Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2017

2017 2017-06-30T19:45:38+0300 2017-07-10T16:01:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_june_2017.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

На працягу месяца назіралася зніжэнне колькасці выпадкаў адміністратыўнага пераследу грамадзянаў у сувязі з рэалізацыяй імі гарантаваных правоў, што, у першую чаргу, звязана з практычнай адсутнасцю пратэстных выступленняў;

2 чэрвеня з-пад варты, у сувязі са змяненнем меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, былі вызваленыя фігуранты справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" Сяргей Кунцэвіч і Андрэй Бяляўскі. Пасля вызвалення Сяргей Кунцэвіч заявіў аб ужыванні да яго супрацоўнікамі КДБ катаванняў электрошокером. Гэтая інфармацыя паслужыла падставай для прыняцця сумеснай заявы праваабарончых арганізацый з патрабаваннем аб вызваленні і змене меры стрымання ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных па гэтай справе, якія знаходзяцца ў ізаляцыі;

13 чэрвеня стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу па ч. 3 арт. 293 КК (падрыхтоўка масавых беспарадкаў) у дачыненні да ўсіх шасцярых актывістаў арганізацыі "Малады фронт", якія з'яўляліся падазраванымі і абвінавачанымі па гэтай справе, - Дзмітрыя Крэмянецкага, Уладзіміра Яроменка, Дзмітрыя Дашкевіча, Сяргея Пальчэўскага, Рамана Васільева, Арцёма Леўчанкі;

16 чэрвеня Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь было заяўлена аб спыненні крымінальнай справы, узбуджанай па ч. 3 арт. 293 КК і прыняцці вытворчасці па справе, распачатай КДБ па арт. 287 КК (арганізацыя незаконнага ўзброенага фармавання);

17 чэрвеня актывісты кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Шарэнда і Паліна Шарэнда-Панасюк былі апавешчаныя Упраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх. Пераслед актывістаў быў звязаны з узбуджэннем крымінальнай справы па факце вывешвання банера з надпісам, які, згодна з высновамі экспертызы, цынічна абражаў кіраўніка дзяржавы, што ўтварала склад злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);

27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. Крымінальны пераслед, аднак, спынены не быў.

Той факт, што на працягу месяца быў спынены шэраг раней узбуджаных крымінальных справаў, якія маюць яўна палітычна матываваны характар, а з-пад варты былі вызваленыя ўсе абвінавачаныя, затрыманыя напярэдадні 25 сакавіка, выклікае асцярожны аптымізм, але не сведчыць пра змену палітыкі дзяржавы ў галіне абароны правоў чалавека ў краіне ў цэлым і пакуль не дае падставаў для сцверджанняў пра змякчэнне рэпрэсіўных практык як пра ўстояную тэндэнцыю;

23 чэрвеня на 35-й сесіі Савета па правах чалавека ААН адбылося галасаванне па рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі", а 27-га чэрвеня была прынятая рэзалюцыя ПАСЕ пра сітуацыю ў Беларусі.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

2 чэрвеня з СІЗА на свабоду выйшлі Сяргей Кунцэвіч і Андрэй Бяляўскі. Абодва фігуранты справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" былі вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе.

Пасля вызвалення ў інтэрв'ю Свабодзе, а пазней і ПЦ "Вясна" Сяргей Кунцэвіч распавёў, што ў КДБ (там ён прабыў першыя два тыдні пасля затрымання) падвяргаўся катаванням электрашокерам - такім чынам у яго спрабавалі даведацца месцазнаходжанне палітыка Мікалая Статкевіча.

У сувязі з агучанай інфармацыяй пра ўжыванне катаванняў праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай, у якой запатрабавалі ад уладаў краіны правядзення расследавання агучаных Сяргеем Кунцэвічам фактаў, а таксама змены меры стрымання і вызвалення ўсіх фігурантаў крымінальнай справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў".

13 чэрвеня стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу па ч. 3 арт. 293 (падрыхтоўка масавых беспарадкаў) у дачыненні да ўсіх шасцярых актывістаў арганізацыі "Малады фронт", якія раней праходзілі ў якасці падазраваных і абвінавачаных па гэтай крымінальнай справе. Крымінальны пераслед у дачыненні да Дзмітрыя Крэмянецкага, Дзмітрыя Дашкевіча, Сяргея Пальчэўскага, Рамана Васільева, Уладзіміра Яроменка і Арцёма Леўчанкі быў спынены ў сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства.

16 чэрвеня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў пра прыняцце да вытворчасці крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, якая раней вялася КДБ. Адначасова было паведамлена пра спыненне крымінальнай справы, распачатай па ч. 3 арт. 293 КК (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

27 - 30 чэрвеня з-пад варты былі вызваленыя абвінавачаныя па справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў СІЗА: Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі, Уладзімір Фёдараў, Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Аляксандр Яўдаха, Віктар Данілаў, Андрэй Комлік-Ямацін, Дзмітрый Новік, Аляксей Абрамаў, Андрэй Дундукоў, Іван Кавальчук, Віктар Мароз, Міраслаў Лазоўскі.

Усім ім была змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе, але яны застаюцца ў статусе абвінавачаных па гэтай крымінальнай справе.

17 чэрвеня актывісты кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Шарэнда і Паліна Шарэнда-Панасюк былі апавешчаныя Упраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх. Пераслед актывістаў быў звязаны з узбуджэннем крымінальнай справы па факце вывешвання банера з надпісам, які, згодна з высновамі экспертызы, цынічна абражаў кіраўніка дзяржавы, што ўтварала склад злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта);

Варта нагадаць, што ў месцах пазбаўлення волі працягваюць знаходзіцца Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка, якія раней беларускай праваабарончай супольнасцю былі прызнаныя палітвязнямі.

Пераслед і ціск на праваабаронцаў

Увечары 30 траўня супрацоўнікамі міліцыі Першамайскага раёна г. Віцебска быў затрыманы праваабаронца, сябра БХК Павел Левінаў. Пасля затрымання ён быў дастаўлены ў ІЧУ УУС па Віцебскай вобласці для адбыцьця 15-сутачнага адміністратыўнага арышту. Нагадаем, што 17 красавіка суддзёй Кастрычніцкага раёну Віцебску Інай Грабоўскай была вынесена пастанова аб адміністратыўным арышце Левінава на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, якія прайшлі ў горадзе 25 і 26 сакавіка. Суд праходзіў завочна: Левінаў у гэты час знаходзіўся на лячэнні па-за межамі Беларусі. Спроба абскарджання рашэння раённага суда поспеху не прынесла: Віцебскім абласным судом яно было пакінутае ў сіле.

5 траўня, пасля вяртання ў Беларусь, Павел Левінаў быў затрыманы віцебскімі супрацоўнікамі міліцыі, аднак з прычыны павышанага артэрыяльнага ціску прама з ІЧУ ён трапіў у бальніцу. Праз некалькі дзён яму была зробленая планавая аперацыя.

У сувязі з арыштам Паўла Левінава Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў выступіла з адмысловай заявай.

27 чэрвеня назіральніку ПЦ "Вясна" Аляксею Лойка, збітаму пры налёце на офіс праваабарончай арганізацыі 25 сакавіка, было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Нагадаем, 25 сакавіка падчас налёту на офіс ПЦ "Вясна" на праспекце Незалежнасці, 78а былі затрыманыя 57 чалавек - праваабаронцы, назіральнікі, журналісты, у тым ліку замежныя, якія прыйшлі на інструктаж па маніторынгу акцыі да Дня Волі.

Не знайшлі парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў АМАПу пры налёце на офіс ПЦ "Вясна" і пры разглядзе скаргі праваабаронцы Анастасіі Лойка. Пра гэта паведамлялася ў заключэнні па выніках праверкі, праведзенай намеснікам начальніка аддзела правапарадку і прафілактыкі РУУС Першамайскага раёна г. Мінска падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Скуратовічам.

Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае абыходжанне

Маці загінулага ў Светлагорскім ІЧУ ў 2012 годзе адміністратыўна арыштаванага Аляксандра Акуліча атрымала паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН аб тым, што яе індывідуальны зварот аб парушэнні Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах быў зарэгістраваны ў Камітэце 12 чэрвеня пад нумарам 2987/2017.

Грамадзяне, якія змяшчаліся падчас сакавіцкіх акцый пратэсту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятарах часовага ўтрымання, абскардзілі бесчалавечныя і прыніжаючыя ўмовы ўтрымання ў гэтых установах. Затрыманыя скардзіліся на тое, што іх кармілі няякаснай і непрыдатнай для ўжывання ежай, а таксама на тое, што ў гэтых установах не ўлічваюцца асаблівасці харчавання паступіўшых туды людзей. У затрыманых не было магчымасці ўказаць, што чалавек з'яўляецца вегетарыянцам, веганам, мае алергію на асобныя прадукты ці асаблівасці харчавання па стане здароўя.

Рэакцыя дзяржаўных органаў на звароты была розная. У выніку праведзенай пракуратурай Слуцкага раёна праверкі ў ІЧУ ўстаноўленыя парушэнні заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым забеспячэнні адміністратыўна арыштаваных, у тым ліку і парушэнні, якія пададзены ў скаргах. Вынесена прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства. Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, які правёў свой маніторынг ізалятара часовага ўтрымання ў Слуцку, вынес заключэнне, што факты парушэнняў, пра якія ішла гаворка ў звароце, часткова мелі месца. Кіраўніцтву ІЧУ былі дадзены прапановы па іх выпраўленні і ўзмацненні кантролю за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Начальнік Слуцкага РАУС парушэнняў ва ўласным аддзеле не ўстанавіў.

Тым жа органам былі выяўлены парушэнні ў Мінску і накіраваны кіраўніцтву ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама прапановы па іх ліквідацыі, а таксама ўзмацненню кантролю за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры ўтрыманні асобаў, у дачыненні да якіх прымяняецца адміністратыўнае затрыманне. Выкананне прапаноў узята на кантроль санітарна-эпідэміялагічнай службай МУС Рэспублікі Беларусь.

Фігурант справы "аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" Сяргей Кунцэвіч, якому 2 чэрвеня змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" і распавёў, што падчас допыту ў будынку КДБ Беларусі, які праходзіў у адсутнасць адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі следчыя, нанеслі некалькі ўдараў па целе, адзін з іх пасля гэтага 3 - 4 разы выкарыстаў у дачыненні да яго электрашокер, уздзейнічаў ім на ​​левую нагу на працягу 30 - 40 секунд. Гэта прыносіла моцныя фізічныя пакуты. Пасля таго, як у кабінет вярнуліся следчыя і пачалі працягваць допыт, адзін з людзей у чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненнем. Па словах Кунцэвіча, у перыяд знаходжання ў СІЗА КДБ парушаліся яго працэсуальныя правы, ён утрымліваўся ў прыніжаючых, бесчалавечных умовах: 14 дзён спаў на падлозе, на працягу дня сядзеў на вузкай дошцы, не атрымліваў медыцынскай дапамогі. У якасці прыбіральні выкарыстоўвалася вядро, якое стаяла на вачах у іншых арыштаваных. Усе сведчанні пра катаванні задакументаваныя шляхам відэа і аўдыёзапісу.

Раней старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі накіроўваў зварот да Генеральнага пракурора Беларусі з просьбай ініцыяваць праверку наконт магчымага прымяненне катаванняў у дачыненні да асобаў, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Генпракуратура адмовілася правяраць выкладзеныя факты.

Пасля стала вядома, што скаргу Сяргея Кунцэвіча на катаванні і жорсткае абыходжанне Следчы камітэт перанакіраваў у КДБ.

У парушэнне ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў, з парушэннем устаноўленай працэдуры, пазбавіўшы права на юрыдычную дапамогу, беларускімі ўладамі быў перададзены расійскім спецслужбам грамадзянін Расійскай Федэрацыі Мурад Амрыеў, які пераследваўся ўладамі Чачні, а раней стаў ахвярай катаванняў у паліцыі Чачні.

Актывіст «Маладога фронту» Дзмітрый Крэмянецкі накіраваў зварот у Камітэт дзяржаўнай бяспекі з заявай аб вынясенні пастановы аб праве на пакрыццё шкоды: яго ўтрыманне пад вартай было незаконным. Некалькі сутак ён недасыпаў з прычыны начных допытаў. Акрамя таго, на допыты яго вадзілі з апранутым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прыносіла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала яго чалавечую годнасць.

Сваякі памерлага ў Жодзінскай турме №8 Алега Багданава практычна восем месяцаў дамагаліся распачынання крымінальнай справы па факце неналежнага выканання медыцынскімі работнікамі турмы сваіх прафесійных абавязкаў. Пасля праведзенага расследавання, 12 траўня 2017 года Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці была вынесена пастанова аб спыненні папярэдняга расследавання ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў турмы складу злачынства.

Жыхаром Фаніпаля Сяргеем Ткачэнкам быў накіраваны зварот у Дзяржынскі РАУС з заявай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія пры затрыманні яго моцна збілі, прычыніўшы цялесныя пашкоджанні, пры гэтым парвалі куртку. Падставай для звароту паслужыла жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з ім супрацоўніка міліцыі Е. Бязверхага. Пасля выхаду з аддзялення міліцыі судова-медыцынская экспертыза выявіла сляды не менш як 26-ці траўматычных уздзеянняў на целе затрыманага. Аднак павярхоўна праведзеная праверка не ўстанавіла віны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Пераслед за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і свабоды слова

Куратар стрыт-арт праекта Signal Алег Ларычаў быў затрыманы міліцыяй разам з сяброўкай Ганнай Новік, пры іх былі фарбы і трафарэты. Па сфабрыкаваных пратаколах за дробнае хуліганства Ганну Новік суд аштрафаваў на 10 базавых велічынь, Алега Ларычава - на 30 базавых велічынь.

Алег Ларычаў раней адбыў пяць сутак адміністратыўнага арышту за нібыта "размахванне рукамі і нецэнзурную лаянку", да таго ён быў аштрафаваны на 1150 рублёў за дамалёўку калючага дроту на мурале "Масква-Мінск". У пачатку красавіка Ларычаў быў збіты двума невядомымі, асобы, якія напалі на яго, дагэтуль не знойдзеныя.

У Гомелі суд Савецкага раёна не стаў разглядаць і адправіў на дапрацоўку адміністратыўную справу ў дачыненні да відэаблогера Максіма Філіповіча. 2 чэрвеня старэйшы лейтэнант міліцыі з Савецкага РАУС Дзмітрый Акуліч абвінаваціў блогера ў незаконным вырабе і распаўсюдзе жывых відэатрансляцый у сацыяльных сетках.

У Магілёве ў дачыненні да Уладзіміра Лапцэвіча складзена сем пратаколаў за публікацыі ў тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва». У яго дзеяннях міліцыяй былі ўгледжаныя прыкметы правапарушэння - незаконнага вырабу прадукцыі СМІ.

Смяротнае пакаранне

21 чэрвеня падчас слуханняў у Магілёўскім абласным судзе па рэзананснай справе пра так званых "чорных рыэлтараў" прадстаўніком дзяржабвінавачання для абвінавачаных Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога была запатрабавана выключная мера - смяротнае пакаранне. Прысуд суда будзе абвешчаны 21 ліпеня 2017 г.

30 чэрвеня ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь была разгледжана апеляцыйнай скарга Аляксея Міхалені на прысуд Гомельскага абласнога суда, якім ён быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Скарга Аляксея Міхалені была пакінутая без задавальнення, а прысуд суда першай інстанцыі - без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства