Павал Левінаў выйшаў з ІЧУ пасьля вымушанага «маніторынгу ўмоваў утрыманьня»

2017 2017-06-15T09:41:25+0300 2017-06-15T09:46:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/levinau-ichu-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Левінаў пасля арышту каля ІЧУ г. Віцебска, 14 чэрвеня 2017 года.

Павел Левінаў пасля арышту каля ІЧУ г. Віцебска, 14 чэрвеня 2017 года.

Завяршыўся 15-сутачны адміністрацыйны арышт Паўла Левінава. Праваабаронца выйшаў на волю зь Віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня.

17 красавіка судзьдзя Іна Грабоўская абвінаваціла сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту ва ўдзеле ў несанкцыянаваных грамадзянскіх акцыях 25 і 26 сакавіка і пакарала яго арыштам.

Як паведамляе «Віцебская Вясна», за краты праваабаронца трапіў толькі ў апошні дзень траўня. Перад сваёй ізаляцыяй Павал Левінаў заявіў, што скарыстаецца дадзенай яму магчымасьцю і правядзе маніторынг умоваў утрыманьня ў віцебскім ізалятары. Сваё слова праваабаронца стрымаў і па выхадзе падзяліўся з журналістамі і аднадумцамі сваімі назіраньнямі і высновамі.

Як ён адзначыў, умовы ўтрыманьня ў параўнаньні з 2008 годам, калі ён быў там апошні раз, палепшыліся. Але толькі ў тым сэнсе, што ўдалося, дзякуючы праваабаронцам, замацаваць заканадаўча атрыманьне прадуктовых перадач і магчымасьць мець у камэры наручны гадзіньнік.

Але самае ўсьцешнае – гэта падтрымка з волі. За два тыдні ў ІЧУ ён атрымаў некалькі дзясяткаў лістоў ад знаёмых і незнаёмых яму людзей як зь Беларусі, так і з замежжа.

15 сутак вольнага часу ня мінулі марна: за гэты час ён вывучыў некалькі справаў Камітэту па правох чалавека ААН, перачытаў аповесьць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз» і аповесьць Францішка Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ».

«Здавалася б, навошта перачытваць дзіцячую аповесьць пра падзеі пачатку мінулага стагодзьдзя з школьнай праграмы? – задаецца пытаньнем праваабаронца, і сам на яго адказвае. – Твор пра тое, як беларускі народ змагаўся з панамі, царом і жандарамі. Мінула роўна сто гадоў, але, што дзіўна, з кім змагаліся, з тым і змагаемся. А ўзяць Аляхновіча: там пра Салавецкія лягеры: нічога не зьмянілася – тыя самыя ўмовы ўтрыманьня, тое самае беднае харчаваньне. Жыцьцё ідзе наперад, а мы стаім на месцы, зьнямелі. Мы ў нейкім ранейшым вымярэньні».

Адказваючы на пытаньне аднаго з журналістаў, Павал Левінаў заявіў: 

«Гэтыя адседкі загартоўваюць. Калі ўлада думае, што яна нейкім чынам змусіць нас адмовіцца ад нашых перакананьняў – а мы нічога супрацьпраўнага ня робім – то яна памыляецца. Наогул, пасьля маіх апошніх разваг я прыйшоў да перакананьня, што ІЧУ – гэта анахранізм. Ён не дае аніякай карысьці, а толькі шкоду як дзяржаве, так і яе грамадзянам. Ён не выпраўляе, а толькі азлабляе людзей. Ёсьць такія асобы, што знаходзяцца ў ягоных сьценах больш, чым на волі. У такім выпадку губляецца сам сэнс гэтай установы: выйшаў – і зноў сюды. Першы крок, які я зраблю, будзе хадайніцтва аб перадачы гэтай установы ў ведамства цывільнага міністэрства: міністэрства юстыцыі, міністэрства працы ці яшчэ якога-небудзь іншага, але ніяк ня МУС».

У апошні дзень свайго арышту Паўлу Левінаву ўдалося нетрывіяльна пакпіць з абсурду, удзельнікам якога яго прымусова зрабілі. Падчас абходу дзяжурны пабачыў у камэры нешта незвычайнае: ложак часова зьняволенага быў засланы белай прасьціной з чырвонай паласой пасярэдзіне, а на навалачцы, якая ляжала зьверху, было напісана: «Свабоду палітвязьням Беларусі!».

Але самым абуральным для Паўла Левінава стаўся той факт, што месяц харчаваньня ў ІЧУ каштуе больш за 350 рублёў.

«Няхай разьбяруцца, дзе нас дураць: альбо тут на месцы, альбо там наверсе? Няўжо тая луста хлеба і лыжка кашы, якая ня бачыла ні масла, ні малака, ды тая катлета, зробленая, пэўна, зь недададзенага хлеба, каштуе 11 рублёў 50 капеек? А прыносяць гэтую ежу арыштаваным з кафэ “Белая Русь”, дзе харчуюцца супрацоўнікі аблвыканкаму. Хацелася б зараз запрасіць старшыню аблвыканкаму і пачаставаць яго гэтымі прысмакамі, пажадаўшы смачна есьці».

«Але ведаю адно, калі зьменіцца час і мы памяняемся месцамі, я зраблю ўсё магчымае, каб іх тут кармілі добра», – завяршыў Павал Левінаў пад воплескі прысутных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства