viasna on patreon

Прэзідэнт Аліеў памілаваў блогера Аляксандра Лапшына, якога Беларусь выдала Азербайджану

2017 2017-09-11T13:21:39+0300 2017-09-11T13:30:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lapshyn_dayaz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Экстрадыцыя Аляксандра Лапшына з Беларусі ў Азербайджан. 7 лютага, Баку. Фота: Day.Az

Экстрадыцыя Аляксандра Лапшына з Беларусі ў Азербайджан. 7 лютага, Баку. Фота: Day.Az

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў памілаваў расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, раней дэпартаванага з Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Як паведамлялася, Бакінскі суд па цяжкіх злачынствах 20 ліпеня прыгаварыў Лапшына да трох гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў Лапшына вінаватым у незаконным перасячэнні "прызнаных на міжнародным узроўні дзяржмежаў Азербайджана ў складзе арганізаванай групы".

Адбываць пакаранне блогер павінен быў у калоніі агульнага рэжыму. Пачаткам тэрміну адбыцця лічыцца 15 снежня 2016 года, калі ён быў затрыманы ў Мінску.

У той жа час суд не прызнаў Лапшына вінаватым на падставе інкрымінаванага яму раней артыкула, які прадугледжвае пакаранне за адкрытыя заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана, палічыўшы, што гэтае абвінавачанне "не было даказанае падчас судовага расследавання".

Лапшын быў затрыманы ў Мінску на запыт Азербайджана, які абвясціў яго ў міжнародны вышук за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Блогер знаходзіўся ў Карабаху ў красавіку 2011 года і кастрычніку 2012 года. У чэрвені 2015 года Лапшын прыехаў у Азербайджан цераз Грузію, скарыстаўшыся ўкраінскім пашпартам, а Карабах ён наведваў з расійскім пашпартам.

МЗС Ізраіля звярталася да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына ў Азербайджан. Акрамя таго, па дыпламатычных каналах Ізраіль дамагаўся ад Баку спынення крымінальнага пераследу блогера. Публічна выказаўся супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан і міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Актыўны ўдзел у лёсе затрыманага блогера бралі прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля і Расіі ў Беларусі.

Нягледзячы на гэта, Генпракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан. Спробы абскардзіць гэтае рашэнне былі беспаспяховыя, і ўвечары 7 лютага блогера ў суправаджэнні ўзброенага канвою адправілі спецрэйсам у Баку. На наступны дзень прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і падзякаваў яму за рашэнне аб экстрадыцыі Лапшына.

Міжнародная арганізацыя Amnesty International асудзіла экстрадыцыю блогера.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства