«Я і ІЧУ. Асабісты погляд». Арцём Сізінцаў

2017 2017-08-03T09:41:26+0300 2017-08-03T09:49:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sizincau-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст Арцём Сізінцаў

Журналіст Арцём Сізінцаў

«Віцебская вясна» працягвае знаёміць чытачоў з умовамі знаходжаньня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня. Журналіст Арцём Сізінцаў асьвятляў веснавыя акцыі пратэсту і суды над іх удзельнікамі ня толькі ў сваёй роднай Воршы, але і ў Магілёве, і ў Віцебску. Супрацоўнікі праваахоўных органаў ацанілі актыўнасьць рэпартэра – ён быў затрыманы 25 сакавіка за Дзень Волі ў Віцебску. Суд прызначыў Арцёму 10 сутак арышту.

Перш як распавесьці непасрэдна пра ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім ІЧУ, Арцём Сізінцаў падзяліўся сваімі развагамі пра акцыі пратэсту Вясны-2017 і пра ролю журналістаў, якія наважыліся асьвятляць гэтыя акцыі. Хоць звычайна ў цыклі «Я і ІЧУ» мы засяроджваемся толькі на ўмовах утрыманьня ў ІЧУ, абыходзячы іншыя дэталі, гэтым разам вырашылі зрабіць выключэньне і апублікаваць таксама досыць доўгае прадслоўе аўтара, бо яно добра адлюстроўвае атмасфэру веснавых пратэстаў, у выніку якіх дзясяткі людзей апынуліся за кратамі ІЧУ.

Калі пачаліся акцыі за скасаваньне дэкрэту аб так званых «дармаедах», я падазраваў, што ціск будзе чыніцца ня толькі на звычайных беларусаў, якія «пасьмелі» выйсьці і выказаць уладам сваю нязгоду; ня толькі на палітыкаў, якія далучацца да буры эмоцыяў і паспрабуюць актывізаваць сваіх партыйцаў; ня толькі на праваабаронцаў, якія, безумоўна, разумеюць, што, абараняючы грамадзянаў, самі становяцца пад удар. Я выразна разумеў, што ціск будзе рабіцца і на журналістаў, на мяне і маіх калегаў, якія «маюць нахабства» асьвятляць акцыі.

Аб праўладных рэпартэрах тут мовы няма. Апэратарам і карэспандэнтам розных «Беларусь-1», АНТ і мясцовых «кішэнных» каналаў ніхто працаваць не замінаў, дый падавалі пратэсты яны са свайго боку, не даючы шмат выказацца людзям. Іх рэпартажы былі пабудаваныя вакол таго, што ня ўсё ў нашай дзяржаве ідэальна, але вось вам – чарговая «галава зь языком» зь якога-небудзь Міністэрства працы ці зь біржы па найме працаўнікоў. Гэтая галава запэўнівае тую частку беларусаў, якая яшчэ не адключыла назаўсёды дзяржаўную тэлевізію, у тым, што праблемы з працаўладкаваньнем вырашацца найбліжэйшым тыднем.

Матэрыялы незалежных журналістаў былі зусім іншымі. Скажу за сябе. Я працаваў на шэрагу акцыяў у Віцебску і Магілёве, рабіў матэрыялы для «Радыё Рацыя». У Воршы мне працаваць не далі супрацоўнікі міліцыі, якія прыйшлі ў кватэру акурат раніцой у дзень «Маршу недармаедаў» і пачалі праводзіць ператрус, які, натуральна, безвынікова скончыўся якраз тады, калі акцыя падыходзіла да заканчэньня. Словы ў маіх матэрыялах даваліся як прадстаўнікам улады, так і пратэстоўцам. Выразна паказвалася, чым канкрэтна людзі незадаволеныя.

Так падрабязна я апісаў сытуацыю дзеля таго, каб чытачы зразумелі – затрыманьні, штрафы, нават суткі зьняволеньня не былі для журналістаў шокам. Калі ты абіраеш такі шлях і ідзеш па ім, мусіш зразумець нелюбоў цяперашняй беларускай дзяржавы да дэмакратыі і правоў чалавека.

Зьнявага правоў асобы была відавочная адразу ж у ізалятары часовага ўтрыманьня, у  якім я адбываў 10 сутак абсурднага адміністрацыйнага арышту.

Прыбіральня? Хопіць старога іржавага кавалку керамікі, які калісьці быў унітазам. Загародка, каб цябе ня бачылі? Усё адкрыта. Змываньне? Зробім зьліў вады па шлянгу з рукамыйніка. Якая розьніца, што стаіць смурод круглыя суткі, напору вады не хапае, усё старое ды іржавае. Зьняволеныя ў Беларусі – ня людзі, а жывёлы.

Плюс да ўсяго, курцоў саджаюць з тымі, хто ня паліць. Я не палю, але ў камэры ты не загадаеш сукамэрніку не паліць, бо ў такім выпадку ён проста звар’яцее без сваёй кепскай звычкі.

Асобная мова пра харчаваньне. Тое, што вітамінаў не дачакаесься, было зразумела. Але ў Віцебскім ІЧУ прымудрыліся быць на парадак горшымі за некаторыя іншыя ізалятары, як я магу меркаваць па расповедах тых, хто сядзеў у іншых гарадох.

Каша на вадзе, бяз солі, адна і тая ж хлебная катлета штодня! Ніякай – нават недаваранай – бульбы, а толькі груца, грэчка. Прыгатаваныя яны так, што нават студэнт першага курсу, які ўпершыню ўзяў у рукі рондаль і стаў за пліту, зробіць кашу, смачнейшую за гэту.

А тыя хлебныя катлеты часта адрозьніваліся па памерах, былі і зусім маленькія, яўна са зьмяншэньнем нормы.

Гарбата? Адзін сьмех. Пакуль вялікі цэбар вазілі па паверсе, гарбата пасьпявала ачахнуць і ў камэры дастаўлялася, як правіла, ужо халоднай. П’еш салодкую слабанастоеную ледзь цёплую ваду, а грошыкі за ўтрыманьне капаюць супраць цябе.

Відавочна, гарбата, якая прапісаная ў афіцыйных дакумэнтах, прапісваецца там гарачай і якаснай. Як і іншая ежа – катлеты на паперы, безумоўна, мясныя. Па дакумэнтах, не сумняюся, усё ідэальна, іначай за што мы плацім 11 рублёў 50 капеек за адзін дзень утрыманьня?

Катлеты катлетамі, а суп – і наогул памыі, якія можна есьці толькі дзеля таго, каб ня страціць сілы.

Для параўнаньня: пасьля сваіх сутак я адправіўся ў звычайную віцебскую кавярню, дзе роўна за 11 рублёў атрымаў вельмі якасны абед. Такой колькасьці ежы не атрымліваеш за кратамі і за цэлы дзень, затое плаціш вялікія грошы.

Адзіная смачная ежа ў ізалятары – хлеб. Ён заўсёды выдаецца сьвежы. Але іншая ежа, пазбаўленая вітамінаў і прыгатаваная жахліва, перакрэсьлівае ўсё.

Патэлефанаваць – даюць, дзеля гэтага трэба толькі напісаць заяву раніцай.

І ў душ можна раз на тыдзень. Тут праблемаў не было, мне надавалі гэтыя паслугі на маю просьбу.

А вось лісты часта не даходзяць. Па выхадзе з ізалятару я сустрэў некалькіх чалавек, якія запытвалі, чаму я ім не адказаў. Я сказаў, што, па-першае, не атрымліваў іх лістоў, а па-другое, ня меў капэртаў – іх усё-ткі трэба асобна даваць у перадачах. Куды падзеліся лісты, на якім этапе яны «абрэзаліся»? Ці то пошта гэтак кепска працуе, ці то яны вылятаюць на хаду з паштовай машыны, або іх «забракавалі» ў ізалятарскай цэнзуры – пытаньне.

Нары хістаюцца, дошкі на іх сям-там парэпаныя, у расколінах. Матрацы выдаюцца такія старыя, што спаць на іх роўна немагчыма, унутраны напаўняльнік зьбіваецца камякамі, разраўняць не ўдаецца.

У камэрах няма дзённага сьвятла. Прынамсі, у тых, дзе сядзеў я. Вокны былі прадугледжаныя, але ў Віцебскім ІЧУ яны засланёныя мэталёвымі лістамі, каб ніякае сьвятло не пранікала. Таму 24 гадзіны на суткі ў камэры гарыць штучнае сьвятло. Пры чытаньні і пісаньні ў такіх умовах псуеш вочы.

На шпацыр выводзяць, але часьцей за ўсё тады, калі гэтага захочацца самім ахоўнікам. Ахоўнікі – міліцыянты, яны паводзяць сябе па-рознаму. Ёсьць тыя, з кім можна дамовіцца пайсьці на шпацыр праз 30 хвілінаў, а працуюць і такія, хто пляваў на ўсе твае словы і з гідкай усьмешкай на адкормленым твары кажа: «Сёньня шпацыру ня будзе».

Часта вартаўнікі ў ізалятары білі ў дзьверы кулаком, як толькі бачылі, што ты пры чытаньні абапіраесься на локаць. Крык «Ня спаць!» выглядае сьмешным – ты ж сапраўды чытаеш, вочы ў цябе расплюшчаныя, але міліцыянту неабходна зарэкамэндаваць сябе перад начальствам, задаволіць нейкія комплексы, што засталіся зь дзяцінства.

А вось заключныя дні ў ізалятары запомніліся тым, што нарэшце ўключылі больш-менш прымальнае радыё, на якім круцілі рэтра-кампазыцыі. Дагэтуль жа гучалі радыёстанцыі з поп-музыкай – яна бясконца паўтаралася, а блёкі навінаў там рыхтаваліся так, што на нармальным радыё навіншчык вылецеў бы з працы пасьля пары такіх выпускаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства