viasna on patreon

У пракуратуру накіравана заява з нагоды прымусовай уборкі льну на Гомельшчыне

2017 2017-11-06T15:04:18+0300 2017-11-06T19:29:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-by_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў скаргу ў пракуратуру Гомельскай вобласці з тым, каб яна правяла праверку па факту прымусовай працы па ўборцы льну на палях сяльгаспрадпрыемстваў Кармянскага, Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў.

Падставай для скаргі стала перапублікацыя ад 3 лістапада на інтэрнэт-партале TUT.by матэрыяла з інфармагенцтва БелаПАН пад назвай “Учителей, студентов и работников гомельских предприятий отправляют “всем миром” спасать лён”. У артыкуле быў змешчаны і каментар прадстаўніка Гомельскага аблвыканкама з інфармацыяй пра тое, што 31 кастрычніка было прынята адпаведнае рашэнне аблвыканкама “Аб усебаковай дапамозе ТАА “Гомельлён”.

“Варта адзначыць, што ўсе гэтыя сельскагаспадарчыя працы адбываюцца ў працоўны і вучэбны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць тыя працоўныя абавязкі, які прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі (наймальнікамі) працоўнымі дамовамі, а студэнты знаходзіцца на занятках у ВНУ.

На маю думку дадзеная інфармацыя сведчыць аб парушэнні законнасці  з боку Гомельскага аблвыканкаму, якое заключаецца ў арганізацыі прымусовай працы грамадзян мабілізацыйнага характару ў мэтах эканамічнага развіцця вобласці. Дадзеная інфармацыя патрабуе  неадкладнага правядзення пракурорскай праверкі і рэагавання”, - падкрэслівае Валянцін Стэфановіч у сваім звароце.

Ён адзначае, што падобныя распараджэнні райвыканкамаў парушаюць не толькі міжнародныя нормы права, якія забараняюць прымусовую працу і разумеюць у якасці такой не толькі працу пад пагрозай якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, але і любую іншую абавязковую працу, але і нацыянальнае заканадаўства.

Так, паводле арт. 20 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, наймальнік не мае права патрабаваць ад працаўніка выканання працы, якая не абумоўленая працоўнай дамовай, за выключэннем выпадкаў вытворчай неабходнасці: прадухілення катастрофы, вытворчай аварыі ці неадкладнай ліквідацыі іх наступстваў альбо наступстваў стыхійнага бедства, прадухілення няшчасных выпадкаў, прастоя ці псавання маёмасці і ў іншых выключных выпадках, а таксама для замяшчэння працаўніка, які адсутнічае. Пры гэтым супрацоўнік не можа быць пераведзены на працу, якая супрацьпаказаная яму па стане здароўя.

“Такім чынам, працы па прыборцы лёну на палях ТАА “Гомельлён”  не ўтвараюць вытворчай неабходнасці для тых ВНУ, прадпрыемстваў і ўстановаў г. Гомеля, якія накіроўвалі сваіх супрацоўнікаў і студэнтаў на яго прыборку ў шэрагу раёнаў вобласці, а немагчымасць арганізаваць прыборку лёну сіламі сяльгаспрадпрыемстваў не з’яўляецца наступствамі стыхійнага бедства, няшчасным выпадкам ці катастрофай”, - прыходзіць да высновы Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца просіць пракуратуру Гомельскай вобласці правесці праверку па ўказаных у заяве фактах аб магчымых парушэннях законнасці і правоў грамадзян у Гомельскай вобласці, прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў службовых асобаў Гомельскага аблвыканкама і кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія накіравалі сваіх супрацоўнікаў на працу па прыборцы льну, а таксама прыцягнуць вінаватых да адказнасці і прыняць неабходныя меры, скіраваныя на недапушчэнне падобных парушэнняў у будучым.

Гэта не першы выпадак, калі Валянцін Стэфановіч прыцягвае ўвагу пракуратуры да праблемы прымусовай працы і парушэння працоўнага заканадаўства. Так, праваабаронца звяртаўся з неаднаразовымі заявамі ў пракуратуру Мінскай вобласці па факце гібелі вучаніцы Маладзечанскай школы Вікторыі Папчэні на прыборцы бульбы 29 верасня 2016 года, а таксама па факце прымусовай працы на прыборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне ў лістападе 2016 года, сенакосу ў Глускім раёне ў чэрвені таго ж году і інш. Валянцін Стэфановіч не аднойчы падкрэсліваў, што прымусовая праца ў Беларусі носіць сістэмны і сістэматычны характар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства