Смяротны прысуд Аляксею Міхаленю ўступіў у законную сілу

2017 2017-06-30T19:26:30+0300 2017-07-03T08:45:03+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mihalenia-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Міхаленя. Фота: ПЦ "Вясна".

Аляксей Міхаленя. Фота: ПЦ "Вясна".

Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Нароўлі Аляксея Міхалені. Судовае паседжанне Калегіі па крымінальных справах ВС пад старшынством суддзі Руслана Аніскевіча адбылося 30 чэрвеня.

Гомельскім абласным судом 17 сакавіка Міхаленя быў прызнаны вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця двух асоб: брата і сястры, якія жылі разам у адным доме, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п.1, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу) і асуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу. Вядома таксама, што мужчына раней быў двойчы судзімы за крадзеж, а ў непаўнагадовым узросце - за забойства.

У судовай залі Вярхоўнага суда асуджанага ахоўвалі пяць супрацоўнікі міліцыі. Забойца, з кайданкамі на руках, быў змешчаны ў металічную клетку.

Напачатку суд вызначыўся з працэдурнымі пытаннямі і, пасля абмеркавання з зацікаўленымі бакамі, вынес рашэнне аб забароне фота і відэа з’ёмкі, дазволіўшы весці толькі аўдыёзапіс.

Адна з адвакатак асуджанага Таццяна Падрэцкая хадайнічала перад судом аб далучэнні да справы шэрагу дакументаў, якія станоўча характарызуюць асобу Міхалені, а таксама запыты ва ўстановы, датычныя да следчых дзеянняў, на якія яшчэ не атрымала адказу.

Адвакат патлумачыла, што падчас следства былі дапушчаныя працэсуальныя парушэнні, доказы ягонага злачынства дабываліся пасля затрымання, маюцца недакладнасці ў судовай і псіхолага-псіхіятрычнай экспертызах, зазначыўшы што яны не поўныя, у іх не ўлічаныя многія фактары.  Не згодная яна з вызначэннем суда, які палічыў абцяжарваючым фактарам стан алкагольнага ап’янення, што па яе меркаванню судом не даказана.

Абаронца таксама звярнула ўвагу, што пад час першых допытаў пасля затрымання Міхалені, было парушанае ягонае права на абарону, дзяжурны адвакат быў прадстаўлены толькі пасля двух з паловай гадзін допыту.

Адвакат прасіла суд адмяніць рашэнне суду першай інстанцыі, направіць справу на новы разгляд, каб больш грунтоўна разабрацца ва ўсіх недакладнасцях і акалічнасцях справы.

“Колькасць працэсуальных парушэнняў настолькі вялікая, што іх немагчыма падрабязна разгледзець у апеляцыйным парадку”, – адзначыла абаронца.

Такую ж просьбу выказала і другая адвакатка, Кмітта, якая напачатку прасіла Вярхоўны суд змяніць пакаранне на больш мяккае, спасылаючыся на псіхічнае захворванне падабароннага, у якога вызначана лёгкая разумовая адсталасць.

Аляксей Міхаленя ў Вярхоўным судзе. Фота: БелПАН.

Пасля перапынку, насуперак пярэчанням дзяржаўнага абвінаваўцы, суд прыняў рашэнне задаволіць хадайніцтва абароны ў поўным аб’ёме і далучыць матэрыялы да справы.

"Аляксей Міхаленя нарадзіўся ў 1984 годзе ў Ельскім раёне, мае няпоўную сярэднюю адукацыю, беcпрацоўны, – зачытвае матэрыялы справы суддзя. – Тройчы судзімы, у тым ліку за забойства. Пасля чарговага вызвалення з месцаў пазбаўлення волі 27 лютага 2016 года вярнуўся ў бацькоўскі дом, а 4 сакавіка на глебе непрыязных адносінаў у доме забітага ім у той жа вечар Фацеева ўчыніў бойку. Па матэрыялах следства, ён нанёс гаспадару больш за 20 траўматычных удараў кулакамі, драўлянай палкай і ўрэшце нажом. Гэтак жа ён расправіўся і з сястрой гападара. Пры гэтым асуджаны ўсведамляў асаблівую жорсткасць сваіх учынкаў".

Міхаленю затрымалі на наступны дзень, 5 сакавіка. У той жа дзень ён прызнаўся ў здзейсненым і напісаў яўку з павіннай. 

Сам Міхаленя распавёў суду крыху іншую версію трагедыі. Па ягоных словах, бойку распачалі гаспадары дома, куды ён завітаў па просьбе бацькі, а ён пачаў абараняцца, а ўрэшце рэшт перастаў усведамляць, што робіць. Многія рэчы ён зусім не памятае.

Дарэчы, у матэрыялах судовай экспертызы зафіксаваныя шматлікія цялесныя пашкоджанні на целе самога забойцы: разбітыя твар і нос, гематомы на спіне. На гэтыя акалічнасці суд першай інстанцыі не звярнуў увагі, эксперт не быў дапытаны у працэсе.

Міхаленя падвергнуў сумненню заключэнне медыкаў аб сваім алкагольным стане, паведаміўшы, што дзьмуў у трубку двойчы з інтэрвалам у некалькі гадзін, аднак першага, нейтральнага заключэння, у справе не было.

У сваім слове Міхаленя заявіў, што раскайваецца ў здзейсненым злачынстве, просіць прабачэння ў пацярпелых па справе, сцвярджае, што мог бы аддаць жыццё, каб вярнуць забітых да жыцця.

Ён просіць ўлічыць, што непрыязных адносін да забітых у яго не было, а затым доўга ды падрабязна  распавядаў суду пра акалічнасці таго трагічнага дня, аж пакуль яго не сталі перабіваць пытаннямі суддзі.

Ён кажа, што напісаў яўку з павіннай, актыўна супрацоўнічаў са следствам, а гэта змякчальныя абставіны, якіх не ўлічыў суд першай інстанцыі.

“Высокі суд! Мне брыдка, сорамна і страшна. Дазвольце жыць хаця б пад замком”, –  завяршыў свой выступ Аляксей Міхаленя.

У сваім слове дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што скаргі абаронцаў на прысуд безпадстаўныя, віна асуджанага судом даказаная цалкам і ў поўным аб'ёме. Міхаленя меў намер на забойства і адказваў за свае дзеянні цалкам.

Пасля перапынку старшыня судовай калегіі Руслан Аніскевіч агучыў пастанову: рашэнне суду першай інстанцыі пакінуць без зменаў, а скаргі без задавальнення. Затым коратка патлумачыў, што асуджаны мае права падаць прашэнне на імя Прэзідэнта аб памілаванні ў дзесяцідзённы тэрмін псля атрымання судовага рашэння.


Па звестках праваабаронцаў, у Мінскім СІЗА №1 зараз чакае выканання прысуду толькі адзін чалавек – жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які адмовіўся ад падачы апеляцыйнай скаргі.

Ад пачатку  2017 года адзін прысуд быў прыведзены ў выкананне. Гамяльчанін Сяргей Вострыкаў, скаргу якога Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення, растраляны ў другой палове красавіка.

Нагадаем, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. Пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі было прыгаворана больш за 400 чалавек, за ўвесь гэты час смяротнае пакаранне было заменена турэмным тэрмінам толькі аднаму асуджанаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства