viasna on patreon

Раман Мішчанка: "Тройчы ўдарылі галавой аб сценку. Па гуках чуў, што шмат каго так”

2017 2017-04-12T12:58:09+0300 2021-10-01T15:43:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mishchanka-raman.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Раман Мішчанка. Фота: mspring.online

Раман Мішчанка. Фота: mspring.online

Mspring.online публікуе маналог маладога магілёўца Ромы Мішчанкі, які прыехаў 25 сакавіка ў Менск на акцыю пратэсту, але замест гэтага атрымаў 15 сутак арышту, 6 гадзін са звязанымі рукамі і здзекі ад міліцыянтаў. 

Рома Мішчанка – каларытная фігура. Яго напэўна ўспомняць тыя, хто быў на магілёўскіх акцыях супраць Дэкрэта №3 19 лютага і 15 сакавіка. У першым выпадку менавіта ён гучней за ўсіх заводзіў “Жыве Беларусь” следам за Анатолем Лябедзькам падчас маршу да плошчы Зорак. У другім ён гучней за ўсіх свістаў у адрас дэпутата Ігара Марзалюка, які пасля назаве магілёўца Рому Мішчанку, яго таварышаў і наогул большасць удзельнікаў пратэсту“вандроўным цыркам, якому аплацілі білеты, каб катацца на дызелях ад горада да горада”.

Пра аплату за ўдзел у акцыі 25 сакавіка ў Мінску, дарэчы, у яго спытае міліцыянт, які будзе складаць пратакол у Ленінскім РУУС сталіцы. Рома яму адкажа, што затрымалі яго з 2 рублямі і 40 капейкамі ў кішэні. Каб паўдзельнічаць у сталічным пратэсным дзвіжы, хлопец заняў грошай у знаёмых на білет.

Але ўсё гэта ён яшчэ раскажа.

11 красавіка, праз два дні пасля вызвалення з менскага ІЧУ, Рома Мішчанка звярнуўся да магілёўскіх праваабаронцаў па дапамогу. Ён будзе скардзіцца на тое, як складаўся пратакол, як праходзіў суд і ў якіх умовах яго ўтрымлівалі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і ў ізалятары часовага ўтрымання.

***

Затрымалі мяне разам з маім сябрам Аляксандрам Царуком каля калон акадэміі навук. Гэта было ў 14:10. Падышлі двое супрацоўнікаў АМАП у чорнай форме, затрымалі на падставе праверкі дакументаў. Я не супраціўляўся, сам зайшоў у аўтазак. Да гэтага паспеў выкінуць допіс у Фэйсбук і адтэліць маме.

Там мы пастаялі можа хвілін 40.

Затым нас адвезлі ў Ленінскі РУУС. Машына заехала прама ў гараж. Там нас выгрузілі, адразу паставілі тварам да сцяны. Рукі сказалі завесці за спіну. Іх хутка абязрушылі пры дапамозе будаўнічых сцяжак, ведаеце, такіх белых. У кожнага міліцыянта іх, напэўна, было штук па пяцьдзесят з сабой.

Пасля гэтага пачалі ўсё даставаць з кішэняў. Ніякіх панятых не было. Самі прашарылі ўсе кішэні, самі падаставалі ўсе шнуркі. У аднаго хлопца іх не маглі дастаць доўга, у выніку проста разрэзалі нажом. Гэта быў хлопец з Украіны, Руслан Цярэшчанка, яго яшчэ збіраліся выслаць з Беларусі і забаранілі ўезд на 10 гадоў. Рэчы кожнага чалавека бязладна кідалі ў бясплатныя поліэтыленавыя пакеты з будаўнічага магазіна ОМА. Потым падыходзіла жанчына, пыталася прозвішча, імя, імя па бацьку і дату нараджэння, запісвала гэта ўсё. Пасля лісточкі з дадзенымі укідаліся ў пакеты.

Пасля гэтага завялі кудысьці ўніз, там было нешта накшталт актавай залы. Увесь гэты час нашы рукі былі звязаны гэтымі сцяжкамі. У адной дзяўчынкі кісці пасінелі, мы пачалі ўпрошваць канваіраў зняць хоць бы з яе сцяжкі. Дзяўчынку вызвалілі гадзін у 8 вечара.

***

У прыбіральню нас не вадзілі амаль. У 15 гадзін прыкладна мы прыехалі ў РУУС, каля 22 прыбылі на ЦІП. Я вызначыў гэта па тым, што там ужо быў уключаны начны рэжым асвятлення. За ўвесь гэты час туалет дазволілі наведаць толькі раз. І толькі перад ад’ездам на Акрэсціна з нас зрэзалі гэтыя сцяжкі. Практычна ўвесь астатні час рукі былі звязаны ў становішчы ззаду.

Калі сядзелі ў гэтым актавай зале, то прасілі зняць сцяжкі і звадзіць у туалет, але на ўсё нам адказвалі адно: “Чакайце”.

Нічога не мянялася, пакуль не ўстаў нейкі мужык з украінскай стужачкай, пенсіянер і не сказаў, што калі яго не зводзяць у туалет, ён пойдзе і справіць патрэбу проста ў кут.

Праўда, потым па ім як след патапталіся за гэта. Адразу пасля ягоных словаў яго вывелі з залы і было чуваць, як яго б’юць. Затым яны кінулі яго ў “абяз’яннік”.

Але затое пасля гэтага нас ужо адзін раз вывелі ў туалет. У гэты час сцяжку знялі, аднак калі я вызваліўся з прыбіральні – сцяжку вярнулі. Пытаўся, калі нас ужо пусцяць ці павязуць куды-небудзь, – поўнае маўчанне ў адказ.

За той час, што я знаходзіўся ў актавай зале, там абярнулася чалавек трыста затрыманых, не менш.

***

Дзесьці гадзін у 8 вечара мяне сфатаграфавалі, адкаталі адбіткі пальцаў і адправілі наверх у кабінет складаць пратакол. Пратакол склаў супрацоўнік органаў, мне нічога не паказвалася. Ён толькі спытаў, ці буду я даваць нейкія тлумачэнні. На гэта я адказаў, што нядрэнна, наогул, мне б азнаёміцца з пратаколам. Той замахаў рукамі, сказаў, што гэта ўсё будзе ў ІЧУ і мяне вывелі з кабінета. У выніку з пратаколам я азнаямляўся ўжо на судзе, прычым там усюды было ўказана, што ад подпісу я адмовіўся.

Хоць я не ведаю, як бы азнаямліваўся з пратаколам, таму што быў без акуляраў. Іх у мяне забралі падчас ператрусу ў гаражы і аддалі толькі перад адпраўкай на ЦІП.

Падчас допыту ён запытваў у мяне, колькі заплацілі мне за ўдзел у акцыі. А мне смешна было слухаць – я ў даўгі залез, каб з’ездзіць на яе. У кішэні было 2 рублі 40 капеек падчас затрымання.

Пачаў пытацца, навошта я наогул у Менск прыехаў. У кабінет увайшоў яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі і прама сказаў, што нас усіх страляць трэба.

Потым знеслі ўніз, сабралі і павезьлі ў ЦІП на Акрэсціна. Там нас прымалі жорстка. Рукі за спіной, глядзець трэба было ў зямлю. Вёў мяне старэйшы прапаршчык з чырвоным тварам. Пакуль я ішоў, ён двойчы ўдарыў мяне ў плечы. Каля сцяны сказаў стаяць роўна. Калі я вырашыў паглядзець па баках, ён раз’юшыўся, падышоў і тры разы ўдарыў галавой аб сценку. Я ў яго пытаўся, хто ён такі, патрабаваў назваць прозвішча. Вядома, ён нічога не сказаў. Шмат каго так. Па гуках зразумеў, што ў іншых такія ж праблемы.

У ЦІПе я запатрабаваў ручку і лісток, хацеў напісаць заяву пра намер трымаць галадоўку. Мне нічога не далі і сказалі, што калі я буду так сябе паводзіць, то яны адбяруць матрац. Прыйшлося ўкладвацца спаць. Ноч пераначаваў.

На ранішняй праверцы зноў запатрабаваў ручку і лісток, пасля чаго мне сказалі вынесці матрац з камеры. Суткі я прабыў так, пакуль мяне не перавялі ў іншую камеру. Прыходзілі перадачы. Канверты, папера даходзілі. Ручкі – не.

***

Сядзелі да панядзелка. У панядзелак, 27 сакавіка, адбыўся суд. На судзе выступілі два сведкі-міліцыянта. Аднаго я ведаў. Гэта быў канваір з аўтазака, які наглядаў за намі пасля затрыманьня. Запомніў, што ён оперупаўнаважаны Ленінскага РУУС, а родам з Асіповічаў.

Я адразу заявіў, што не азнаёмлены з пратаколам і папрасіў зрабіць гэта. Мне дазволілі. У пратаколе ўбачыў, што, аказваецца, я валяўся на плошчы, выкрыкваў лозунгі, размахваў рукамі. Міліцыя зрабіла мне заўвагу, але я не толькі не супакоіўся, але яшчэ і пайшоў прарываць міліцэйскі кардон, прычым адарваў пагон вось гэтаму сведку, які нарадзіўся ў Асіповічах. А гэта яшчэ адзін пратакол – за непадпарадкаваньне законным патрабаванням супрацоўнікаў унутраных спраў.

Вядома, калі я пачаў задаваць свае пытанні, сведкі пасыпаліся: назвалі не той колер формы, у якой нас з Сашам Царуком затрымлівалі, не той адрас, па якім гэта зрабілі.

Прычым у Ленінскім РУУС ўсім жа пісалі такія ж пратаколы і ў зале былі людзі, якіх за гэтыя ж самыя дзеянні судзілі. Па логіцы міліцыі атрымлівалася, што больш за дзесятак чалавек лежачы на зямлі выкрыквалі лозунгі, размахвалі рукамі, а потым рэзка ламануліся на міліцэйскі кардон. Так тут не міліцыя, тут “хуткая дапамога” тады ўжо патрэбна была.

Я заявіў суддзі, што наша затрыманне здымалі, было шмат прэсы, можна паглядзець і пераканацца, што абодва сведкі хлусяць. На што мне суддзя задаў пытанне, а ці магу я прама зараз даць паглядзець гэтыя відэа і ці ёсць у мяне на руках хадайніцтва. Я ў яго запытаўся, як я магу паказаць відэа, улічваючы, што быў усе гэтыя дні на сутках без Інтэрнэту. Пасля гэтага ён маё хадайніцтва адхіліў. Прозвішчы суддзі я не запомніў, памятаю, што мужык.

На судзе я шчыра сказаў, што прыехаў на акцыю пратэсту і нас затрымлівалі першапачаткова для высвятлення асобы. Распавёў, як усё было. Віну сваю не прызнаў.

У выніку я атрымаў 5 сутак за дробнае хуліганства і яшчэ 10 – за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Добра, што мне яшчэ нармальна палічылі. Адной дзяўчыне за гэта ж далі 3 і 7 сутак, толькі ў сукупнасці атрымалася чамусьці 12.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства