Адлічаныя студэнты працягваюць змагацца за свае правы

2017 2017-06-15T17:29:54+0300 2017-06-15T18:09:48+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lukashevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч. Фота з Facebook

Старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч. Фота з Facebook

12 чэрвеня адбылося першае паседжання па справе былога студэнта гістфаку БДУ, старшыні Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча супраць універсітэту. Ён скардзіцца на незаконнае адлічэнне. На думку Лукашэвіча, падставай для адлічэння стала ягоная грамадска-палітычная дзейнасць.

Старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч афіцыйна быў адлічаны за дзве вымовы. Першая вымова датычылася чатырох дзён пропуску, другая вымова – “за дзеянне, якое прадугреджвае адміністрацыйную адказнасць”, то бок за пратакол, які быў на Лукашэвіча складзены за ўдзел у мітынгу ў Курапатах. І хоць віна актывіста тады не была даказаная, і ён не быў прыцягнуты да адказнасці па гэтай справе, адміністрацыі універсітэту для вынясення вымовы хапіла і пратаколу.

“Калі пачаліся вясновыя акцыі пратэсту, у асабістасці абарона Курапатаў, мяне выклікалі ў дэканат і задавалі пытынні, кшталту “Хто ты такі, каб разважаць пра Курапаты і раздаваць інтэрв’ю”? Неўзабаве я прасіў адміністрацыю раглядзець магчымасць прадстаўлення мне акадэмічнага адпачынку, аднак замест гэтага даведаўся пра вымовы”, - адзначае моладзевы актывіст.

Па словах Лукашэвіча, падчас судовага паседжання было бачна шмат нестыковак, прадстаўнікі універсітэту блыталіся ў паказаннях. Раптоўна высветлілася, што існуе яшчэ адна заўвага, нібыта вынесеная студэнту ў лістападзе, але сам Лукашэвіч да суда ўвогуле не чуў пра яе. Дакладная, якая ўтрымлівае гэтую заўвагу, падпісаная не дэканам, а намесніцай дэкана па выхаваўчай працы. У судзе яна казала, што не магла азнаёміць Лукашэвіча з гэтай заўвагай, бо таго не было на парах. Аднак у журнале наведвальнасці, які самі адказчыкі і прадставілі суду, адзначана, што у тыя даты, па якіх вынесеная заўвага, Лукашэвіч на занятках быў.

Наступнае паседжанне прызначанае на 30 чэрвеня. Лукашэвіч патрабуе адмяніць заўвагу за лістапад і вымову за адміністрацыйнае парушэнне, якога не было, і ў выніку аднавіць сябе ва ўніверсітэце.

Юрась Лукашэвіч не адзіны студэнт, які вырашыў судзіцца з універсітэтам з-за свайго адлічэння. У траўні адлічаны з БДПУ актывіст Крысціян Шынкевіч спрабаваў дамагчыся аднаўлення на сваім факультэце, аднак суддзя праігнаравала яго патрабаванні і не задаволіла скаргу.

Таксама ПЦ “Вясна” стала вядома, што падчас вясновых акцый пратэсту ўзмацніўся ціск на актывіста Моладзі БНФ Мікалая Логвінава. Зараз ён знаходзіцца пад пагрозай адлічэння.

Мікалай Логвінаў. Фота з
Мікалай Логвінаў. Фота з "Вконтакте"

Праблемы ў палітэхнічным каледжы ў Мікалая пачаліся пасля першага маршу недармаедаў 17 лютага. Логвінава выклікалі ў дэканат і пачалі пагражаць адлічэннем. Тое самае паўтарылася і пасля яго ўдзелу ў абароне Курапатаў. А пасля акцыі па раздачы ўлётак да Дня Волі, якую 10 сакавіка Логвінай ладзіў разам з іншым актывістам Мікітам Краснакуцкім, адміністрацыя каледжа сама выклікала на іх міліцыю.

“Падчас раздачы ўлётак на праспекце Незалежнасці да нас выйшла супрацоўніца каледжу, адказная за прафком, і пагразілася вызваць міліцыю, калі мы не сыйдзем. Праз некалькі дзён тая самая супрацоўніца зайшла да нашай групы на пару і папрасіла мяне выйсці ў калідор на некалькі слоў. У калідоры яна загадала мне выключыць тэлефон і павяла ў кабінет намесніка па выхаваўчай працы, дзе мяне сустрэлі людзі ў цывільным. Таксама ў кабінет прывялі Мікіту Краснакуцкага, адтуль мы паехалі ў РУУС, а затым у суд. Нас абвінавацілі ў првядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. У судзе тры супрацоўніка каледжу далі супраць мяне паказанні, прычым яна не стыкаваліся паміж сабой. Аднак гэта не перашкодзіла суддзі аштрафаваць кожнага з нас на 5 базавых”, - распавядае Мікалай Логвінаў.

Па словах актывіста, ціск аказваўся і на яго дзяўчыну. Яе бацькам тэлефанаваў куратар і рэкамендаваў не мець зносін з Мікалаем.

Нагадаем, што 9 чэрвеня на глабальнай платформе Сhange.org з’явілася петыцыя за аднаўленне ў беларускіх універсітэтах студэнтаў, адлічаных за грамадска-палітычную актыўнасць. Петыцыя адрасаваная міністру адукацыі Ігару Карпенку і пяці ўніверсітэцкім рэктарам. Стваральнік петыцыі адлічаны актывіст Пётр Маркелаў заклікае неадкладна і без умоў аднавіць усіх актывістаў, адлічаных за сваю грамадска-палітычную дзейнасць, спыніць адлічэнні студэнтаў па гэтай прычыне і гарантаваць студэнтам права на свабоду выказвання меркавання і права на мірныя сходы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства