Эпідэміёлагі бачаць парушэнні ўмоваў утрымання, а ЦІП - заплюшчвае вочы

2017 2017-05-04T17:58:57+0300 2017-05-04T18:06:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/okrestino_cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Студэнт-актывіст Крысціян Шынкевіч адным з першых атрымаў адказы на свае скаргі на ўмовы ўтрымання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, дзе ён знаходзіўся да суда.

Хлопец быў схоплены міліцыяй 26 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, куды прыйшоў выказаць салідарнасць з затрыманымі ўдзельнікамі "Дня волі". На ноч яго змясцілі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Пасля чаго ён напісаў скаргі на ўмовы ўтрымання ў гэтай установе ў Пракуратуру Маскоўскага раёна г. Мінска, МУС і Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Маскоўскага раёна г. Мінска, дзе засведчыў, што:

- пры паступленнi яму не растлумачылі правы і абавязкі;
- у камеры не было радыёпрымача і вентыляцыйнага абсталявання;
- канструкцыі санвузла не давала магчымасці спраўляць патрэбы з захаваннем інтымнасці;
- санітарны стан камеры было незадавальняючы (вентыляцыя была недастатковай і было вельмі душна, была цвіль, вельмі смярдзела, пасцельная бялізна не выдавалася, спальныя прыналежнасці былі няякаснымі, сродкі асабістай гігіены не выдавалiся, тэмпература была занадта высокай);
- харчаванне было недастатковым.

Аднак, начальнік ЦІПа Іван Сакалоўскі, які разгледзеў зварот Крысціяна Шынкевіча, парушэнняў нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, Правілаў утрымання фізічнай асобы, у дачыненні да якой ужыта адміністрацыйнае затрыманне, іншых нарматыўных прававых актаў у дзеяннях супрацоўнікаў ЦІП не ўстанавіў.

У сваю чаргу, Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь устанавіў, што факты парушэнняў, адзначаныя ў звароце заяўніка, у частцы кампетэнцый санітарна-эпідэміялагічнай службы часткова мелі месца.

«Па выяўленых парушэннях кіраўніцтву цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама дадзены прапановы па іх ліквідацыі і ўзмацненню кантролю за выкананнем санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры ўтрыманні ў ЦІП.

Выкананне прапаноў ўзята на кантроль санітарна-эпідэміялагічнай службай МУС Рэспублікі Беларусь», - напісаў у адказе цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

«Я лічу, што адказ ЦІПа - тыповая адпіска. Планую азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, таму што ёсць упэўненасць, што яе як такой і не было зусім.

Вядома, не думаю, што мае скаргі неяк занадта паўплываюць, але я планую пісаць далей, у тым ліку, каб даведацца, якія парушэнні былі знойдзеныя і як яны вырашаюцца», - падкрэсліў Крысціян Шынкевіч.

Юрыст ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначае:

«Можна меркаваць, што праверку адміністрацыя ЦІПа правяла недастаткова поўна, раз не ўгледзела ніякіх парушэнняў.

Аднак, гэта не першыя скаргі на ўмовы ўтрымання ў ЦІП і вельмі сумна, што пасля рамонту ўмовы там не нашмат лепш, чым былі да гэтага. Мы спадзяемся, што адміністрацыя ўлічыць прадпісанні цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і ўмовы ўтрымання для адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных ўсё ж такі палепшацца».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства