Чарговая ахвяра міліцэйскага гвалту: Пырснулі пярцовым балончыкам, душылі і білі па галаве Аўдыё

2017 2017-09-13T16:56:09+0300 2017-09-13T17:09:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vasil_belkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Белькін

Васіль Белькін

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома пра новы выпадак жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку міліцыянтаў. Ахвярай міліцэйскага гвалту стаў жыхар пасёлку Сасновы бор Дзяржынскага раёна Васіль Белькін.

Здарэнне адбылося 15 ліпеня падчас святкавання дня народзінаў Васіля. У доме Белькіна ўзнік канфлікт паміж ім і яго сястрой, у выніку чаго абодва бакі выклікалі міліцыю. Аднак прыехаўшыя на вызаў участковы і яго напарнік вырашылі не разбірацца ў сітуацыі.

“Участковы ў грубай форме сказаў, што аніякіх заяў ад мяне ён прымаць не збіраецца і загадаў ехаць з імі. Я прасіў іх растлумачыць, на якой падставе я павінен ехаць, прасіў паказаць службовыя пасведчанні. Замест гэтага мяне папракнулі ў тым, што я занадта разумны і ведаю шмат правоў, а затым схапілі мяне і адзелі кайданкі”.

“На выхадзе з кватэры, у калідоры, мне ў вочы першы раз пырснулі пярцовым балончыкам. Я тузануўся і крыкнуй “што вы робіце? Тут жа дзеці!”. І тады напарнік участковага па прозвішчы Дземідовіч схапіў мяне за горла. Я адчуў, што горла моцна заціснута, стала складана дыхаць. Тады я ўкусіў міліцыянта за руку, каб ён яе расціснуў. За гэта я атрымаў 4-5 удараў па галаве, пасля чаго на нядоўгі час страціў прытомнасць”. Ачуўся я ўжо на вуліцы, сідзячы на асфальце ля дома. І адразу мне зноў на адлегласці 10 сантыметраў ад вачэй пырскаюць у твар пярцовым балончыкам.  Ад жонкі я пазней даведаўся, што сваякі спусцілі мне ваду, каб прамыць вочы, аднак міліцыянты не дазволілі гэта зрабіць. Таму я дзесьці хвілін 10 катаўся па асфальце ад моцнага болю”, - распавядае Васіль Белькін.

Прыкладна ў гэты час прыехаў яшчэ адзін нарад міліцыі. Васіля пасадзілі ва “увазік”, давезлі да банка ў Дзяржынску і там перасадзілі ў іншую машыну, якая прывезла яго ў мясцовую бальніцу.

У бальніцы Васіль прасіў, каб яму прамылі вочы, бо пасля пярцовага газу ён амаль нічога не бачыў. Але лекары адмовіліся гэта зрабіць. Таксама яны адмовіліся зафіксаваць пабоі, спасылаючыся на тое, што не маюць на гэта права. Адзінае, што яны зрабілі, па словах Васіля, - гэта працерлі тампонам пабітую губу, якую трэба было зашываць. У сваю чаргу Васіль адмовіўся здаваць аналіз на наяўнасць у крыві алкаголю, бо нічога не бачыў, а адпаведна не мог быць упэўнены, што замест яго рэзультатаў не ўпішуць чые-небудзь іншыя.

Васіль Белькін праз два дні пасля брутальнага затрымання міліцыянтамі
Васіль Белькін праз два дні пасля брутальнага затрымання міліцыянтамі

Затым Васіля адвезлі ў Дзяржынскі РАУС, дзе ён правёў крыху менш за суткі. Ён сцвярджае, што ніхто яго за гэты час па справе не апытваў і не даваў падпісаць пратакол.

“Дзесьці да трох гадзін ночы я прасядзеў у пакоі для допытаў. Потым мяне кінулі ў “стакан”, дзе прабыў да 10-11 ранку, а затым перавялі ў ізалятар. У тры гадзіны дня мне дазволілі прамыць вочы, і толькі тады я пачаў нармальна бачыць. У сем вечара мне прынеслі пратакол за “дробнае хуліганства”, дзе не было ні аднаго майго подпісу”.

Судзілі Васіля на наступны дзень па артыкуле 17.1. КоАП РБ. На судзе ён прызнаў сваю віну ў тым, што лаяўся матам, бо, па яго словах, напярэдадні яму ясна далі зразумець, што калі ён віну не прызнае, то будзе сядзець 15 сутак. Такі варыянт Васіля не задавальняў, бо ў такім выпадку ён не змог бы зафіксаваць пабоі. У выніку ён атрымаў 4 базавыя велічыні штрафу і быў адпушчаны на волю.

У хуткім часе Васіль даведаўся, што 28 ліпеня была вынесена пастанова аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы па арт. 363.2 КК РБ (“Гвалтоўны супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку”). У ёй сцвярджаецца, што Васіль ударам нагі зламаў міліцыянту Дземідовічу калена. Аднак застаецца незразумелым, чаму “траўміраваны” міліцыянт не паехаў у бальніцу адразу пасля здарэння, а звярнуўся туды толькі праз два дні.

У сваю чаргу Васіль Белькін з дапамогай Праваабарончага цэнтру “Вясна” напрыканцы ліпеня падаў сустрэчную заяву - наконт свайго збіцця супрацоўнікамі міліцыі. Але дагэтуль ніякага канкрэтнага адказу на яе няма, акрамя таго, што яе наўпрост далучылі да заведзенай супраць заяўніка крымінальнай справы.

Дарэчы, у межах крымінальнай справы ўжо адбылася вочная стаўка, на якой паказанні супрацоўнікаў міліцыі адносна месца і падставаў затрымання разыходзіліся.

Таксама зараз ідзе абскарджванне адміністрацыйнага спагнання Белькіна. Чацвёртага верасня Мінскі абласны суд накіраваў справу на новы разгляд у суд Дзяржынскага раёна. Суд ніжэйшай інстанцыі будзе разглядаць справу 20 верасня.

Трэба дадаць, што пасля ўсяго, што адбылося, у Васіля Белькіна пачаліся праблемы са здароўем. У яго перыядычна ўзнікае пяршэнне ў горле і моцны кашаль. Таксама ў яго ўжо некалькі разоў вельмі моцна павышаўся ціск – на вочнай стаўцы з міліцыянтамі нават прыйшлося выклікаць хуткую.

Нагадаем, што гэта не адзіны выпадак жорсткага абыходжання з боку міліцыянтаў Дзяржынскага раёна. Літаральна за два месяцы да апісанага здарэння жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка быў гвалтоўна затрыманы на вуліцы і збіты ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства