Суд паверыў экспертам: канфіскаваная літаратура ў Баранавічах прызнаная экстрэмісцкай

2017 2017-10-12T16:12:46+0300 2017-10-12T16:29:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/avtonom37.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Баранавічскага раёна і г. Баранавічы 12 кастрычніка прызнаў канфіскаваныя падчас налёту на сустрэчу з былым расійскім палітвязнем Аляксеем Сутугай друкаваныя выданні матэрыяламі, якія ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізма.

Зацікаўленымі асобамі ў суд былі выкліканыя актывіст Яўген Жураўскі і Аляксей Сутуга.

У спіс патрапілі 37 нумар часопіса “Аўтаном”, кніга “Зыход” і брашура “Псіхалогія допыту”, якія 29 жніўня былі накіраваныя ў Брэсцкую абласную экспертную камісію для ацэнкі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў іх прыкмет праявы экстрэмізму.

Экспертыза пастанавіла, што брашура “Псіхалогія допыта” мае ярка выражаны экстрэмісцкі характар, што пазначана ўжо ў прадмове: "наш вопыт - гэта наша зброя ў наступнай барацьбе". Увесь тэкст яе нібыта можна разглядаць як адкрытую прапаганду супраць дзяржаўнай улады, якая займаецца "масавым тэрорам".

“Мэтай дадзенага тэксту выступае псіхалагічная падрыхтоўка актывістаў з "тонкай" псіхікай, да тых катаваннях, якія ім давядзецца прайсці, пакутуючы за "правую справу", - адзначаецца ў заключэнні экспертаў.

У кнізе "Зыход" камісія разгледзела своеасаблівае “жыццеапісанне” радавога скінхэда:

“Хоць у завяршэнні аўтар прыходзіць да высновы пра бессэнсоўнасць падобнага роду жыцця "ўсё гэта - квіток у адзін канец і вяртання не будзе", азначаны твор можна адназначна прызнаць экстрымісцкім па наступных асноўных прычынах:

  • перанасычанасць рознага роду нецэнзурнымі выразамі і абразамі (прычым мэтавая аўдыторыя гэтых абразаў вельмі дыфузная, г.зн. гэта ставіцца абсалютна да ўсіх акрамя членаў канкрэтнай групы);
  • разнастайнасць апісанняў дзеянняў агрэсіўнага і гвалтоўнага характару;
  • прысутнасць у тэксце ідэй біясацыяльнага фаталізму (напрыклад: "Вашы гены і гісторыя айчыны ўжо ўтойваюць у сабе таксічны зарад, які атруціць вам ўсё наступнае жыццё"), якія выступаюць як філасофскі падмурак адкрытай прапаганды нацыяналістычных ідэй, распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці”.

Абрывак паэмы Юрыя Гаманского "Чалавечы маніфест", высены на вокладку часопіса Аўтаном №37, можна тлумачыць як матэрыял экстрэмісцкага характару, таму што ён, па меркаванні экспертаў, утрымлівае адкрытыя заклікі да барацьбы супраць "гнілой турмы дзяржавы!".

Суд прыслухаўся да довадаў экспертнай камісіі і пастанавіў прызнаць друкаваныя выданні матэрыяламі, якія ўтрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму.

Яўгену Жураўскаму яшчэ раней за сённяшняе паседжанне выдалі павестку ў суд аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.11 КаАП - "Выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Разглядаць справу будзе той жа суд Баранавічскага раёна і г. Баранавічы 19 кастрычніка ў 10.00.

Нагадаем, 27 жніўня ў Баранавічах было затрымана 15 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з былым палітвязнем Расіі, анархістам Аляксеем Сутугай.

Моладзь даставілі ў ГАУС, дзе пратрымалі ад чатырох гадзін і болей. На трох грамадзян Расійскай Федэрацыі склалі пратаколы па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”, бо пры іх было дзесяць асобнікаў часопіса “Аўтаном”. Таксама ў іх адабралі аўтамабіль, усе тэлефоны, відэакамеру і нават паўэр-банк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства