узяць годны ўдзел у выбарчай кампаніі 2018 года, – адзначыў лідар Руху “За Свабоду Юрась Губарэвіч. – Найперш, гэта падрыхтоўка Праекту Закона аб зменах і дапаўненнях у выбарчае заканадаўства, які былі перададзены ўладам у першая палове гэтага года. Аднак у Цэнтрвыбаркама, які спасылаецца не недахоп часу, папросту не хапіла жадання нешта мяняць. Таму вынікі гэтых выбараў наўрад ці будуць легітымнымі".

Юрась Губарэвіч. Фота: ПЦ
Лідар Руху “За Свабоду Юрась Губарэвіч.

Сярод праблем, якія паўстануць пры правядзенні чарговай выбарчай кампаніі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька выдзяляе асобна вялікі недавер электарату да “справядлівых і празрыстых” выбараў.  Палітык прывёў лічбы аднаго з апытанняў, у якім прынялі ўдзел каля 7 тысяч карыстальнікаў акаунтаў у сацыяльных сетках. Згодна з апытанкай,  каля 70% рэспандэнтаў абралі наступны адказ: “Не прыму ўдзел у выбарах, паколькі справядлівыя выбары адсутнічаюць”.

“Важна таксама дамагацца спынення заганнай практыкі “прызначэння” дэпутатаў, нават тады, калі ўлада можа “прызначыць” аднаго-двух прадстаўнікоў апазіцыі”, – адзначае палітык.

Сярод стрымліваючых фактараў больш шырокага ўдзелу ў мясцовых выбарах была адзначаная заангажаванасць многіх патэнцыйных кандыдатаў, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе і таму могуць мець магчымыя праблемы па месцы сваёй працы.

Анатоль Лябедзька. Фота: ПЦ
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька

Тым не меней, агулам Правацэнтрысцкая кааліцыя  плануе вылучыць некалькі соцен кандыдытаў у дэпутаты на мясцовыя выбары 2018 года.

Што тычыцца непасрэдна арганізацыі паўнавартаснага назірання, то па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, на выбарчых акругах, дзе будуць балатавацца прадстаўнікі кааліцыі, удасца стоадсоткава закрыць па некалькі выбарчых участкаў.  Прадстаўнікі кааліцыі пры гэтым кажуць, што непасрэдна ў дзень галасавання колькасць назіральнікаў на выбарчых участках можа быць істотна большая.


 «Права выбару» — супольная кампанія грамадскіх структур і палітычных партый па назіранні за выбарамі. У кампанію назірання “Права выбару-2018” уваходзяць восем арганізацый: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская дэмакратыя,  Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні Партыі Свабоды і прагрэса, Рух “За свабоду” і незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Па некаторых пытаннях існуе асобная каардынацыя з Партыяй левых “Справядлівы Свет”. Акрамя назірання за выбарамі  «Права выбару» шчыльна працуе з кандыдатамі, якія прадстаўляюць суб’ектаў кампаніі. Правацэнтрысцкая кааліцыя ўзнікла восенню 2015 года, у ёй удзельнічаюць Рух "За Свабоду", Аб’яднаная грамадзянская партыя і “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства