viasna on patreon

"Мяў. Гаў" або Якія словы салідарнасці прапускаюць на Акрэсціна

2017 2017-04-12T17:00:43+0300 2017-04-12T17:07:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maryna_kastylianchanka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адзіная паштоўка, якую за 15 сутак арышту атрымала незалежная журналістка Марына Кастылянчанка, утрымлівала ўсяго толькі гукаперайманні "мяў" і "гаў", якімі адрасант, верагодна, хацеў намякнуць, што пра яе любімых катоў і сабаку, якія заставаліся дома адныя пасля затрымання гаспадыні, паклапаціліся.

Фота са старонкі Марыны Кастылянчанка ў Фэйсбуку
Фота са старонкі Марыны Кастылянчанка ў Фэйсбуку


Калi выйшла з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў 9 красавіка, Марына даведалася ад сяброў і калегаў, якія яе сустракалі, што арганізоўваліся цэлыя паштовачныя акцыі і агулам у ЦІП было адпраўлена больш за 100 паштовак і каля дзясятка лістоў са словамі салідарнасці, адрасаванымі ёй. Зрэшты, па словах дзяўчыны, на працягу ўсяго арышту яна была ўпэўненая, што родныя і сябры не пакідаюць яе без падтрымкі, але іх карэспандэнцыю не прапускаюць, спрабуючы стварыць такім чынам вакуум вакол яе, псіхалагічны дыскамфорт.

Я сядзела ў ЦІПе з 27 сакавіка па 9 красавіка, ведала, што карэспандэнцыя праходзіць цэнзуру на працягу трох - пяці дзён. Па маіх падліках, першыя словы падтрымкі павінны былі пачаць прыходзіць дзесьці з 1-га красавіка. Аднак, першая і адзіная паштоўка да мяне прыйшла толькі 5-га, па паштовым штэмпелі ад 3 красавіка. На ёй, як відаць, два словы - "Мяў" і "Гаў" ды маленькае сэрцайка", - усміхаецца Марына і паказвае паштоўку.


Дзякуючы таму, што некаторыя сябры перад адпраўкай сфатаграфавалі свае пасланні, яна змагла іх прачытаць ужо пасля вызвалення.

Марына распавяла і пра іншыя дробныя гадасці з боку супрацоўнікаў ЦІП. Як аказалася, не ўсё, што яны прымалі ў сваякоў для дзяўчыны, ёй перадавалі, у тым ліку і нятанныя рэчы.

Так, мне не перадалі вялікую размалёўку-антыстрэс, якая, як вядома, дазваляе зняць напружанне, адцягнуць увагу ад непрыемных думак, і каляровыя алоўкі да яе, кнігу з рэпрадукцыямі жывапісу. Пры гэтым мама распавядала, што супрацоўніца ЦІП, якая брала перадачу, праглядаючы кнігу з карцінамі, сказала калегу: «Нават не ведаю, куды такая кніга пойдзе?». Але дакладна - да мяне яна не дайшла, - адзначыла нядаўняя арыштантка. - Таксама мне не перадавалі канверты, якія я не адзін раз прасіла праз тых, хто выходзіў раней. У камеры было забаронена трымаць асадкі - мабыць, супрацоўнікі ЦІП такім чынам абмяжоўвалі нашае права пісаць скаргі.

Пры гэтым Марына звяртае ўвагу, на тое, якім чынам выглядала працэдура перадачы:

Звычайна бліжэй да вечара дзяжурны па паверсе адчыняў кармушку, падзываў па прозвішчы, прасіў расказаць пра таго, хто перадае - прозвішча, імя сваяка, месца яго пражывання. Пасля гэтага даваў асадку і казаў, дзе паставіць подпіс, дату, напісаць «Перадачу атрымала цалкам, прэтэнзій не маю» і распісацца. Як правіла, увесь час ён трымаў гэты ліст з другога боку кармушкі. Калі за гэты час паспявала прабегчыся вачыма па спісе - добра, але прачытаць падрабязна і зверыць з тым, што прынеслі - не даваў. І толькі калі ўжо напісала пра адсутнасць прэтэнзій - выдавалі праз кармушку тое, што табе сабралі ў перадачу. Відавочна, такім чынам супрацоўнікі ЦІПа агароджваюць сябе ад выстаўлення прэтэнзій, і цяпер недзе іх дзеці малююць маімі алоўкамі ў маёй размалёўцы.

Адзначым, што некаторыя актывісты пасля адбыцця арыштаў у ЦІПе таксама скардзіліся на тое, што да іх не даходзіла карэспандэнцыя. Палітык Алесь Лагвінец, напрыклад, распавёў журналістам, што яму перадалі толькі тры лісты ад сына ў дзень вызвалення, а астатнія дэманстратыўна выкінулі ў яго на вачах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства