Гомельскія чыноўнікі цкуюць маці, якая заступілася за прыёмнага сына

2017 2017-04-13T12:58:55+0300 2017-04-13T13:01:41+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/siza-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Гомеля Марына К., якая доўгі час дамагаецца праверкі па фактах гвалтоўных дзеянняў у гомельскім СІЗА і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў дачыненні да свайго прыёмнага сына Віталя Г., адчувае моцны прэсінг з боку мясцовых уладаў. Жанчына лічыць, што такім чынам, яе прымушаюць адмовіцца ад захадаў па ўзбуджэнні крымінальнай справы па фактах гвалту, змірыцца з сітуацыяй, пагражаюць ёй, дыскрэдытуюць яе і прыёмных дзяцей.

Нагадаем, 29 снежня 2016 года ў Гомелі адбыўся суд, які вынес Віталю Г. прысуд у выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі для непаўналетніх за сэксуальныя дамагальніцтвы, якія нібыта мела месца ў канцы 2015 года. Гэтая гісторыя падрабязна была апісана ў матэрыяле "Гвалт у Гомельскім СІЗА: ці прыме суд да ўвагі рашэнні пракуратур?"

Маці лічыць, што крымінальная справа была сфабрыкаваная, а яе прыёмнага сына, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пагрозамі і падманам прымушалі падпісваць розныя паперы, ужываючы ў дачыненні да яго гвалт. 

“Пад час выканання мною маіх прамых абавязкаў па абароне правоў і законных інтарэсаў круглага сіраты з парцыяльным недаразвіццём інтэлекту Віталя Г.. мне асабіста неаднойчы пагражалі, каб я адмовілася ад абароны, інакш забяруць маіх дзяцей, а мяне пасадзяць, ці іншымі спосабамі расправяцца са мной і сям'ёй, - выказвае трывогу жанчына.

Нядаўна Марына К.  паведаміла праваабаронцам, што ва ўстановы адукацыі, у якіх вучацца яе дзеці, ва ўстановы аховы здароўя, у якіх назіраюцца яна і яе дзеці, да яе на працу  прыходзяць розныя  паперы з праваахоўных і судовых органаў з дыскрэдытуючым і абразлівым зместам у яе адрас і адрас сям'і.

“У апошні раз, 22 сакавіка, я была выкліканая на гутарку да сацыяльнага педагога УА «ГГСПЦ з дзіцячым прытулкам» А. Захожай, якая удзельнічала ў сфабрыкаванай справе Віталя Г. на баку абвінавачвання. Яна назвала мяне злачынцай, сказала, што зробіць усё ў адпаведнасці з канкрэтнымі ўказаннямі, якія паступілі ў дачыненні маёй сям'і і мяне асабіста, што яна хоча працаваць, а сапраўднае становішча маёй сям'і яе не цікавіць. Захожая запатрабавала, каб я прывяла да яе ў кабінет дзіця, якога яна пратрымае сам-насам з сабой, пакуль дзяўчынка не падпіша ўсё, што трэба Захожай...», - піша Марына К.

Па вышэйпрыведзеных фактах прыёмная маці накіравала скаргі ў аддзел адукацыі Савецкага раёна Гомеля, ва Упраўленне адукацыі аблвыканкама, а нядаўна звярнулася ў Генеральную пракуратуру і ў Адміністрацыю Прэзідэнта, з надзеяй, што цкаванне яе сям’і нарэшце спыніцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства