viasna on patreon

Павел Сапелка: «Заканадаўства ў частцы замацавання правоў зняволеных заганнае»

2017 2017-06-19T16:47:45+0300 2017-06-20T08:05:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kruglyi_stol_uslovia_zakluchennyh4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Умовы ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ на аснове сведчанняў адміністрацыйна арыштаваных у сакавіку гэтага года, праблемы дыскрымінацыі асуджаных па артыкуле 328 КК у месцах пазбаўлення волі, парушэнне жыллёвых і санітарных нормаў зняволеных, адсутнасць належнага медыцынскага забеспячэння асуджаных. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас круглага стала «Утрыманне ў турмах і ІЧУ: нормы і рэальнасць» з удзелам прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтру "Вясна".

Падчас мерапрыемства было ўзнята пытанне аб магчымасцях прававой абароны асуджаных, якія сутыкаюцца з вынесенымі на абмеркаванне за круглым сталом праблемамі. У гэтай сувязі праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначыў, што парадак абскарджвання спагнання зняволенымі прадугледжаны грамадзянска-выканаўчым кодэксам. І для таго, каб вязьню абскардзіць тое ці іншае спагнанне, якое можа на яго накладацца, яму трэба выплаціць дзяржпошліну ў памеры адной базавай велічыні, што часцяком можа складаць ледзь не гадавы заробак такога зняволенага.

«Акрамя таго, асуджанаму, вядома ж, хацелася б скарыстацца пры гэтым дапамогай адваката і добра было б паўдзельнічаць у судовым пасяджэнні. Але калі ПЦ "Вясна" правёў маніторынг гэтай праблемы ў свой час, аказалася, што ўсе тры пункта з'яўляюцца праблемамі: грошай на дзяржпошліну няма, забяспечыць доказы, як гэта прадугледжваюць правілы грамадзянскага працэсу, зняволены не можа, у суд яго запрашаюць, але ніхто не дастаўляе. У выніку суддзя выносіць рашэнне ў адсутнасць зняволенага», - сказаў Сапелка.

Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне павінна вырашацца на заканадаўчым узроўні: павінен быць перагледжаны працэс абскарджання асуджанымі накладання спагнанне, неабходна вынесці гэтую працэдуру ў асобную вытворчасць па пэўных правілах і гарантыямі для асобаў, якія звяртаюцца з такімі скаргамі.

kruglyi_stol_uslovia_zakluchennyh.jpg
Праваабронцы Алег Волчак, Павел Сапелка і Аляксей Лойка

Праваабаронца звярнуў увагу ўдзельнікаў круглага стала на тое, што, у першую чаргу, трэба казаць пра тое, што беларускае заканадаўства дазваляе адвольна і беспакарана парушаць асноўныя правы зняволеных: тыя правы, якія пералічаныя ў міжнародных дакументах, па якіх Беларусь узяла на сябе абавязацельствы, але не выконвае іх.

«І тут трэба выразна падзяліць працу па двух напрамках: сёння будзем займацца пытаннямі бытавых ўмоваў асуджаных, і тады гэта будзе адна мэтавая група і спосаб вырашэння гэтых пытанняў, заўтра мы будзем займацца пытаннямі, напрыклад, вяртання палітычных правоў зняволеным, якія да гэтага часу ў нас не галасуюць, нават тыя, якія яшчэ не прызнаныя вінаватымі, якія знаходзяцца ў СІЗА. І гэтыя пытанні мы не вырашым інспекцыйнай паездкай, дэгустацыяй баршчу і іншага.

Пытанне на сённяшні дзень паўстае не ў невыкананні заканадаўства, а ў тым, што гэтае заканадаўства ў частцы замацавання правоў зняволеных - заганна. І яшчэ больш яно заганна ў той частцы, дзе яно замацоўвае кантроль за выкананнем правоў зняволеных», - сказаў Павел Сапелка.

Праваабаронца падкрэсліў, што часта асуджаных падвяргаюць спагнанням і пераследу, калі тыя самі або пры дапамозе сваякоў спрабуюць адстойваць свае правы:

«За апошнія пяць-шэсць гадоў я сустракаў лічаныя адзінкі вязьняў, якім было ўсё роўна, яны даходзілі да апошніх інстанцый, да якіх толькі можна было дайсці. Але яны сканчалі свае адсідкі праз два-тры гады пасля заканчэння тэрміну, прызначанага судом. І сканчалі яе, як правіла, вызваляючыся з турмы. І я не ведаю, ці з'яўляецца гэта рашэннем праблемы».

Таксама Павал Сапелка адзначыў той факт, што калоніі з'яўляюцца элементам Дэпартамента выканання пакарання, які, у сваю чаргу, з'яўляецца структурным падраздзяленнем МУС, а МУС з'яўляецца, у ліку іншых, - карным органам.

«І да таго часу, пакуль турмы будуць у падначаленні гэтага карнага органа, усе пытанні, якія сёння абмяркоўваюцца, будуць паўставаць далей, далей і далей. Сёння вы будзеце падымаць пытанне пра туфлі, заўтра - пра кашулі, паслязаўтра - пра шапкі».

Ён падзяліўся асабістым вопытам у галіне праблемы абароны правоў асуджаных:

«Калі я некалькі гадоў таму пачаў займацца праблемай асуджаных у ПЦ "Вясна", я таксама стаяў перад пытаннем: "Што можа зрабіць канкрэтна ўзяты праваабаронца альбо арганізацыя?"

Мы прайшлі пэўны шлях. Так, нашыя магчымасці спецыфічныя: мы не можам звяртацца да нейкіх нацыянальных праваабарончых інстытутаў, таму што іх у нас няма, мы не можам пайсці ў сілу сваёй незарэгістраванай сутнасці ў грамадскія назіральныя камісіі. Але я асабіста і сэнсу ў гэтым не бачу. Я не буду казаць пра тое, ці хоча ГНК працаваць, таму што гэта спрэчнае пытанне. Я магу адказаць толькі на пытанне - ці можа яна працаваць? Не, не можа. Таму што сябра ГНК не можа прыехаць у калонію, дастаць фотаапарат, сфатаграфаваць там цвіль, таму што ён гэты фотаапарат туды пранесці не зможа.

Мы шукалі варыянты наведвання калоній, я асабіста дайшоў да міністра ўнутраных спраў, атрымаў ад яго падзяку за актыўную грамадзянскую пазіцыю, мы пасмяяліся ўсім офісам. Але мяне, вядома, у калоніі не пусцілі, таму што ў адрозненне ад некага іншага я ў прынцыпе ведаю, што трэба правяраць у іх. І ведаю, што там ніколі не ўбачыш таго, што табе не хочуць паказаць. І інспектаванне калоній - не зусім той шлях, які прывядзе да адназначнага поспеху, але як адзін з элементаў гэта трэба выкарыстоўваць і яно павінна працаваць.

Потым мы зноў павінны былі думаць, што нам рабіць. Мы выбралі сабе той шлях, якім карыстаемся цяпер. Па-першае, выкарыстанне нацыянальных механізмаў. Якія яны не ёсць, але яны ёсць. І тыя, хто актыўна выкарыстоўвае нацыянальныя механізмы, у рэшце рэшт, так ці інакш вынікаў дамагаюцца. Таму што нават адсутнасць хуткіх рашэнняў - гэта падрыхтоўчая частка да выніку.

Па-другое, міжнароднае і знешняе лабіраванне тых каштоўнасцяў, якіх мы прытрымліваемся. І калі мы кажам, што ў нас парушаюцца правы чалавека ў пенітэнцыярных установах, то мы пра гэта гаворым на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўзроўні ААН, Еўропы, нейкіх двухбаковых адносінаў з асобнымі дзяржавамі. І паверце многія станоўчыя дасягненні - вынік такога ціску».

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка прадставіў на сустрэчы аналітычны агляд па ўмовах утрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных за мірныя акцыі ў сакавіку 2017 года.

У мерапрыемстве, якое праходзіла ў Мінску 15 чэрвеня па ініцыятыве дэпутата ад АГП Ганны Канапацкай, прынялі ўдзел Сяргей Усцінаў з ініцыятывы "Праваабаронцы супраць катаванняў", Алег Волчак з "Прававой дапамогі насельніцтву", прадстаўнікі ініцыятывы «Наша права», міжнароднага цэнтра грамадзянскіх ініцыятываў "Наш дом", АГП, а таксама протаіерэй Віцебскай дыяцэзіі Сяргей Захараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства