Судовы працэс па адміністрацыйнай cправе Ларысы Шчыраковай

2017 2017-08-07T08:31:05+0300 2017-08-07T08:38:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shczyrakova_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларыса Шчыракова перад пачатакам судовага паседжання. Фота: baj.by

Ларыса Шчыракова перад пачатакам судовага паседжання. Фота: baj.by

Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам судовага працэса пры разглядзе адміністрацыйнай справы ў судзе Гомельскага раёна супраць журналіста-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Справаздачу публікуе "Гомельская Вясна".

4 жніўня 2017 года ў судзе Гомельскага раёну, Гомельскай вобласці адбыўся судовы працэс па абвінавачванні журналіста-фрылансера, намесніцы старшыні гомельскай суполкі РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Ларысы Шчыраковай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ (артыкул 22.9. КаАП).                                      

Трэба адзначыць, міліцыянты склалі супраць журналісткі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомелі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага — праспект Рэчыцкі — Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў шмат каго з тутэйшых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёна і ўпраўлення архітэктуры горада мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджан. Пра гэта Ларыса Шчыракова  зняла відэа і размясціла на платформе відэахостынгавай кампаніі Youtube, некаторыя здымкі тэлеканал “Белсат” скарыстаў у сюжэце: “Чыноўнікі дазволілі будаваць жыллё, а цяпер хочуць знесці яго”.

З мэтаю аб’ектыўнай і незалежнай ацэнкі судовага працэса, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў падчас судовага паседжання я праводзіў маніторынг судовага працэса.

У маніторынгавай справаздачы абазначаныя асобныя аспекты вынікаў назірання, аналіз адпаведнасці судовага працэса міжнародным стандартам у галіне права на справядлівы суд, а таксама рэкамендацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

І. Ход судовага працэса

Падчас судовага працэса зафіксаваныя наступныя факты:

пры ўваходзе ў будынак суда міліцыянт, які дзяжурыў на ўваходзе, правяраў асабістыя рэчы тых, хто прыйшоў падтрымаць журналістку ў судзе, што не адпавядае ўсталяваўшайся ў гэтым судзе практыцы. У наведвальнікаў суда па іншых справах дагляд асабістых рэчаў не адбываўся;                                           

судовы працэс пачаўся ў прызначаны час;                                                                                                                                                                                 

у судовым працэсе суддзя быў апрануты ў судзейскую мантыю, разглядаў справу ў судовай залі, якая не змагла памесціць усіх жадаючых прысутнічаць у адкрытым судовым паседжанні;                                                                                                  

судовая зала фармальна адпавядала патрабаванням (наяўнасць герба і сцяга краіны), але не адпавядала санітарным нормам і правілам (на прыкладна 18 кв.м сабралося каля 30 чалавек пры тэмпературы на вуліцы звыш 30 градусаў па Цэльсію пры адсутнасці кандыцыянера);                                                                                          

суддзя без тлумачэння прычын і апытання на гэты конт бакоў па справе не дазволіў весці відэаздымкі судовага працэсу;                                                                                                                                              суддзя не змог захаваць сваёй зацікаўленасці ў выніках справы, калі падчас судовага паседжання ў залу зайшоў іншы не па справе сакратар суда, якая моўчкі перадала суддзе паперу, пасля якой той аб’явіў перапынак і ў дальнейшым перанёс разгляд справы;                                                                                                                 

суддзя па сваёй ініцыятыве зрабіў перапынак да 9 жніўня, каб выклікаць і апытаць усіх сведак па справе.

ІI. Высновы:

Не зразумела, чаму пры ўваходзе ў будынак суда міліцыянт, які дзяжурыў на ўваходзе, правяраў асабістыя рэчы тых, хто прыйшоў падтрымаць журналістку ў судзе, прытым, што ў наведвальнікаў па іншых справах дагляд асабістых рэчаў не адбываўся;

Занепакоенасць выклікае неабгрунтаваная, без апытання зацікаўленых бакоў забарона суддзём весці відэазапіс адкрытага судовага паседжання па адміністрацыйнай справе;

Таксама занепракоенасць выклікае вольны ўваход падчас судовага паседжання іншых супрацоўнікаў суда з мэтаю тэрмінова азнаёміць суддзю з нейкімі дакументамі, пасля якіх той тэрмінова аб’яўляе перапынак у судовым разбіральніцтве на некалькі дзён;

Яшчэ адной занепакоеннасцю з’яўляецца той факт, што судовая зала не адпавядала санітарным нормам і правілам (на прыкладна 18 кв.м сабралося каля 30 чалавек пры тэмпературы на вуліцы звыш 30 градусаў па Цэльсію пры адсутнасці кандыцыянера).

ІІІ. Рэкамендацыі

Журналістам-фрылансерам:

У выпадках далейшага пераследу за сбор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь (незалажна ад форм пераследу) больш старанна рыхтавацца да судовых паседжанняў, загадзя рыхтаваць пісьмовыя хадайніцтвы, абавязкова далучаць іх у матэрыялы справы, у кожным выпадку патрабаваць абаронцу, калі няма магчымасці аплаціць паслуг адваката, патрабаваць ад судоў забяспечыць выкананне гэтага права бесплатна, патрабаваць вядзення справы на беларускай мове. У абавязковым парадку па кожнаму выпадку пазначанага пераследу выкарыстоўваць усе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, каб потым з’явілася магчымасць для звароту з індывідуальным паведамленнем у міжнародныя інстанцыі, у прыватнасці у Камітэт ААН па правах чалавека.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

адмовіцца ад практыкі ўмяшальніцтва без дастатковых для гэтага падстаў у працу журналістаў – фрылансераў, якія ажыццяўляюць збор інфармацыі і якая не абавязкова павінна падабацца дзейнай уладзе;                                                                

адмовіцца ад практыкі негатыўнага стаўлення да грамадзян у сувязі з іх меркаваннямі і перакананнямі.  

Суддзям судоў розных інстанцый:

пры разглядзе ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў адміністрацыйных спраў і скаргаў на гэтыя пастановы матываваць судовыя пастановы зыходзячы ў першую чаргу з патрабаванняў артыкула 23 Канстытуцыі,  а менавіта, матываваць кажную пастанову інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароне маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

забяспечваць правы журналістаў-фрылансераў на абарону зыходзячы ў першую чаргу з артыкулу 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянсікх і палітычных правах;

пры ажыццяўленні правасуддзя ўстрымлівацца ад устрымлівацца ад падазрэньняў у тым, што суддзя прама цi ўскосна зацікаўлены ў зыходзе справы.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

з мэтаю прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі права на абарону ў адміністрацыйным працэсе ініцыяваць адпаведныя змены ў беларускае заканадаўства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства