Журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука пакаралі вялікімі штрафамі

2017 2017-10-04T11:06:54+0300 2017-10-04T11:07:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/luneva-krauchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Краўчук і Любоў Лунёва. Фота: БАЖ.

Зміцер Краўчук і Любоў Лунёва. Фота: БАЖ.

У Мінску, 3 кастрычніка, былі пакараныя штрафамі журналісты Любоў Лунёва і Зміцер Краўчук за парушэнне артыкула 22.9 КаАП Беларусі — супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”.

Паводле Прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" 19 верасня на Любоў Лунёву і Змітра Краўчука склалі пратаколы за працу без акрэдытацыі. У Заводскім судзе сталіцы 3 кастрычніка справы журналістаў разглядала суддзя  Вера Галаўкова.

Вырак: журналісты прызнаныя вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП Беларусі — супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Любоў Лунёва і Зміцер Краўчук пакараныя штрафамі ў 30 базавых велічынь (690 рублёў) кожны.

***

Любоў Лунёву, і Змітра Краўчука судзілі адначасова ў адной залі. Журналісты заявілі хадайніцтва весці працэс па-беларуску, у хадайніцтве суддзя адмовіла.

Суддзя зачытала адміністрацыйныя пратаколы. Журналісты заявілі, што не прызнаюць сваю віну. Карэспанэнты расказалі суду, што 29 жніўня сапраўды здымалі бацькоўскі сход у школе, якую ўлады вырашылі зачыніць.

Любоў Лунёва расказала ў судзе, што журналістаў запрасілі бацькі, якія напрыканцы жніўня даведаліся пра закрыццё адной з лепшых школ у перанаселеным мікрараёне Мінска "Шабаны".

"Бацькі былі вельмі абураныя, казалі: «Мы не быдла, з намі нельга так абыходзіцца». У найбольш складанай сітуацыі апынуліся дзеці, якія ідуць вучыцца ў апошні 11 клас", — распавяла ў судзе спадарыня Любоў.

Любоў Лунёва пацвердзіла, што сапраўды прасіла пракаментаваць сітуацыю Людмілу Ляхновіч з Упраўлення адукацыі, спорту і турызму Заводскага раёна Мінска, якая фігуруе ў сюжэце: "Я папярэдзіла, што гэта тэлеканал "Белсат" і чыноўніца згадзілася даваць каментар. У каментары Людміла Ляхновіч заявіла, што школу трэба зачыняць, бо яна пабудаваная вельмі кепска ў сярэдзіне 1990-ых гадоў. «Вы ж памятаеце, якія часы былі», — сказала Ляхновіч. Магчыма, нехта з вышэйшых чыноўнікаў прыгадаў, хто прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-ых і таму вырашылі завесці гэтую справу".

Любоў Лунёва падрабязна распавяла суддзі пра пераслед журналістаў "Белсата" цягам апошніх год, пра пастаянныя адмовы ў акрэдытацыі ад беларускага МЗС.

Любоў Лунёва заявіла хадайніцтва, каб суд звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі ў сувязі з супярэчнасцю ў заканадаўстве. Бо Канстытуцыя дае права кожнаму грамадзяніну забіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Суддзя адклала вырашэнне хадайніцтва на пазнейшы час. А затым яго адхіліла.

У судзе выступіла начальніца Упраўленне адукацыі Заводскага раёна Мінска Людміла Ляхновіч. Яна пацвердзіла, што бацькоўскі сход сапраўды быў, а скажэнняў інфармацыі ў сюжэце "Белсата" няма.

***

За тры тыдні да пачатку навучальнага года вучні мінскай школы № 210, якая лічыцца найлепшай у Заводскім раёне сталіцы, даведаліся, што вучыцца ім давядзецца ў іншых навучальных установах. На пачатку жніўня туды адправілася здымачная група «Белсату». У гэтым сюжэце было інтэрв'ю з кіраўніцай раённага аддзела адукацыі. Журналісты мяркуюць, што менавіта запіс словаў чыноўніцы і стаў нагодаю для разбіральніцтваў.

"Мы прадставіліся, сказалі, што здымаем для "Белсату". Але жанчыну гэта не бянтэжыла, яна сама хацела выказацца для аўдыторыі. На нас жа цяпер за той сюжэт склалі пратаколы, абвінавачванне стандартнае — "Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ", — распавяла Любоў Лунёва.

Адметна, што ў адміністрацыйных справах Любоў Лунёва праходзіць у якасці сведкі адміністрацыйнага правапарушэння Краўчука, а Краўчук — сведка па справе Лунёвай. Такім чынам журналістам прыйдзецца ў судзе сведчыць адзін супраць аднаго.  Зрэшты, журналісты і не адмаўляюць, што былі ў школе і здымалі той востры рэпартаж.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства