Павел Сапелка: Парушана права Статкевіча на абарону

2017 2017-05-02T15:25:58+0300 2017-05-02T15:29:32+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sapielka2016a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Калі верыць супрацоўнікам праваахоўных органаў, то ўжо 4 дні ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэціна ў Мінску знаходзіцца Мікалай Статкевіч. Аднак дагэтуль да яго не дапусцілі адваката, таму спраўдзіць гэтую інфармацыю цяжка, піша “Новы час”.

Пра гэта журналістам у аўторак паведаміла жонка затрыманага палітыка Марына Адамовіч. Як нагадвае БелаПАН, сувязь са Статкевічам знікла ўвечары 28 красавіка. Раней адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікаў сваіх прыхільнікаў ды проста грамадзянаў выйсці 1 мая на Кастрычніцкую плошчу сталіцы з сацыяльна-палітычнымі патрабаваннямі.

Днём пазней Марына Адамовіч атрымала тэленфанаванне з Ленінскага РУУС Мінска з паведамленнем пра тое, што яе муж асуджаны судом таго ж раёну на пяць сутак адміністрацыйнага арышту і знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Ні раней, ні пазней адваката да Статкевіча не дапусцілі, нягледзячы на ўсе высілкі абаронцы.

Чым гэта можна патлумачыць? Насколькі дзеянні адміністрацыі ЦІП адпавядаюць дзейнаму заканадаўству? На пытанні “Новага Часу” адказаў юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка.   

— Гэта парушэнне права Мікалая Статкевіча на абарону ў чыстым выглядзе. Чаму ўлады так сябе паводзяць, гэта пытанне да саміх уладаў. А так у цэлым, паводле закону, Статкевіч мае права на юрыдычную дапамогу ў любы час. Калі чалавек асуджаны на адміністрацыйны арышт, у яго ёсць усяго толькі пяць дзён на тое, каб падаць скаргу на, хутчэй за ўсё, незаконнае асуджэнне і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. І вось замест таго, каб сядзець з адвакатам і рыхтаваць скаргу, Статкевіч сядзіць без адваката.

— Як можна патлумачыць тое, што сваякам нават не паведамілі, за што асуджаны Статкевіч?

— Дзякуй, што ўвогуле паведамілі, што ён знаходзіцца ў ЦІП, бо, як я памятаю, у некаторых выпадках абыходзіліся нават без гэтага. Цяпер варта звяртацца са скаргаю для пачатку ў міністэрства ўнутраных справаў і паралельна ў пракуратуру, у якой адвакат можа звярнуць увагу, што правы ягонага падабароннага парушаныя.

— З пункуту гледжання юрыста, як можна ацаніць той факт, ужо далёка не першы, што да затрыманых не пускаюць адвакатаў?

— Вельмі яскрава гэтая праблема знайшла сваё адлюстраванне ў 2010 годзе і на пачатку 2011 года, калі не дапускалі абаронцаў да “дзекабрыстаў” – затрыманых пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Тады адвакатаў не дапускалі ў Следчы ізалятар КДБ. І зараз такакя праблема зноў у некаторый ступені існуе. Каб вырашаць гэтую праблему, то трэба абскарджваць выпадкі нядопуску абаронцаў да затрыманых. Калі гэтага не рабіць, то гэтая праблемы не будзе вырашана ўвогуле. І, безумоўна, грамадскае агалошванне, інфармацыя ў прэсе пра такія выпадкі – гэта адзін з магчымых складнікаў поспеху ў барацьбе з гэтай негатыўнай з’яваю. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства