Моладзь БНФ абскарджвае праз суд забарону жнівенскай дэманстрацыі

2017 2017-09-05T12:58:10+0300 2017-09-05T15:26:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mbnf_logo_.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Моладзь БНФ звярнулася ў суд Маскоўскага раёна г. Мінска з калектыўнай скаргай на рашэнне Мінгарвыканкама аб адмове ў правядзенні дэманстрацыі і змене месцы збору ўдзельнікаў масавага мерапрыемства.

Так, у скарзе Багдан Сакалоў, Дзяніс Мандзік, Ягор Сяргіенка і Кацярына Шуст адзначаюць, што падалі заяву ў Мінгарвыканкам на правядзенне масавага мерапрыемства 25 жніўня са зборам удзельнікаў на плошчы каля кінатэатра “Кастрычнік”, дэманстрацыяй па праспекце Незалежнасці, вуліцы Сурганава да парка “Дружбы народаў”, і правядзеннем мітынгу непасрэдна ў парку.

Аднак, Мінгарвыканкам дазволіў толькі сбор і правядзенне мітынгу ў парку “Дружбы народаў” з агульнай колькасцю ўдзельнікаў не больш за 950 чалавек.

З такім рашэннем заяўнікі не згодныя, лічаць яго незаконым і неабгрунтаваным. У прыватнасці, моладзь адзначае, што адсутнічаюць падставы для адмовы Мінгарвыканкамам правядзення дэманстрацыі па ўказаным у заяўцы маршруце, а дзяржорганам не было ніяк абгрунтавана ўвядзенне такіх абмежаванняў, што супярэчыць арт. 23, 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 19, 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Акрамя таго, заяўнікі адзначаюць, што перыядычна ў месцах, дзе правядзене масавых мерапрыемстваў забаронена рашэннем Мінгарвыканкама ад 2 чэрвеня 2011 года “Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў”, такія мерапрыемствы ўсе ж такі праводзяцца. Напрыклад, парад МЧС 22 ліпеня, святочны марш падраздзяленняў МУС 4 сакавіка, шэсце Дзедаў Марозаў 24 снежня 2016 года і інш. Аднак, моладзі БНФ забаранілі праводзіць дэманстрацыю, што супярэчыць ч. 1 арт. 2 Пакта, дзе ўказана, што "Дзяржава абавязваецца паважаць і забяспечваць усім асобам права, без якога б там нi было адрознення, як напрыклад у адносінах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншых абставінаў".

“У дадзеным выпадку адны асобы маюць магчымасць карыстацца правам на мірныя сходы і выкарыстоўваць праспект Незалежнасці ў г.Мінску для правядзення шэсцяў, а іншым асобам - заяўнікам, на падставе Рашэння Мінгарвыканкама, у задавальненні заяўкі было адмоўлена”, - падкрэсліваецца ў скарзе.

Таксама, заяўнікі звяртаюць увагу суда і на тое, што патрабаванне Мінгарвыканкама аб неабходнасці аплаты паслуг па ахове правапарадку, медыцынскім абслугоўванні і добраўпарадкаванні тэрыторыі з’яўляецца неапраўданным і непрапарцыйным абмежаваннем права на мірныя сходы, не можа пераследваць мэтаў абмежаванняў, дапушчальных згодна арт. 21 Пакта, не з’яўляецца неабходным у дэмакратычным грамадстве, і як следства, супярэчыць палажэнням Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Больш за тое, згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў, аднім з асноўных з’яўляецца прынцып пазітыўнага абавязальніцтва дзяржавы па садзейнічанню мірным сходам і іх абароне. У тым ліку асобна ўказваецца: “ўсе выдаткі, звязаныя з забеспячэннем дастатковых мер бяспекі (уключаючы кіраванне транспартнымі патокамі і вялікімі наплывамі людзей, а таксама аказанне першай дапамогі), павінны цалкам узяць на сябе органы ўлады. Дзяржава не павінна спаганяць ніякай дадатковай платы за забеспячэнне дастатковага і належнага парадку. Больш за тое, ад арганізатараў публічных сходаў ня варта патрабаваць страхавання грамадзянскай адказнасці за іх мерапрыемства. Аналагічным чынам, адказнасць за ўборку тэрыторыі пасля правядзення публічнага сходу павінна ляжаць на муніцыпальных органах улады. Прад'яўленне патрабаванняў да арганізатараў сходаў аб аплаце такіх выдаткаў можа апынуцца сур'ёзным стрымліваючым фактарам для тых, хто жадае скарыстацца сваім правам на свабоду сходаў, а для многіх арганізатараў можа стаць сур'ёзнай перашкодай для правядзення сходу. Само па сабе накладанне цяжкіх фінансавых патрабаванняў на арганізатараў можна кваліфікаваць, хутчэй за ўсё, як непрапарцыйнае папярэдняе абмежаванне”.

“Такім чынам, патрабаванні, адрасаваныя Заяўнікам дэманстрацыі рашэннем Мінгарвыканкама заключаць дагаворы з гарадскімі службамі, якія адказваюць за бяспеку, аказанне медыцынскай дапамогі і ўборку не адпавядае міжнародным стандартам забеспячэння свабоды мірных сходаў, што супярэчыць узятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязацельствам”, - адзначае моладзь БНФ.

Заяўнікі просяць суд прызнаць незаконным рашэнне Мінгарвыканкама аб забароне правядзення дэманстрацыі, прызнаць неадпаведнасць Рашэння “Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў” Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ў частцы вызначэння месцаў, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца, і ліквідаваць такія парушэнні заканадаўства, а таксама паставіць пытанне аб прызнанні артыкулаў 6 і 10 Закона "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" у частцы патрабавання аплаты паслуг па ахове грамадскага правапарадку, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення масавага мерапрыемства не адпавядаючымі Канстытуцыі і Пакту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства