Мая Навумава атрымала 35 базавых за прысягу, якую не прымала

2017 2017-10-11T13:54:44+0300 2017-10-11T13:55:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/naumava-maia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мая Наумава.

Мая Наумава.

10 кастрычніка суддзя суда Савецкага раёна Мінска Фёдарава М.А. прызнала актывістку Маю Навумаву вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 8 верасня на плошчы Якуба Коласа (паводле ч. 3 арт. 23.34 КоАП РБ).

У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння сцвярджалася, што Мая Навумава ў той дзень у перыяд з 20.40 да 21.00 знаходзілася на плошчы Якуба Коласа і прымала калектыўную прысягу на вернасць Беларусі, а таксама выкрыквала лозунгі “Жыве Беларусь”, “Гэта краіна наша – тут не будзе Раша”, чым парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

На судзе Мая Навумава сваю віну не прызнала і казала, што не знаходзілася 8 верасня ў дадзены час на плошчы Якуба Коласа і, адпаведна, калектыўнай прысягі не прымала. Паводзе Навумавай, яна разам з Леанідам Кулаковым раней з'ехала з плошчы Перамогі.

На судовым паседжанні сведкамі з боку абвінавачвання выступілі міліцыянты Целехавец А.А. і Карунчык С.Е. Абодва сцвярджалі, што бачылі Маю Навумаву на плошчы Якуба Коласа.

Сведкамі з боку Навумавай на судзе выступілі актывісты Галіна Лагацкая і Леанід Кулакоў. Галіна Лагацкая сцвярджала, што знаходзілася на плошчы Я. Коласа каля 15 хвілін і ў гэты час не бачыла там Маю Навумаву. Яе тлумачэнні не паўплывалі на канчатковае рашэнне, бо суддзя палічыла, што за такі кароткі прамежак часу сведка не магла разгледзець усіх прысутных на плошчы грамадзян. Без увагі засталіся і тлумачэнні Леаніда Кулакова, які пацвердзіў словы Навумавай пра тое, што яны разам раней з’ехалі з плошчы Перамогі.

У выніку суддзя Фёдарава прыняла бок сведкаў-міліцыянтаў і вырашыла пакараць Маю Навумаву штрафам у памеры 35 базавых велічынь, што складае 805 рублёў.

Дарэчы, разгляд справы Навумавай планавалася правесці яшчэ на мінулым тыдні, аднак ён быў перанесены з-за хадайнецтва аб прыцягненні ў якасці сведкі Леаніда Кулакова, які ў той час не мог з’явіцца ў суд, бо адбываў дзесяцісуткавы арышт за пікет салідарнасці з фігурантамі справы “аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства