Былога лідара «Белага легіёну» Лазоўскага перавялі з КДБ на «Валадарку»

2017 2017-06-27T07:52:59+0300 2017-06-27T18:04:40+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lazovski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міраслаў Лазоўскі (фота Радыё "Свабода")

Міраслаў Лазоўскі (фота Радыё "Свабода")

Фігурант крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання Міраслаў Лазоўскі пераведзены зь СІЗА КДБ ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, паведаміла прадстаўніца сем’яў затрыманых Ніна Шыдлоўская.

Паводле Радыё Свабода, Лазоўскі быў затрыманы ўвечары 21 сакавіка пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах з зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы. У той жа дзень і некалькімі днямі пазьней былі затрыманыя яшчэ больш за два дзясяткі чалавек, у тым ліку сябры «Маладога фронту» (на момант публікацыі вызваленыя) і чальцы легальнага клюбу «Патрыёт».

Да затрыманьня Лазоўскі працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсьцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя працавала падпольна і спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х.

Па «справе патрыётаў» 16 чэрвеня спынілі перасьлед па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Справу, у якой засталося «незаконнае ўзброенае фармаваньне», перадалі з КДБ у Сьледчы камітэт.

За кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы за «навучаньне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня» па артыкуле 287 КК. Праваабаронцы патрабуюць іх неадкладна вызваліць, бо затрыманыя казалі пра катаваньні, але Генпракуратура ня бачыць падставаў для пракурорскай праверкі.

Нявеста Лазоўскага Сьвятлана была ў ліку тых, хто казаў пра катаваньні затрыманых. Паводле яе, Міраслаў быў моцна зьбіты падчас арышту і што ў першыя дні сьледзтва да яго не пускалі адваката, хоць допыты працягваліся, у тым ліку ўначы.

Міраславу Лазоўскаму можна пісаць на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства