У Мінску АМАП уварваўся на хардкор-канцэрт. Усіх прысутных затрымалі Дапоўнена
У Мінску 14 кастрычніка прыблізна ў 18.10 у прастору «210 METROV» уварваліся супрацоўнікі АПАПу. У гэты момант у памяшканні праходзіў канцэрт "Minsk edge day 2017". Каля 50 чалавек, якія на той момант прысутнічалі на канцэрце, пасадзілі ў аўтобусы і павезлі ў РУУС Партызанскага раёну.
Вядома, што ў ліку затрыманых актывіст Вячаслаў Касінераў, мастак Максім Пякарскі, журналістка Ірына Арахоўская. Максім Пякарскі паспеў паведаміць ПЦ "Вясна", што ў адным з аўтобусаў яго і яшчэ каля 20 чалавек паклалі на падлогу і збівалі.
Пазней Ірына Арахоўская паведаміла, што яе "паставілі на расцяжку і моцна білі". Зараз Ірына Арахоўская ўжо на волі.
Усе затрыманыя знаходзяцца ў РУУС Партызанскага раёна.
Стала вядома, што каля сёмай вечара ў РУУС супрацоўнікі АМАП прывезлі ўдзельнікаў некаторых гуртоў, якія павінны былі выступаць на канцэрце. Па папярэдняй інфармацыі, затрымана 8 музыкаў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" будзе сачыць за развіццём падзей.