Мікалай Дзядок: Нічога добрага гэты перавод для Міхаіла Жамчужнага не прынясе

2017 2017-07-13T12:05:19+0300 2017-07-13T12:13:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/2015-09-29-17_47_42-.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок.

Мікалай Дзядок.

Былы палітвязень Мікалай Дзядок каментуе інфармацыю пра перавод палітвязня Міхаіла Жамчужнага ў Горацкую калонію №9 і з уласнага вопыту распавядае пра ўмовы ўтрымання ў самым суровым месцы пазбаўлення волі ў Беларусі.

"У ПК-9 у Горках я знаходзіўся 3,5 месяцы, да самага вызвалення. Амаль ўвесь гэты час я знаходзіўся альбо ў ШІЗА, альбо ў ПКТ. Менавіта ў гэтай зоне мне прыйшлося ўскрыцца, каб дабіцца перавода ў іншую камеру.

Зона ў Горках па ўмовах ўтрымання - горшая сярод зон строгага рэжыму.  У бараках часам знікае вада. На прамзоне пасля працоўнага дню зэкі грэюць ваду кіпяцільнікамі і мыюцца з кружак. У той жа час адміністрацыя хоча зрабіць гэтую зону ўмоўна-паказальнай і таму ўзмацняе рэжым. Для ўтрымання "парадку" адміністрацыя актыўна выкарыстоўвае кулакі блатных. Гэта ўвогуле галоўная адметнасць горкаўскай калоніі. "Сматрашчы" і купка людзей вакол яго актыўна ціснуць на зэкаў, калі адміністрацыя не хоча ўмешвацца напрамую. Асабіста не бачыў, але чуў ад зэкаў гісторыі аб тым, як білі людзей за тое, што яны выпісвалі апазіцыйную прэсу ці пісалі скаргі, ці спрабавалі "расшатаць рэжым". Узамен блатныя атрымліваюць шэраг прывілеяў: напрыклад, вольнае перамяшчэнне па зоне, перадачы, спатканні, і гэтак далей". 

Мікалай Дзядок распавядае, што адміністрацыя калоніі адчувае сябе вельмі вольна і беспакарана, быццам іх нехта адмыслова прыкрывае. Нахабна парушаюць права на сустрэчу з адвакатам:

"Мне шляхам маніпуляцый (то ў іх "абед", то "некаму вывесці") скарачалі час сустрэч з адвакатам да 15-ці хвілін. Хаця перад гэтым ён па 3-4 гадзіны сядзеў і чакаў. Скаргі, якія я пісаў на гэты конт, проста не выходзілі з калоніі".

Мікалай Дзядок мяркуе, што прычынай пераводу Жамчужнага “на Горкі” можа быць тое, што ў папярэдняй зоне ён меў павагу сярод зняволеных і змог знайсці агульную мову з адміністрацыяй калоніі.

"У Горках такога, думаю, не будзе. Гэта сапраўдная "прэс-зона" для палітычных. Не дарма туда звазілі ў свой час Зміцера Дашкевіча, Васілія Парфянкова, ды і мяне. Таму нічога добрага гэты перавод для Міхаіла не прынясе. Але ён моцны чалавек і ўпэўнены, што ён вытрымае гэтае выпрабаванне".


Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасня 2010 году ў якасці падазраванага па справе аб “нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі” у ноч на 31 жніўня ў Менску. Праваахоўныя органы Беларусі арыштавалі маладога чалавека на трое сутак і зьмясцілі ў ІЧУ. 24 верасня 2010 г., фактычна адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, Мікалай Дзядок быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад’яўленае абвінавачаьне па артыкуле 339 ч. 2 — “хуліганства”.

27 траўня 2011 г. у Заводзкім судзе гораду Менску суддзя Жанна Хвайніцкая вынесла Мікалаю прысуд — 4,5 гады пазбаўленьня волі (г.зв “справа анархістаў”). Да гэтага моманту Мікалай Дзядок ужо больш за 8 месяцаў знаходзіўся пад арыштам.

Адбываў пакаранне ў Магілёўскай турме №4.

4 снежня 2012 г. адмысловая камісія калёніі прыняла рашэнне аб пераводзе Мікалая Дзядка ў крытую турму за парушэнні дысцыпліны, палітвязню было вынесена  ажно 22 спагнанні. У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за “парушэнне рэжыму адбыцця пакарання”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. 12 мая стала вядома, што Мікалая Дзядка перавялі ў папраўчую калонію №9 у г. Горкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства