viasna on patreon

З’яўленне лакальных ініцыятываў - нагода для аптымізму Аўдыё

2017 2017-07-12T12:47:20+0300 2017-07-12T13:56:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shishchankova_forum.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, 4 ліпеня 2017 года. Марыя Шышчанкова другая з правага боку

Паралельны форум грамадзянскай супольнасці, 4 ліпеня 2017 года. Марыя Шышчанкова другая з правага боку

Усё часцей эксперты кажуць пра такую тэндэнцыю як звужэнне прасторы для арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і праваабарончых, на постсавецкай прасторы. Гэта выяўляецца ў заканадаўчых абмежаваннях дзейнасці няўрадавых арганізацый, скарачэнні фінансавання для НДА, складанасцях ва ўзаемадзеянні з дзяржавай, негатыўных выказваннях на адрас незалежных НДА ў СМІ і выступах палітыкаў, пераследзе і пагрозах у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў, з’яўленні GONGO. У такіх умовах грамадзянская супольнасць пачынае шукаць новыя формы, метады працы, і ўсё больш увагі на сябе звяртаюць лакальныя ініцыятывы.

Пра важнасць развіцця лакальных ініцыятываў як формы працы праваабаронцаў у няпростых умовах ішла гаворка на адной з панэляў Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці АБСЕ, які на мінулым тыдні праходзіў у Мінску. Гэтую тэму пры абмеркаванні стратэгій абароны і пашырэння магчымасцяў для НДА закранула прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders Марыя Шышчанкова.

“Тое, што дзяржавы не жадаюць размаўляць са сваёй грамадзянскай супольнасцю, мы бачым усё часцей. Мы працуем з праваабаронцамі ў розных краінах, і мне здаецца, што ўсё болей няўрадавых арганізацый на месцах задаюць сабе пытанні: а ці правільна далей працягваць працаваць так, як працавалі апошнія 10 гадоў? Ці варта бясконца апеляваць да міжнародных арганізацый, рыхтуючы справаздачы, пратаколы,рэкамендацыі, і лабіяваць нейкія рэчы? Ці не лепш будзе гэтую энергію патраціць на мясцовыя ініцыятывы, на працу са сваім насельніцтвам? Мне здаецца, што гэта не бесперспектыўна, і ў многіх сферах праваабарончай працы гэта бачна.

Так, мы бачым шэраг базавых ініцыятываў, якія ўзнікаюць спантанна. У большасці сваёй яны кароткатэрміновыя, але яны ёсць. Паглядзіце, як, напрыклад, у Піцеры пасля акцыі пратэсту 12 чэрвеня, дзе арыштавалі каля 700 чалавек, усім гэтым людзям знайшліся абаронцы, а таксама тыя, хто насіў ім перадачкі. Падобныя ініцыятывы дапамогі рэпрэсаваным пастаянна ўзнікаюць у Крыме. Такія ініцыятывы фінансуюцца не абавязкова адкуль-небудзь здалёк, а часта - людзьмі на месцах. Таму што гэтыя людзі добра разумеюць, чаму можна ахвяраваць пэўную суму грошай і на што яны будуць патрачаныя.

Такім чынам, нягледзячы на звужэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці, з’яўленне лакальных ініцыятываў дае нагоду для аптымізму. Гэта, канешне, не тое, што зможа замяніць сабою дзейнасць паўнавартасных праваабарончых арганізацый, якія стратэгічна працуюць на працягу многіх гадоў. Аднак гэта добры паказчык таго, што грамадзянская супольнасць у нашых краінах жывая”.

Нагадаем, Паралельны форум грамадзянскай супольнасці адбыўся ў Мінску 4 ліпеня, напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, і сабраў больш за 100 прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх і замежных (FIDH, Human Rights House Foundation, Front Line Defenders, Amnesty International і інш.) праваабарончых НДА, гасцей з ПА АБСЕ, БДІПЧ і іншых структур АБСЕ і з амбасадаў у Мінску. Арганізатары Форума – праваабарончыя НДА – бачаць сваёй мэтай умацаванне чалавечага вымярэння і пазбяганне ігнаравання пытанняў правоў чалавека ў сітуацыі новых выклікаў у рэгіёне АБСЕ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства