Журналістку Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 35 базавых велічыняў

2017 2017-08-10T08:08:39+0300 2017-08-10T08:24:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shchyrakova-sud-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова ў судзе. Фота: baj.by

Ларыса Шчыракова ў судзе. Фота: baj.by

Суддзя Гомельскага раёна Андрэй Сусла пакараў Ларысу Шчыракову за супрацу з "Белсатам" без акрэдытацыі (парушэнне артыкула 22.9 КаАП) штрафам у памеры 35 базавых велічыняў — 805 рублёў.

Як паведамляе прэсавая служба БАЖ, журналістка прызнана вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала "Белсат".

Нагадаем, у ліпені на Шчыракову міліцыя склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта я зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.

Шчыракова прышла на суд з вязанкай часныку. Сказала, што гэта трэба, каб фітанцыдамі часныку адпужваць у судзе нячыстую сілу. Мінулым разам журналістка прыходзіла ў суд з вяровачнай пятлёй на шыі.

Супраць сябе журналістка адмовілася сведчыць: "Няма ніякага сэнсу што-небудзь казаць, бо усё адно рашэнне прымаецца не ў судзе, а ва ўладных кабінетах. У судзе толькі афармляюць пакаранні супраць незалежных журналістаў".

Гэта чацвёрты штраф Ларысе Шчыраковай у гэтым годзе за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Таксама быў штраф за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — журналістка працавала падчас мітынгу "недармаедаў" у Рагачове.

Агульная сума штрафаў Шчыраковай сёлета склала 3 381 рубель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства