Арыштаваны заўзятар абвесціў галадоўку ў знак пратэсту супраць прысуду і ў падтрымку палітвязняў
Футбольны заўзятар Аляксандр Вянгерскі, які адбывае арышт у ізалятары часовага ўтрымання ў Барысаве, абвесціў галадоўку ў знак падтрымкі палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі. Праваабаронцам пра гэта паведаміў грамадскі актывіст з Вялейкі Аляксей Сюдак, якому Вянгерскі даслаў ліст.
“Я, Вянгерскі Аляксандр, знаходзячыся в ІЧУ Барысаўскага раёна 5.10. 2017 абвяшчаю галадоўку ў связі с тым, что не згодны з артыкулам 23.4 КаАП, паколькі супрацоўнікі праваахоўных органаў давалі розныя паказанні, а аднаго з іх я ўбачыў у залі суда ўпершыню. З майго боку непадпарадкавання і знявагі супрацоўнікаў міліцыі не было”, - паведамляе заўзятар у лісце.
Галадоўку Аляксандр Вянгерскі праводзіць у падтрымку ўсіх палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца за кратамі.
Нагадаем, 29 верасня суд Барысаўскага раёна асудзіў Аляксандра Вянгерскага на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў: дробнага хуліганства і непадпарадкаванне законнаму патрабаваньню службовай асобы.
У Барысаве 28 верасня падчас матчу паміж футбольнымі камандамі БАТЭ і «Арсенал» на поле выбег заўзятар з бел-чырвона-белым сцягам і з гербам “Пагоня”. Яго затрымала ахова стадыёна і вывела з поля. Пазней стала вядома, што затрыманы - жыхар Вялейкі Аляксандр Вянгерскі.
На судзе стала вядома, што пасля затрымання яго ставілі на калені супрацоўнікі амапу і білі па нырках, а таксама выклікалі да яго хуткую дапамогу.