Свята Першамая працягваецца ў... судах і завяршаецца штрафамі Дапоўнена
У сталічных судах 19 траўня працягнецца разгляд спраў удзельнікаў першамайскай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
У судзе Першамайскага раёна Мінска працягнецца разгляд адміністратыўнай справы па арт. 23.34 КаАП старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. Учора ён заявіў хадайніцтва выклікаць у суд у якасці сведкі Алеся Кіркевіча. Суддзя Сідарок задаволіла хадайніцтва і перанесла паседжанне на 19 траўня. Сёння суддзя Іна Сідарок не прыняла да ўвагі паказанні сведкі і аштрафавала Юрася Губарэвіча на 40 базавых велічынь.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска на 10 гадзін раніцы прызначаны разгляд адміністратыўнай справы Марыны Адамовіч, якую таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 1 траўня. Справу вядзе суддзя Дзмітрый Астапенка. Ён выносіць пастанову аб пакаранні Адамовіч штрафам у памеры 20 базавых велічынь.
Гэты ж суд будзе разглядаць і справу сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Клюшнічэнкі. Пачатак паседжання прызначаны на 11-15.
Дарэчы, 18 траўня ў судзе Маскоўскага раёна разглядалася справа актывісткі Алены Талстой, таксама за Першамай. Яе абвінавацілі ў парушэнні ч.3 арт.23.34 КаАП і пакаралі штрафам.
Суд Фрунзенскага раёна разглядае сёння адміністратыўную справу сябра Сойму Партыі БНФ Андрэя Церашкова. Актывіст прызнаны вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пакараны штрафам у памеры 10 базавых велічынь.
Нагадаем, за першамайскую акцыю ў Мінску на гэты час арыштамі і штрафамі пакараныя 10 чалавек, сярод якіх Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў ды іншыя ўдзельнікі мітынгу.
Усяго па інфармацыі праваабаронцаў супрацоўнікі міліцыі склалі рапарты амаль на два дзесяткі чалавек. Можна меркаваць, што судовы канвеер за Першамай яшчэ будзе працягвацца не адзін дзень.