На вачах у міжнароднай грамадскасці можа быць зацверджаны чарговы расстрэльны прысуд

2017 2017-06-29T13:31:15+0300 2017-06-29T13:48:48+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kamera_vochka.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы

Вочка ў камеры смяротнікаў на Валадарцы

Вярхоўны суд Беларусі 30 чэрвеня разгледзіць апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Аляксея Міхалені. Апеляцыя адбудзецца напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць 5 – 9 ліпеня ў Мінску.

Вышэйшая судовая інстанцыя разгледзіць скаргу 32-гадовага жыхара Нароўлі Аляксея Міхалені на рашэнне Гомельскага абласнога суда ад 17 сакавіка гэтага года, якім ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Гэты першы смяротны прысуд, вынесены ў 2017 годзе, быў расцэнены як крок, які ідзе ўразрэз з заяўленай Беларуссю гатоўнасцю ўзаемадзейнічаць з міжнароднай супольнасцю і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання.

У звязку з набліжэннем сесіі ПА АБСЕ дарэчы прыгадаць, што Беларусь з’яўляецца адной з дзвюх краінаў у рэгіёне АБСЕ, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. І з боку парламентарыяў еўрапейскіх краінаў прагучала прапанова прыняць падчас сесіі рэзалюцыю па Беларусі, у якой адным з патрабаванняў да ўладаў краіны будзе ўвядзенне мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання. Такое ж патрабаванне выкладзена ў апошніх рэзалюцыях па Беларусі дзвюх міжнародных арганізацый – рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ад 27 чэрвеня, дзе адзначаецца, што пры адсутнасці мараторыя на смяротнае пакаранне і прагрэсу ў пытанні павагі да дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасцяў Бюро ПАСЕ не можа адмяніць прыпыненне статусу спецыяльнага запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі, і рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН ад 23 чэрвеня, дзе ў чарговы раз выказваецца глыбокая занепакоенасць з нагоды прымянення гэтай меры пакарання без гарантый захавання належных працэсуальных нормаў, а таксама з нагоды абмежаванага аб'ёму адпаведнай інфармацыі ў дачыненні да яе прымянення.

Нагадаем, што праваабарончая супольнасць Беларусі таксама рашуча і паслядоўна заклікае ўлады краіны ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай яго адмены і для асуджаных за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў ужываць альтэрнатыўны від пакарання – пажыццёвае зняволенне.


Разгляд апеляцыйнай скаргі Аляксея Міхалені ў Вярхоўным судзе Беларусі распачнецца ў пятніцу 30 чэрвеня ў 09:30. Адрас суда: г. Мінск, вул. Леніна, 28.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства