viasna on patreon

Маскоўскі РУУС не вяртае маёмасць, канфіскаваную падчас сакавіцкіх падзеяў

2017 2017-08-18T15:41:15+0300 2017-08-18T16:10:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanfiskacia_noutbuka_prev.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
kanfiskacia_noutbuka.png
Ілюстрацыйны малюнак. Крыніца it.belhelcom.org

Пасля сакавіцкіх падзей Праваабарончаму цэнтру “Вясна” было вядома пра як мінімум 12 аглядаў у кватэрах розных актывістаў. У большасці выпадкаў канфіскаваную маёмасць на працягу двух месяцаў людзям вярнулі.

Аднак, некаторым дагэтуль невядома, дзе знаходзяцца іх камп’ютары, флэшкі, тэлефоны, кнігі ды іншыя рэчы. Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС, якія праводзілі агляды, бяздзейнічаюць, а на скаргі актывістаў не рэагуюць.

“Мяне затрымалі вечарам 24 сакавіка 2017 года на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным і пратрымалі некалькі гадзін ў РУУС. Пры гэтым у мяне адабралі асабістыя рэчы, якія былі з сабой, і нічога з іх не вярнулі дагэтуль, - распавядае адна з дзяўчын, у якой адбыўся дома агляд. – Сярод ночы мяне ў кайданках павезлі дадому на вобшук. Адчынілі дзверы маімі ключамі. На мае пытанні – паказалі нейкую паперу-пастанову на агляд жылля, аднак, я нічога не змагла разглядзець з-за слабога зроку”.

Дзяўчына кажа, што агляд праводзіўся як вобшук: супрацоўнікі міліцыі перабіралі ўсе рэчы, адчынялі самастойна шуфляды, паліцы. Пасля адклалі ў бок некаторыя рэчы, а таксама тэхніку, запісалі канфіскаванае ў пратакол і далі на подпіс панятым. Потым рэчы вынеслі з хаты, не прадставіўшы ніякіх папер іх уладальніцы, а саму дзяўчыну адвезлі ў ІЧУ.

Яна звярнулася ў пракуратуру Маскоўскага раёна г. Мінска са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, у якой прасіла правесці праверку працэдуры агляду памяшкання і абавязаць супрацоўнікаў РУУС выдаць ёй копію пратакола са спісам канфіскаваных рэчаў, а таксама вярнуць рэчы ў самыя кароткія тэрміны.

“Прайшло амаль пяць месяцаў, а маю тэхніку і рэчы дагэтуль не вярнулі, больш за тое, дзяржорганы не прадстаўляюць ніякай інфармацыі аб іх месцазнаходжанні. На ўсе маі скаргі пра правядзенне агляду з парушэннямі і патрабаваннямі прадставіць пералік канфіскаванай маёмасці прыходзяць адказы, што ўсё было праведзена законна”, - падкрэслівае дзяўчына.

Яшчэ адзін прэвентыўна затрыманы распавёў, што 25 сакавіка да яго прыйшлі з пастановай на агляд кватэры на наяўнасць зброі і іншых забароненых рэчаў, аднак правялі вобшук, канфіскавалі шмат чаго з асабістай маёмасці: значкі, налепкі, журналы, флэшкі, тэлефоны, ноутбукі, лічбавы фотаапарат, кухонны і турыстычныя нажы, дыскі і інш.

“Склалі вопіс, копіі якога ў мяне няма дагэтуль, і на падставе далейшых тлумачэнняў – адвезлі ў РУУС. Там склалі пратакол і зачынілі да суда ў панядзелак. На судзе прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафу”, - распавёў хлопец.

Пасля суду ён звярнуўся ў РУУС Маскоўскага раёна з заявай на прадастаўлення копіі пратакола з пералікам канфіскаваных рэчаў, аднак атрымаў адмоўны адказ.

“Пазней частку рэчаў аддалі. Пра астатнюю маёмасць ўчастковы інспектар Анастасія Лях сказала, што яна знаходзіцца на экспертызе ў Міністэрстве інфармацыі. Аднак, па вынікам маіх зваротаў аказалася, што тэхніку на экспертызу не дастаўлялі”, - адзначыў малады чалавек.

Міністэрства інфармацыі ў сваім адказе спаслался на тое, што да іх была накіраваная інфармацыйная прадукцыя для правядзення экспертызы на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкметаў экстрэмізма. У пералік інфармацыйная прадукцыі ўваходзяць друкаваная, аудыё-, аудыёвізуальныя і іншыя паведамленні і матэрыялы, плакаты, транспаранты і іншая візуальная агітацыя, рэкламная прадукцыя.

Разам з тым, куды падзелася іншая маёмасць прэвентыўна затрымага хлопца, у тым ліку тэхніка, Міністэрства інфармацыі не ведае, і перанакіроўвае для атрымання такой інфармацыі ў той самы Маскоўскі РУУС.

Цяпер малады чалавек пры дапамозе праваабронцаў падрыхтаваў чарговую заяву ў РУУС Маскоўскага раёна з патрабаваннем паведаміць, дзе і на якой падставе знаходзяцца яго ноутбукі, фотаздымач і іншыя носбіты інфармацыі і калі яны будуць вернутыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства