viasna on patreon

“Нас робяць забойцамі супраць нашай згоды”. Магілёў супраць смяротнага пакарання

2017 2017-10-11T10:09:09+0300 2017-10-11T10:09:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mageleu-smiarotnae-2107.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дыскусія ў грамадскім цэнтры “Кола” на тэмы смяротнага пакарання 10 кастрычніка 2017 года. Фота: mspring.online

Дыскусія ў грамадскім цэнтры “Кола” на тэмы смяротнага пакарання 10 кастрычніка 2017 года. Фота: mspring.online

10 кастрычніка ў Магілёўскім цэнтры “Кола” больш за тузін чалавек разважалі, што можна зрабіць з варварскай практыкай у нашай краіне.

Магілёўскае аддзяленне праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Дзень супраць смяротнага пакарання арганізавала кінапрагляд з дыскусіяй у грамадскім цэнтры “Кола”. Паглядзець фільм “Пабіванне камянямі Сарайі М.” і пагаварыць пра важнае прыйшло паўтары дзесяткі чалавек. Пра гэта паведамляе сайт mspring.online .

У кінастужцы распавядаецца гісторыя іранскай жанчыны, якую з-за змовы яе мужа з уладамі вёскі, дзе яна жыла, прысудзілі да жудаснага смяротнага пакарання – забілі камянямі. Гісторыя рэальная і адбылася ў Іране напачатку 80-х гадоў.

Як распавёў адзін з арганізатараў Аляксандр Буракоў, фільм спецыяльна падабралі больш жорсткі.

– У Дзень супраць смяротнага пакарання мы хацелі паказаць такі фільм, які лепш за ўсё бы дэманстраваў, наколькі гэта брыдка, не па-людску і ненатуральна для чалавека – забіваць, – паведаміў праваабаронца.

Іншага арганізатара Дзмітрыя Тоўсціка закранула тое, што ў фільме смяротны прысуд выносяць невінаватаму чалавеку:

– Нам было важна паказаць, што такія памылкі вельмі дорага каштуюць і выправіць іх немагчыма. Усё роўна, адбываецца гэта ў Іране 80-х ці ў Беларусі 10-х.

Удзельнікі мерапрыемства ўспрынялі стужку па-рознаму. Хтосьці плакаў з-за жорсткасці на экране, некаторыя знайшлі “Пабіванне камянямі Сарайі М.” сумным фільмам. Большасць выказала думку, сітуацыя на экране – гэта варварства, і пра гэта варварства трэба гаварыць.

– Такія фільмы трэба круціць па БТ і АНТ і тады сітуацыя са смяротным пакараннем у краіне зменіцца,- выказаў меркаванне адзін з удзельнікаў дыскусіі.

Многія адзначылі падабенства паміж Іранам 80-х гадоў і сучаснай Беларуссю.

– Пабіванне камянямі – гэта абязлічаныя пакаранне. Ніхто не ведае, чый менавіта камень скончыць жыццё чалавека, – выказаўся адзін з гасцей.

Праваабаронца Аляксей Колчын на гэта заўважыў, што падобны прынцып выкарыстоўваецца ў нашай краіне:

– Смяротныя прысуды выносяцца імем Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, што дзяржава адпраўляе іншых людзей на смерць ад імя кожнага з нас, прычым не запытваючы. Я супраць гэтага. Нас робяць забойцамі без нашай згоды.

Удзельнікі дыскусіі ў асноўным выступілі супраць смяротнага пакарання. У тым ліку і таму, што бацькам не выдаюць цела для пахавання, а месца пахавання невядомыя.

– Дзяржава быццам бы са здзекам дасылае родным толькі турэмную робу, у якой іх сын хадзіў да смяротнага прысуду,- распавёў ўдзельнік дыскусіі.

Напрыканцы кожны з гасцей мерапрыемства адказаў, што ён можа зрабіць, каб смяротнае пакаранне ў Рэспубліцы Беларусь адмянілі.

– Я думаю, што калі распавесці пра аргументы супраць смяротнага пакарання сваім сябрам, а яны потым раскажуць сваiм, то так можна дамагчыся пераменаў, – падвяла вынікі ўдзельніца кінапрагляду.

Калі людзі сыходзілі, яны ўзялі на раздачу ўлёткі з аргументамі супраць смяротнага пакарання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства