viasna on patreon

Прысуд з дастаўкай «надом». Пенсіянеру Ігнацію Петручуку вынеслі прысуд у яго дома -- новы спосаб вядзення судовых паседжанняў практыкуе суддзя Вайцяховіч І. В. суда Цэнтральнага раёна г. Мінска.

2003 2003-12-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У грамадскую прыёмную ПЦ «Вясна» звярнуўся Ігнацій Уладзіміравіч Петручук, 1939 года нараджэння. 11 красавіка 2003 года пенсіянер «прырабляў» каля аўтазаправачай станцыі, што па вул. Арлоўскай, 86 г. Мінска. Займаўся, як напісана ў пастанове суда, “прадпрымальніцкай дзейнасцю ў выглядзе рэалізацыі аўтамабільнага паліва – бензіна А-92 у колькасці 60 літраў і дызельнага паліва -- 30 літраў. ”Неўзабаве на яго па факце незаконнай рэалізацыі быў складзены пратакол і скіраваны ў суд. Прыйшла павестка. Аднак у час да судовага паседжання І. Петручук сур'ёзна пашкодзіў сабе нагу. З прычыны складанага пералому ён правёў каля месяца на лячэнні ў Інстытуце траўматалогіі, дзе яму зрабілі аперацыю, а пасьля доўгі час знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў гарадской паліклініцы №30. Суд над правапарушальнікам ўвесь час адкладаўся. Аднак хвароба не стала перашкодай для судовай сістэмы.

4 лістапада 2003 года суддзя па адміністратыўных справах Цэнтральнага раёна г. Мінска Вацяховіч І. В. і сакратар Манарчык О. Н. прыйшлі ў кватэру І. Петручука і паведамілі гаспадару, што будуць праводзіць выяздное судовае паседжанне. Пенсіянер разгубіўся, адказаў, што не можа прыняць у ім удзел з-за дрэннага самаадчування, але суддзю і сакратара ў хату пусціў. І. Вацяховіч патлумачыўшы, што трэба дадзеную справу тэрмінова разгледзіць, пачала работу. Петручук І. У. адмовіўся адказваць на пытанні датычных яго віны і абставін справы, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Вынік суда «у хатніх умовах» -- штраф пенсіянеру у памеры 20 базавых адзінак (330 тыс. рублёў).

Разгледжанне справы дома, а не ў памяшканні суда Цэнтральнага р-на выклікала разгубленасць ў гаспадара кватрэры. На запыт аб законнасці такога працэсу пасля яго завяршэння суддзя адказала, што Петручук “мог яе і не пускаць, але паколькі гаспадар кватэры яе пусціў, то ўсе дзяенні маюць законны характар”.

Мы папрасілі пракаментаваць дадзены выпадак юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча:

- У якім выпадку заканадаўствам прадугледжваецца выяздное судовае паседжанне?
- Само паняцце “выязднога судовага паседжання” ўтрымліваецца толькі ў крымінальна-працэсуальным Кодэксе. Такая мера прадугледжаная, калі ў месцах зняволення, напрыклад, у калоніі, было здзейснена злачынства і там ёсць неабходнасць разгляду крымінальнай справы. У грамадзянскім Кодэксе такая мера адсутнічае. Прадугледжаны толькі выезд суда для агляду памяшкання пры разглядзе грамадзянскай справы, нешта кшталту “экспертызы на мясцовасці”. У адміністратыўным Кодэксе напісана, што справа разглядаецца альбо па месцы здзяйснення правапарушэння, альбо ў судзе па месцы жыхарства правапарушальніка.

- У якім выпадку суддзя і прадстаўнікі выканаўчых органаў могуць заходзіць ў прыватнае жытло грамадзян?

- Недатыкальнасць жытла гарантаваная Канстытуцыяй, уваходзіць туды мае права толькі абмежаванае кола асобаў пры наяўнасці адпаведных дакументаў і ў выпадках прадугледжаных дзеючым заканадўствам. Гэта супрацоўнікі міліцыі, калі ёсць падставы меркаваць, што дадзеным памяшканні здзейснена, альбо рыхтуецца злачынства. Альбо пры наяўнасці санкцыі пракрурора пры правядзенні аператыўных следчых мерапрыемстваў. Судовы выканаўца мае права заходзіць у памяшканне пры выкананні сваіх функцый, таксама пракурорскія работнікі. Больш ніхто заходзіць не можа, таму ў гэтым выпадку мае месца парушэнне Канстытуцыі ў галіне недатыкальнасці жытла. Ніхто не ўпаўнаважваў суд уваходзіць у жылое прыватнае памяшканне.

Суддзя сваёй пастановай магла б падвергнуць І. Петручука прымусоваму прыводу на суд. Ніхто не перашкаджаў ёй гэта зрабіць пры дапамозе ўчастковага. Я лічу, што яна значна перавысіла свае паўнамоцтвы. Ёсць закон аб статусе суддзяў. Суддзя пры разглядзе справы павінен кіравацца гэтым законам, і гарантаваць правы асобы.

- Ці можа рашэнне суда у такіх умовах мець законны характар?
- Я лічу, што ў дадзеным выпадку мела месца сур’ёзнае парушэнне правоў чалавека і таму пастанова суда з’яўляецца незаконнай. Петручук не з'яўляўся ў суд таму, што быў хворы, гэта чалавек у даволі сталым узросце, у яго пераломаная нага, высокая тэмпература. З прычыны гэтага захворвання яму могуць даць інвалідную групу. Ён аб’ектыўна не мог з’явіцца на судовы працэс. Ён не хаваўся, званіў у суд і казаў, што хварэе і мае даведкі.

-Чым, на ваш погляд, такія дзеянні могуць быць абумоўлены?
- Мне здаецца, што гэта ўсё абумоўлена той сітуацыяй, якая ў нас зараз у краіне існуе, калі ўлады паказваюць прыклад беззаконня і адвольнага трактавання законаў, і да таго ж карыстаюцца тым, што людзі проста не ведаюць сваіх правоў. Я такога ніколі не чуў. Напэўна, ў краіне ўпершыню такое здзейснілася -- каб дадому прыходзілі і судзілі.

- Што плануе зараз прадпрыняць Ігнацій Петручук?
- Была пададзена скарга на імя старшыні Мінскага гарадскога суда. Яна ўжо прынятая да вытворчасці, нам прыйшло паведамленне, што яе атрымалі. Мы прасілі прыпыніць пастанову суда, але пакуль прыпынення няма. Будзем чакаць вынікаў і пры любым раскладзе, нават калі Мінскі гарадскі суд не задаволіць нашу скаргу, і пакіне яе без руху, мы будзем звяртацца далей на імя старшыні Вярхоўнага суда. Я лічу, што ў гэтым выпадку мела месца вельмі сур’ёзнае парушэнне.

Дадатак

У скарзе, якую Петручук накіраваў старшыні Мінскага гарадскога суда, адзначана: “з той прычыны, што я з’яўляюся сталым чалавекам, інвалідам, я вельмі цяжка перажываў атрыманы пералом нагі. Нага балела, рэгулярна падымалася тэмпература. У сувязі з гэтым я не мог у поўнай ступені скарыстаць свае правы, якія прадугледжвае заканадаўства. У прыватнасці, я не мог азнаёміцца з матэрыяламі па справе, даваць тлумачэнні, падстаўляць доказы і г.д.”

Ядвіга МАЦКЕВІЧ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства