Пачаў працу сайт кампаніі па змене закону “Аб масавых мерапрыемствах”

2017 2017-09-08T11:20:02+0300 2017-09-08T12:35:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sxodtop.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтру "Вясна" запусціла сайт кампаніі па змене нацыянальнага закону “Аб масавых мерапрыемствах.

Пачынаючы з верасня, валанцёры “Вясны” плануюць праводзіць акцыі, флэшмобы і асветніцкія мерапрыемствы, мэта якіх - растлумачыць, чаму дзеючае зараз заканадаўства ў галіне мірных сходаў неабходна мяняць.

З гэтага месяца пачаў сваю працу сайт sxod.by, дзе будуць публікавацца навіны аб ходзе кампаніі. Ужо зараз на сайце можна знайсці “бібліятэку дакументаў”, якія датычацца правядзення мірных сходаў у нашай краіне. Гэта дзеючыя заканадаўчыя акты, тыповыя адказы дзяржаўных органаў на заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, прыклады скаргаў на такія адказы і тэматычныя рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН. Сярод іншага на сайце апублікаваныя рэкамендацыі праваабаронцаў па змене дзеючага закону аб ММ.

Таксама на сайце ёсць месца і для аналітычнай часткі – рэгулярна будуць публікавацца справаздачы па маніторынгу масавых мерапрыемстваў як у Беларусі, так і за мяжой ад ініцыятывы грамадскага кантролю #Controlby.

Усе жадаючыя далучыцца да кампаніі могуць прама зараз падпіcаць петыцыю за рэфармаванне заканадаўства аб мірных сходах, а таксама прайсці спецыяльны відэакурс і стаць назіральнікам за мірнымі сходамі.

Права на выказванне свайго меркавання праз мірныя сходы гарантаванае кожнаму грамадзяніну Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі. Мірныя сходы з’яўляюцца адной з формаў прамой дэмакратыі і садзейнічаюць развіццю дыялогу як унутры грамадзянскай супольнасці, так і паміж грамадзянскай супольнасцю, палітычнымі лідэрамі і ўрадам.

Але што адбываецца на самой справе? Спачатку з вуліц зніклі шматтысячныя дэманстрацыі, усё радзей можна ўбачыць мітынгі ў сотні чалавек, а апошнім часам мы бачылі, як караюць людзей за адзіночныя пікеты. Беларускія вуліцы чыстыя - і не толькі ад смецця, але і ад любой свабоды выказвання. Болей за тое, нават арганізаваць свята двара або паклікаць увесь горад запускаць паветраных змеяў, згодна з дзеючым заканадаўствам, нельга без атрымання спецыяльнага дазволу.

Відавочна, што так быць не павінна. Менавіта таму Валанцёрская служба “Вясны” распачала кампанію па змене нацыянальнага закону «Аб масавых мерапрыемствах» і заклікае ўсіх заахвочаных далучацца да яе.

Каманда кампаніі адкрытая для супрацы. Усе пытанні і прапановы па правядзенні кампаніі можна пісаць на адрас sxod@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства