Гомельскі блогер Філіповіч “падмяніў сабою дзяржаўныя СМІ”

2017 2017-06-04T08:32:00+0300 2017-06-05T08:39:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/filipovich-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Філіповіч

Максім Філіповіч

Рапарт пра “фактычную падмену” гомельскім блогерам Максімам Філіповічам дзяржаўных СМІ, у тым ліку і па фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”, падаў 25 траўня падпалкоўнік міліцыі Драздоў на імя намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Віталя Котчанкі.

Па інфармацыі Службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у рапарце згадваецца, што падчас маніторынгу інтэрнэту былі выяўленыя публікацыі, размешчаныя з 2 па 22 траўня  на відэахостынгу YouTube, канал “Гарантый няма”. Згаданы рэсурс зарэгістраваны на  Максіма Філіповіча.  Падлічана, у канала — 24 320 падпісчыкаў. Агульная колькасць праглядаў відэакантэнту складае 5 300 380 адзінак. Відэаролікаў — 252.

Кантэнт канала “Гарантыяў няма” таксама складаюць відэаматэрыялы пра судовыя працэсы над актывістамі і журналістамі-фрылансерамі Гомельскага рэгіёну. Маюцца і матэрыялы “пра праведзеную ўладальнікам канала працу супрацьдзеяння дэкрэту № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Апрача таго, Філіповіч  “рэгулярна праводзіць “стрымы”, у якіх дзеліцца сваім меркаваннем аб працэсах і падзеях у Рэспубліцы Беларусь”.

Прыгаданы назвы 17 відэаролікаў. Найбольш праглядаў (звыш 30 тысяч) сабраў відэаролік “Беларускае тэлебачанне — геніі пяра”.

Адсюль і выснова: “З улікам росту папулярнасці свайго канала, Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.

А яшчэ блогер  22 траўня  нібыта  “незаконна  вырабіў і  распаўсюдзіў (давеў да ведама грамадзкасьці няпэўнага кола асобаў) праз канал “Гарантыяў няма” на відэахостынгу YouTube, які з'яўляецца платным, прадукцыю СМІ ў выглядзе чарговага інфармацыйнага паведамлення пра вышэйзгаданыя матэрыялы. Яго паглядзелі 5 628 карыстальнікаў. Тым самым парушыў пункты 2,7,15 Закону “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Падпапалкоўнік Драздоў згледзеў у дзеяннях блогера Філіповіча прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, якія падпадаюць пад  артыкул 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) і прасіў дазволу ў намесніка начальніка УУС Віталя Котчанкі накіраваць рапарт у Савецкі РАУС, па месцы жыхарства блогера.

Вядома ж, дазвол быў атрыманы.  2 чэрвеня Філіповіч быў выкліканы ў  пастарунак, дзе ўчастковы Дзмітры Акуліч і склаў на падставе рапарту адміністрацыйны пратакол, і цяпер Максіма чакае чарговы суд.

“Мае знаёмыя жартуюць, — кажа відэаблогер Філіповіч, — што я адзін замяніў тэлебачанне, якім кіруе Генадзь Давыдзька.  Я б толькі ў якасьці  “крата” да іх пайшоў, каб зрабіць тэлебачанне незалежным.

Высновы міліцыянтаў мяне пацяшаюць: я, блогер, “падмяняю дзяржаўныя СМІ”? Яны гэта прызнаюць! Думаю, што Давыдзька, калі даведаецца пра такі вердыкт міліцыянтаў, будзе вельмі расстроены”.

За відэааздымкі блогера чатыры разы арыштоўвалі, за кратамі ён адседзеў трыццаць сутак. Лічыць, што цяпер ягонае блогерства будуць караць рублём:

“Ад “дармаедскага” падатку вызвалілі, цяпер забяруць грошы праз штрафы. У пратакол упісалі мой стрым “Дела делать, а не слова говорить”, які я рабіў дома на балконе”.

Гомельскі праваабаронца, юрыст і сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка лічыць: улада ўбачыла, што губляе кантроль над інтэрнэтам.

“Раней у Гомельскім рэгіёне ўлады пераследавалі  пераважна фрылансераў, чые відэаздымкі траплялі  на тэлеканал “Белсат”. Цяпер бяруць шырэй. Бачаць, што прайграюць тым жа блогерам у апэратыўнасці , у праўдзівасці асвятлення падзеяў, таму  ўзяліся за Максіма. Гэта першы званочак іншым блогерам”.

Судаленка дадае, што нікога ж не судзяць, калі ён разьмясьціў на YouTube ці ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” вяселле альбо карпаратыўную вечарынку. Калі людзі п’юць, улады гэта не надта і цікавіць. Можа, нават рукі паціраюць, бо  палітыка п’янага не цікавіць. А Максім падштурхоўвае людзей да роздуму, здымае рэальнае жыццё, каментуе.  Я не здзіўлюся, калі неўзабаве  з’явяцца вялізныя аддзелы, каб пералапачваць інтэрнэт, выяўляць  найбольш актыўных блогераў і караць, хоць тое, што робіць Максім, не цягне нават на парушэнне нацыянальнага заканадаўства”, —  лічыць праваабаронца Судаленка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства