У Віцебску пасля 15 сутак выйшлі на волю праваабаронцы «Вясны»

2017 2017-04-10T17:21:48+0300 2017-04-10T17:41:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sviecik_vyzvalienne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вызваленне Леаніда Свеціка і Канстанціна Мардзвінцава. Фота: svaboda.org

Вызваленне Леаніда Свеціка і Канстанціна Мардзвінцава. Фота: svaboda.org

Леаніда Сьвеціка і Канстанціна Мардзьвінцава міліцыя затрымала 26 сакавіка. З таго часу і пачаўся адлік 15 сутак, прысуджаных кожнаму нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Дзень Волі, 25 сакавіка. Пра сустрэчу праваабаронцаў распавяла "Свабода"

Канстанціна Мардзьвінцава судзілі, па сутнасьці, закрытым судом: судзьдзя Іна Грабоўская не пусьціла на працэс ні журналістаў — калег з ГА «БАЖ», ні сяброў. Мардзьвінцаў не адмаўляў, што 25 сакавіка для яго сьвяточны дзень, але падкрэсьліваў, што прысутнічаў на акцыі як журналіст. Бо меў на мэце апісаць падзеі для праваабарончага сайту «Віцебская вясна».

Кастусь Мардзьвінцаў. Фота: svaboda.org

У «шматнаселеныя» камэры віцебскага ІЧУ ён ня трапіў. «Каб не прапагандаваў», лічыць Канстанцін Мардзьвінцаў:

«Мяне тройчы пераводзілі ў розныя камэры, але заўжды нас было двое. Умовы ня самыя лепшыя, што й казаць: і харчаваньне, і самі камэры — далёка не курорт. Большую частку часу я чытаў. Дзякуй калегам, мне перадалі кнігі, у тым ліку і зь „Бібліятэкі Свабоды“. Кнігу „Турма і здароўе“, дарэчы, я знарок пакінуў у ізалятары. Няхай вывучаюць!»

У спадара Мардзьвінцава няма ў Віцебску сваякоў. Але на знак падтрымкі зусім незнаёмыя яму людзі дамовіліся ў сацыяльных сетках і насілі ў ІЧУ перадачы.

Леанід Свецік. Фота: svaboda.org

Паштоўкі ад знаёмых і незнаёмых людзей таксама прыносілі рэгулярна, дадае праваабаронца Леанід Сьвецік:

«Мне пашанцавала крыху меней: давялося колькі часу адбыць у камэры, дзе знаходзіліся 10 чалавек. Было цяжкавата, асабліва калі побач кураць цыгарэты, бо сам я не куру. Але да гэтага я быў гатовы маральна, і таму няма ніякіх крыўдаў на лёс, які прывёў мяне да праваабарончай і журналісцкай дзейнасьці».

Спадар Сьвецік зьвязвае такія вялікія тэрміны арыштаў для праваабаронцаў са сваёй дзейнасьцю:

«Якраз незадоўга да сакавіцкіх падзеяў я зьвяртаўся ў пракуратуру наконт таго, што праца міліцыі ў цывільным падчас акцый ці затрыманьняў — гэта незаконна. Бо звычайны чалавек не разумее, хто перад ім, а потым яго вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі... Дарэчы, і 25, і 26 сакавіка на віцебскіх акцыях было шмат міліцыі ў цывільным. Але мяне затрымлівалі людзі ў форме».

На судзе ў якасьці доказаў дэманстраваліся два фрагмэнты відэа: на адным Сьвецік фатаграфуе плошчу Перамогі, на другім пераходзіць вуліцу па пешаходным пераходзе разам зь іншымі мінакамі. Судзьдзя Тацяна Жураўкова палічыла гэта дастатковым, каб абвінаваціць праваабаронцу ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Вялікія тэрміны арышту, лічаць праваабаронцы, даваліся яшчэ й дзеля таго, каб пазбавіць іншых абвінавачаных праваабарончай і юрыдычнай дапамогі. Каб, напрыклад, не было з кім параіцца, як пісаць скаргі на судовыя пастановы. Гэтая праблема насамрэч адчувалася, бо за Дзень Волі арыштавалі больш за 10 чалавек. У тым ліку і яшчэ аднаго віцебскага праваабаронцу, Паўла Левінава.

Яго таксама затрымалі 26 сакавіка, але адразу пасьля таго ён трапіў у шпіталь з гіпэртанічным крызам. Лечыцца ў кардыялягічным адзьдзяленьні дагэтуль. Кажа, што позва ў суд не абміне і яго.

Але віцебскія актывісты зьбіраюць подпісы ў Кастрычніцкі райсуд, каб судовы перасьлед праваабаронцы быў спынены. У адмысловай заяве гаворыцца, што Павал Левінаў быў назіральнікам ад РПГА «БХК» і ўдзелу ў масавых акцыях не прымаў. Хоць сам ён пэўны, што і ўдзел — не правапарушэньне, бо кожны грамадзянін Беларусі мае гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду думкі і яе выказваньня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства