viasna on patreon

Amnesty International: Заява лідэра М'янмы Аун Сан Су Чжы пра сітуацыю ў штаце Ракхайн абуральная

2017 2017-09-12T11:13:57+0300 2017-09-12T23:07:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/san_suu_kyi-mask-rohingya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мусульманская жанчына ў масцы Аун Сан Су Чжы падчас мітынгу супраць пераследу рахінджа. Фота: Dita Alangkara/AP

Мусульманская жанчына ў масцы Аун Сан Су Чжы падчас мітынгу супраць пераследу рахінджа. Фота: Dita Alangkara/AP

Фактычны лідэр М'янмы (Бірмы) Аун Сан Су Чжы ў сераду ўпершыню пракаментавала сітуацыю ў штаце Ракхайн, дзе з канца жніўня ўзброеныя сілы вядуць аперацыю супраць паўстанцаў-рахінджа. Па словах Аун Сан Су Чжы, урад краіны абараняе ўсіх жыхароў штата Ракхайн «найлепшым чынам». Гэта абуральная заява, лічыць Amnesty International.

«Тое, што адбываецца ў штаце Ракхайн - гэта гуманітарная катастрофа і катастрофа з пункту гледжання правоў чалавека. У сваіх першых каментарах пра крызіс, замест таго каб паабяцаць канкрэтныя крокі па абароне жыхароў Ракхайна, Аун Сан Су Чжы, падобна, вырашыла пераменшыць значэнне жудасных навінаў, якія прыходзяць з гэтага рэгіёну», - заявіла Тырана Хасан, дырэктар Amnesty International па рэагаванні на крызісныя сітуацыі.

«Пасля таго як дзясяткі тысяч рахінджа вымушаныя былі бегчы праз мяжу, а тысячы іншых прадстаўнікоў гэтага народа падвергліся гвалтоўнаму перамяшчэнню ўнутры М'янмы, сталі паступаць сведчанні таго, што ваенныя развязалі кампанію гвалту ў дачыненні да рахінджа. Урад павінен дазволіць неадкладны і бесперашкодны доступ у рэгіён гуманітарных арганізацыям, якія былі пазбаўленыя магчымасці аказваць дапамогу насельніцтву паўночнай М'янмы», - дадала яна.

У выніку нападаў узброеных фармаванняў рахінджа 25 жніўня і наступнай ваеннай кампаніі каля 146 тысяч рахінджа, у асноўным жанчыны і дзеці, вымушаныя былі бегчы ў суседні Бангладэш, піша Amnesty International.

Дададзім, што паводле апошніх звестак, апублікаваных 11 верасня ААН, менш як за месяц з М'янмы беглі 313 тысяч чалавек, і гэтая колькасць у бліжэйшай перспектыве будзе толькі расці. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што пераслед мусульманскай меншасці падпадае пад вызначэнне «этнічнай чысткі».

Усяго ў М'янме пражывае каля мільёна мусульман-рахінджа, і яны з даўніх часоў скардзіліся на пераслед, якому падвяргаліся ў гэтай краіне з пераважна будысцкім насельніцтвам. Цяперашні гуманітарны крызіс адбыўся пасля нападаў з боку паўстанцаў-рахінджа. Улады заяўляюць, што сілы бяспекі вядуць барацьбу з тэрарыстамі. 

Нагадаем, што Аун Сан Су Чжы з'яўляецца лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру "за негвалтоўную барацьбу за правы чалавека і дэмакратыю". Яна доўгія гады падвяргалася ганенням з боку ваеннай хунты і знаходзілася пад хатнім арыштам. У сакавіку 2011 года ваенная хунта, якая кіравала М'янмай амаль 50 гадоў, была расфармаваная, а ў красавіку 2012 года "Нацыянальная ліга за дэмакратыю" на чале з Аун Сан Су Чжы выйграла парламенцкія выбары. Дзяржаўны дарадца і міністр замежных справаў М'янмы, яна з'яўляецца фактычным кіраўніком краіны. Іншыя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру - будыйскі лідар Далай-лама, пакістанка Малала Юсуфзай, паўднёваафрыканскі біскуп Дэсманд Туту, іранская праваабаронца Шырын Эбадзі - заклікалі Аун Сан Су Чжы прыняць меры па ўрэгуляванні сітуацыі ў сваёй краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства