viasna on patreon

У Полацку затрымлівалі ўдзельнікаў малітвы за рэпрэсаваных  

2017 2017-11-02T08:31:14+0300 2017-11-02T08:32:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belchycy-kryzh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Памятны крыж у Бельчыцах. Фота: Радыё Свабода.

Памятны крыж у Бельчыцах. Фота: Радыё Свабода.

 

Для ўніятаў Полацку і звычайных месцічаў стала ўжо завядзёнкай адзначаць Восеньскія Дзяды малітвай ля крыжа, пастаўленага ва ўшанаванне ахвяраў сталінізму. Але сёлета людзей, што прыйшлі з кветкамі і знічкамі на могілкі ў Бельчыцах, на ўскрайку якіх усталяваны памятны крыж, ужо чакалі: побач стаяў цывільны аўтамабіль з невядомымі ўнутры.

Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", перашкодаў малітве яны не чынілі, але па завяршэнні набажэнства аўто рушыла ўслед за тымі, хто прыехаў на імпрэзу на ўласных машынах. Распавядае палачанін Мікола Шарах:

– Я ўбачыў, як метрах у пяцідзесяці ад крыжа адну з машынаў спынілі. Я падышоў і запытаўся, што здарылася. Высветлілася, што ўдзельнікаў малебну пільнаваў са службовага транспарту сам намеснік кіраўніка мясцовай ДАІ Дзмітры Куксёнак. Менавіта ён спыніў аўтамабіль з удзельнікамі набажэнства, заявіўшы, што нібыта парушаныя правілы дарожнага руху, бо забаронена таніраваць вокны транспартнага сродку.

Кіроўцу была загадана ехаць у пастарунак. Жанчын, што знаходзіліся ў салоне аўто, таксама затрымалі. Усіх прыстрашылі складаннем пратаколаў. Калі ж я пацікавіўся завошта, то сказалі, што забяруць і мяне, бо я нібыта перашкаджаю працаваць міліцыянтам, дый наогул ў цёмны час ў мяне пры сабе няма флікеру – давялося даводзіць ім, што маю права знаходзіцца без яго па-за праезнай часткай.

Паводле Міколы Шараха, праз гадзіну ўсіх затрыманых з міліцыі адпусцілі. На кіроўцу склалі пратакол, пазначыўшы ў ім не першапачатковую вэрсію затрымання, а тое, што нібыта камплектацыя аптэчкі ў аўто не адпавядае нормам. Астатніх вызвалілі без пратаколаў.

Як распавёў спадар Шарах, усе трое, каго затрымалі, – звычайныя людзі, якія ня маюць ніякага дачынення да палітычных структураў апазыцыі. Яны прыйшлі ўшанаваць памяць забітых рэжымам продкаў. Іх затрыманне, на думку Міколы Шараха, было здзейсненае з мэтай застрашыць нават тых людзей, што праяўляць якую-кольвек, хай і мізэрную, грамадзянскую актыўнасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства