Дзень ведаў у Слуцку для мастака Алеся Пушкіна завяршыўся трыма пратаколамі

2017 2017-10-17T08:18:35+0300 2017-10-18T10:00:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sluck-dzen-vedau-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя ў Слуцку 1 верасня. Фота: "Новы Час".

Акцыя ў Слуцку 1 верасня. Фота: "Новы Час".

Пасля «ўроку гісторыі» пра Слуцкае паўстанне супраць вядомага мастака Алеся Пушкіна распачаты 3 адміністратыўныя справы па трох артыкулах КаАП.

Як паведаміў "Новаму Часу" мастак Алесь Пушкін, сёння, 16 кастрычніка, у 11-40 да яго дамоў завітаў капітан Дзмітрый Мацкевіч з Крупскага РАУС. Капітан міліцыі ўручыў яму аж 3 адміністратыўныя пратаколы: першы — па ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне вызначанага парадку сходаў, мітынгаў і шэсцяў падчас “уроку гісторыі” ў Слуцку), другі — па ч. 2 артыкула 21.14 (парушэнне правіл утрымання населеных пунктаў), а трэці — па ч.1 артыкула 9.4 КаАП.

Мастак парушыў правілы ўтрымання населеных пунктаў, бо прымацаваў на часовым плоце, якім акружана месца рамонту Слуцкага краязнаўчага музея, ажно 3 партрэты ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну.

Алесь Пушкінтаксама будзе прыцягнуты да адказнасці згодна з часткай 1 артыкула 9.4 КаАП — за “невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаванні дзяцей, што пацягнула здзяйсненне непаўналетнім дзеі, якая змяшчае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства…”

Паколькі 8-класнік Коля таксама ажыццявіў “злачынства” — не пайшоў на лінейку ў школу, а прысутнічаў разам за бацькам у Слуцку на недазволеным “уроку гісторыі”, бацька будзе несці за гэта адказнасць.

Алесь Пушкін напісаў тлумачэнне да пратаколаў, якія датычацца “слуцкай гісторыі”. У тлумачэнні ён не лічыць сябе ў чымсьці вінаватым, “бо гэта быў яго свядомы ўчынак як бацькі, каб выхаваць сына патрыётам і каб ён практычна даведаўся пра гісторыю Случчыны”. Мастак паабяцаў, што так яны з сынам будуць рабіць і найдалей: кожны год 1 верасня будуць выязджаць у іншыя рэгіёны Беларусі, знакамітыя сваёй гістарычнай спадчынай, і праводзіць там Дзень ведаў.

Дзень, калі пачнецца суд над Алесем Пушкіным, пакуль што не вядомы. 

Нагадаем, што 16 кастрычніка суд Слуцкага раёна пакараў за акцыю 1 верасня актывістку Аліну Нагорную, прысудзіўшы ёй штраф у памеры 20 базавых велічынь, а сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска  будзе разглядацца адміністратыўная справа палітолага Алеся Лагвінца, таксама за акцыю да Дня ведаў у Слуцку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства