У Мінску праходзяць ператрусы ў сацыяльных актывістаў Дапоўнена
Раніцай 26 верасня супрацоўнікі крымінальнага вышуку і людзі ў балаклавах праводзяць шэраг ператрусаў у сацыяльных актывістаў Мінска. Праваабаронцам вядома, што вобшук праходзіць у доме выканаўчага дырэктара грамадскага аб’яднання “Экадом” Марыны Дубінай, журналісткі-фрылансера Марыны Кастылянчанка, некаторых іншых актывістаў анархісцкага руху. Пад час вобшуку канфіскаваныя кампутары, сімволіка сродкі мабільнай сувязі і літаратура. Пра затрыманні пакуль невядома.
У сацыяльных сетках паведамляюць пра ператрус у Марыны Дубінай наступнае. “У 7-10 раніцы супрацоўнікі міліцыі зайшлі ў дом, дзе на той час знаходзілася пяць чалавек. Ператрус да гэтага часу не скончаны".
Ператрус у доме доме Марыны Дубінай працягваўся аж да вечара, да 18 гадзін. Пра гэта паведаміла БелаПАН сябра «Зялёнай сеткі» эколаг Хрысціна Чарняўская.
Супрацоўнікі міліцыі пачалі ператрус у доме Дубінай у 7 гадзін раніцы, а з'ехалі адтуль праз 11 гадзін. Увесь гэты час з сямі раніцы людзям не давалі паесці. Паводле Чарняўскай, міліцыянты ўварваліся ў жытло, выбілі дзверы. Былі канфіскаваныя кампутары і тэлефоны.
Магчыма, вобшукі звязаныя з крымінальнай справай па частцы 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), узбуджанай па факце падпалу кактэйлямі Молатава бігборда ў Івацэвічах 28 ліпеня. Па гэтай крымінальнай справе справе праходзяць двое сацыяльных актывістаў: жыхар Івацэвіч Ігар і мінчанін Кірыл Аляксееў, які змешчаны ў Баранавіцкі СІЗА. Тады група невядомых анархістаў спаліла рэкламны білборд. На білбордзе было напісана: «Сіла закона ў яго выкананні». Пазней відэа падпалу патрапіла ў сацыяльныя сеткі.
Праваабаронцы "Вясны" высвятляюць гэтую інфармацыю і адсочваюць сённяшнюю сітуацыю.