Праваабаронцы Беларусі заклікаюць Савет па правах чалавека ААН працягнуць мандат спецдакладчыка

2017 2017-06-02T14:43:10+0300 2017-06-04T13:49:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vizit_pravaabaroncau_zheneva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Саша Кулаева, Валянцін Стэфановіч і Ганна Герасімава

Саша Кулаева, Валянцін Стэфановіч і Ганна Герасімава

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч і дырэктарка Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Ганна Герасімава з 30 траўня па 1 чэрвеня сустракаліся з прадстаўніцтвамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ААН у Жэневе, каб праінфармаваць іх пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.  

Візіт быў арганізаваны Cеткай дамоў правоў чалавека ў супрацы з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH).

З 6 чэрвеня пачнецца 35-ая сесія Савета ААН па правах чалавека, а 14 чэрвеня будзе прадстаўлены даклад цяперашняга спецыяльнага дакладчыка - Міклаша Харасці, які ў чарговы раз быў раскрытыкаваны Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Пасля ў Савеце па правах чалавека павінна адбыцца галасаванне па пытанні працягнення мандату спецдакладчыка ААН па Беларусі.

“Падчас сустрэч мы даводзілі сваю пазіцыю, што для краіны неабходна працягнуць мандат спецдакладчыка. Сітуацыя ў Беларусі, на жаль, не палепшылася, а нават значна пагоршылася на працягу сакавіка, красавіка і траўня гэтага года. І ўлады вярнуліся да больш жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў”, - распавёў Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцы, мандат важны яшчэ і таму, што Беларусь знаходзіцца па-за рэгіянальнай сістэмай абароны правоў чалавека – наша краіна не ўваходзіць у Савет Еўропы. Адпаведна, адзіны міжнародны механізм, які магчыма выкарыстоўваць, - гэта ААН.

“І мы падкрэслівалі, што ўлады Беларусі вельмі селектыўна супрацоўнічаюць з ААН: не лічаць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН абавязковымі для выканання дзяржавай, не прызнаюць яго працэдуры, у краіну не запрашаюць не толькі спецдакладчыка, але і тэматычных дакладчыкаў. З гэтага пункту гледжання, мы лічым, што трэба заклікаць Беларусь да больш шчыльнага супрацоўніцтва ў межах сваіх міжнародных дамоўных абавязальніцтваў”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.

У сваю чаргу Ганна Герасімава падкрэсліла:

“Мандат спецдакладчыка ёсць фактычна адзіным інструментам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён быў створаны не як сталы, а як часовы мандат ААН, які будзе скасаваны, калі ў Беларусі значна палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека. Больш за тое, мандат ствараўся, каб дапамагчы беларускім уладам палепшыць гэтую самую сітуацыю. На жаль, сітуацыя зараз не толькі не палепшылася, але пагоршылася, і беларускія ўлады настойліва адмаўляюцца супрацоўнічаць з мандатам. Відавочна, што нам трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб мандат быў працягнуты і каб Беларусь пачала з ім супрацоўнічаць. Выйграюць ад гэтага ўсе”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства