"Спецтаксі" для актывіста Кулакова замовілі на аўторак, павязуць адбываць суткі

2017 2017-09-25T12:24:26+0300 2017-09-25T12:32:02+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kulakou-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Кулакоў у судзе. Фота Радыё Свабода.

Леанід Кулакоў у судзе. Фота Радыё Свабода.

Чарга адбыць свой адміністратыўны арышт надыйшла і для актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова. Пра гэта ён даведаўся ад участковага інспектара, які патэлефанаваў Леаніду і папярэдзіў, што прыйшла папера на ягоны арышт. “Рыхтуйся, маўляў, Кулакоў, заўтра з 10 да 12 гадзін чакай спецтранспарт”.

Судовая пастанова аб арышце Кулакова была вынесеная судом Цэнтральнага раёна Мінска за ўдзел у пікеце салідарнасці з фігурантамі справы „Белага легіёну”, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы яшчэ 22 чэрвеня.

Тады, на месцы, міліцыя нікога не затрымала, але ўдзельнікаў здымалі на відэакамеры. Тых, каго апазналі “пінкертоны”, пазней абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 3 арт. 23.34 КаАП) і вынеслі пастановы аб арышце. Максім Вінярскі быў асуджаны на 15 сутак арышту, Вольга Нікалайчык і Леанід Кулакоў атрымалі па 10 сутак.

Вольга Нікалайчык свой арышт адбыла толькі нядаўна. Яе 5 верасня затрымалі ў 19.20 на вул. Валгаградскай каля паштовага аддзялення. Падыйшоў чалавек у цывільным, паказаў пасведчанне, а затым пасадзіў у сіні бус і павёз у невядомым накірунку. Пазней стала вядома, што Нікалайчык – на Акрэсціна, адбывае арышт.

Між тым, у Леаніда Кулакова – сур’ёзныя праблемы з нагою, якую ён пашкодзіў, адбываючы ў ІЧУ папярэдні арышт. Зараз актывіст праходзіць сур’ёзнае лячэнне і можа хадзіць толькі з кіёчкам, а таму непакоіцца, што ў ізалятары кій могуць адабраць і тады ён не зможа перасоўвацца па камеры і выходзіць на прагулкі.

"Я ніколі не ўцякаў ад міліцыі. Лепш адседзець і з новымі сіламі выйсці на плошчу. Па мне, лепей арышт, чым штраф", - каментуе свой цынічна запланаваны арыш актывіст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства