viasna on patreon

Алесь Міхалевіч: Прызнаць невінаватым не хочуць, а прызнаць вінаватым не могуць

2017 2017-09-29T09:26:12+0300 2017-09-29T09:26:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihalevich_nn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Міхалевіч. Фота: nn.by

Алесь Міхалевіч. Фота: nn.by

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які  быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году, два гады таму вярнуўся на радзіму. Аднак крымінальную справу па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да палітыка да гэтага часу не закрылі.

Пра тое, ці ёсць у гэтым накірунку зрухі, Алесь Міхалевіч распавёў сайту palitviazni.info.

Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. У верасні 2015 годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.

– З вымушанай эміграцыі я вярнуўся два гады таму – 8 верасня 2015 году, – кажа Алесь Міхалевіч. – Але крымінальную справу па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да мяне да гэтага часу так і не закрылі. Я з’яўляюся абвінавачаным па справе аб масавых беспарадкаў 2010 году.

– Вы ўжо спакойна ставіцеся да такой сітуацыі?

– Даволі спакойна, бо гэта ўсё роўна лепш, чым знаходзіцца за кратамі. Нязручнасцей гэтая сітуацыя не дадае, акрамя таго, што непрыемна маральна адчуваць, што ты знаходзішся “пад крыміналам”.

– Вы робіце нейкія захады, каб справа была спынена?

– Раз на год пішу хадайніцтва аб спыненні, але мне адмаўляюць. Па законе справу можна “падвесіць”, і следчыя гэта зрабілі. Іншая справа, што мне адмаўляюцца паказваць для азнаямлення матэрыялы, якія ў іх ёсць.

– Думаю, пры жаданні расставіць усе кропкі над “і” следчым было б не складана…

– Відаць, следства лічыць інакш. І чаму яны так паступаюць, мне да гэтага часу не зразумела. Мабыць, прызнаць мяне невінаватым яны не хочуць, а прызнаць вінаватым не могуць у сёняшняй палітычнай сітуацыі. Таму і намаляваўся такі натуральны шлях “падвешвання” справы.

– Колькі такая сітуацыя можа працягвацца?  

– Тэрмін даўніны па справе можа працягвацца, калі не памыляюся, дзесяць гадоў. Таму гадоў на сем яна яшчэ можа зацягнуцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства