Ратацыя фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” працягваецца

2017 2017-04-04T13:12:03+0300 2017-04-04T13:15:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/siza_kdb-belapan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак СІЗА КДБ. Фота: БелаПАН

Будынак СІЗА КДБ. Фота: БелаПАН

Увечары 3 красавіка з СІЗА КДБ выпушчаны палітычны актывіст Сяргей Кулініч і змешчаны новы фігурант справы – кіраўнік мінскай фірмы Віктар Мароз.

Як паведаміла “Свабода”, умовы вызвалення Сяргея Кулініча, на кватэры якога перад Днём Волі хаваўся яго паплечнік, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, пакуль невядомыя.

Наконт новага затрыманага Віктара Мароза вядома, што яго бацьку паведамілі з КДБ, што сына затрымалі на тры дні паводле падазрэнняў па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Юнаком Мароз уваходзіў у “Белы легіён”, пра што распавяла “Свабодзе” Ніна Шыдлоўская, былая жонка экс-актывіста «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага, якому ўжо прад’яўлены афіцыйныя абвінавачванні ў межах гэтай крымінальнай справы.

Паводле Ніны Шыдлоўскай, у КДБ чыняць пэўны ціск на Міраслава Лазоўскага:

«Можна казаць пра псіхалагічны і маральны ціск. Паміж допытамі да яго прыходзяць супрацоўнікі камітэту, праводзяць розныя гутаркі, ціснуць маральна, і практычна з гэтай прычыны ён сябе вельмі кепска адчувае. У яго галаўны боль, не можа спаць. Тое, што паміж допытамі не павінна быць ніякіх дзеянняў без удзелу адваката — не вытрымліваецца».

Як складаюцца лёсы астатніх затрыманых, дакладна не вядома.

«Дакладных звестак няма, але адзін з адвакатаў сказаў у прыватнай гутарцы: «Калі 10 дзён, якія дазволена трымаць без абвінавачання, мінулі, а чалавек не выйшаў на волю — значыць, таксама выставілі абвінавачанні, толькі пра гэта яшчэ невядома. Але мы спадзяёмся, што пра некага гэты прагноз дакладна не пацвердзіцца», — сказала Ніна Шыдлоўская.

Нагадаем, з 26 затрыманых па справе “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” на 4 красавіка ў спісе застаецца 21 фігурант. З іх, паводле наяўнай інфармацыі, 10-ці прад’яўленыя абвінавачванні па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства