viasna on patreon

Служба ў войску як абавязак грамадзяніна. Праваабарончы падыход

2017 2017-10-17T18:10:25+0300 2017-10-17T20:38:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-by_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гібель салдата тэрміновай службы ў вайсковай частцы Печы пад Барысавам актуалізавала праблематыку альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Абарона краіны, як і паўсюль, з’яўляецца адным з абавязкаў грамадзянаў Беларусі, замацаваным у Канстытуцыі. Аднак у галоўным законе таксама замацаванае права грамадзянаў на рэалізацыю гэтага абавязка ў іншых формах, не звязаных са службай у войску. Пашырэнне палажэнняў закона аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе і перавод войска цалкам на кантрактную сістэму забяспечаць рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй правоў на практыцы, мяркуюць праваабаронцы “Вясны”.   

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Як тлумачыць Валянцін Стэфановіч, замацаваны ў Канстытуцыі краіны ваенны абавязак не мае абсалютнага характару і можа рэалізоўвацца ў форме альтэрнатыўнай службы. Аднак Закон «Аб альтэрнатыўнай службе», які ўступіў у сілу з ліпеня 2016 года, не апраўдаў чаканняў праваабарончай супольнасці краіны, паколькі дыскрымінуе асобаў, якія адмаўляюцца ад праходжання вайсковай службы паводле матываў сумлення.  

“Па-першае, закон прадугледзеў толькі адну катэгорыю грамадзянаў, якая можа разлічваць на альтэрнатыўную службу, - паводле рэлігійных перакананняў. А паняцце “перакананні сумлення” – значна больш шырэйшае. Напрыклад, чалавека, які не з’яўляецца вернікам, але з’яўляецца прынцыповым пацыфістам, разглядае вайсковую службу як падрыхтоўку да вайны, да забойства сабе падобных, заканадаўства абавязвае служыць у войску, а за ўхіленні ад службы ён трапляе пад крымінальны пераслед. Яго могуць асудзіць нават да пазбаўлення волі”, - кажа Валянцін Стэфановіч.

У выпадку зняволення чалавека, які будзе матываваць адмову ад службы ў войску сваімі перакананнямі і будзе паслядоўна адстойваць права на альтэрнатыўную службу, у праваабаронцаў будуць падставы для прызнання яго палітычным зняволеным. Такая практыка ў Беларусі была да прыняцця закона "Аб альтэрнатыўнай службе".

“Другі аспект – тое, што тэрміны альтэрнатыўнай службы, на наш погляд, неабгрунтавана перавышаюць тэрміны службы ў войску. Асабліва, калі мы параўноўваем з такой катэгорыяй як служба ў рэзерве. Па нашым меркаванні, гэта дыскрымінацыя. Бо атрымліваецца, што асобы з антымілітарысцкімі перакананнямі павінны аддаваць доўг радзіме значна большы тэрмін, чым тыя, хто такіх перакананняў не мае. Тым больш на гэтую тэму ёсць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН”, - працягвае праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч меў на ўвазе рашэнне ў справе “Фуэн супраць Францыі (№666/1995)”, дзе КПЧ ААН прызнаў, што ўдвая большы тэрмін альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з вайсковай службай з’яўляецца дыскрымінацыяй па прыкметах перакананняў і парушэннем дзяржавай-удзельніцай артыкула 26 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага і беларускай дзяржавай.

Таксама Стэфановіч мяркуе, што прызыўная сістэма фармавання войска павінна быць скасаваная, войска павінна стаць цалкам кантрактным, прафесійным - тады яно зможа якасна выконваць сваё прызначэнне і прынамсі такія праблемы як дзедаўшчына там фактычна будуць адсутнічаць. Аднак гэта патрабуе якасна іншага падыходу дзяржавы - рэфармавання войска, яго скарачэння і аптымізацыі. Ці могуць улады Беларусі пайсці на такое – вялікае пытанне. І гэта пытанне ўжо выключна палітыкі дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства