ГА “БАЖ” заклікала Адміністрацыю Прэзідэнта заступіцца за журналістаў

2017 2017-08-30T15:59:00+0300 2017-08-30T16:08:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/baj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталлі Качанавай з заклікам паўплываць на тое, каб быў спынены пераслед журналістаў-фрылансераў, якіх сёлета судзілі ажно 35 разоў.

У сваім звароце журналісцкае аб’яднанне яшчэ раз звяртае ўвагу на неправамернасць прыцягнення журналістаў да адказнасці паводле арт. 22.9 КаАП.

Зараз сітуацыя пагоршылася як ніколі: журналістаў зноў масава караюць штрафамі за сам факт выхаду падрыхтаваных імі матэрыялаў у замежных СМІ, піша БАЖ.

Раней арганізацыя спрабавала вырашыць гэтую сітуацыю, звяртаючыся ў розныя дзяржаўныя органы (Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь). Аднак ні адзін з вышэйпералічаных органаў не распачаў ніякіх крокаў, якія вырашылі б праблему. З КДБ адказу на наш зварот увогуле не паступіла.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

  • выказвае занепакоенасць у сувязі з масавым адміністрацыйным пераследам журналістаў за выкананне імі прафесійных абавязкаў паводле арт. 22.9 КаАП;
  • заклікае садзейнічаць спыненню неабгрунтаванага ўмяшання супрацоўнікаў унутраных спраў у рэалізацыю журналістамі права на свабоднае атрыманне, захоўванне i распаўсюд інфармацыі, свабоду выказвання меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, гарантаваныя арт. 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыя прапануе разгледзець пытанні, выкладзеныя ў звароце, на сустрэчы з удзелам службовых асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», іншых зацікаўленых асоб і арганізацый.

Апроч гэтага ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравала падрабязны ліст пра сітуацыю з пераследам журналістаў спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях прасоўвання і абароны права на свабоду меркавання і выказвання сп. Дэвіду Кайе.

Арганізацыя просіць, каб спецдакладчык запатрабаваў ад беларускіх уладаў тлумачэнняў адносна пераследу журналістаў, а таксама спрыяў спыненню такога пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства