ENEMO асуджае пераслед сяброўскіх арганізацый у Беларусі

2017 2017-03-29T16:01:40+0300 2017-03-29T16:03:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/enemo-logo_new.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Еўрапейская сетка арганізацый па назіранні за выбарамі (ENEMO) глыбока занепакоеная з нагоды актаў гвалту ў дачыннені да грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі ў сувязі з акцыямі “Дзень Волі”.

25 сакавіка 2017 года супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў мінскі офіс сяброўскай арганізацыі ENEMO ПЦ “Вясна” і затрымалі каля 60 асобаў, якія планавалі ажыццяўляць маніторынг бягучых мірных дэманстрацый. Сярод затрыманых — старшыня іншай сяброўскай арганізацыі ENEMO, Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК), сябры ПЦ “Вясна”, праваабаронцы, міжнародныя назіральнікі і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Паводле сведкаў, прадстаўнікі спецыяльнага падраздзялення міліцыі правялі ператрус у офісе без ордэра, гвалтоўна прымусілі ўсіх легчы на падлогу і абшукалі офіс, пасля чаго ўсе затрыманыя былі дастаўлены ў аддзяленне міліцыі, але ў канчатковым выніку вызваленыя.

Тым не менш, 25-26 сакавіка былі затрыманыя некалькі актывістаў ПЦ “Вясна” і БХК, а некаторыя з іх былі асуджаныя на тэрмін да 15 сутак па абвінавачванні ва ўдзеле ў незаконных акцыях пратэсту або “хуліганстве”. 

ENEMO асуджае незаконны напад на офіс і арышты актывістаў сяброўскіх арганізацый, а таксама іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці. Абмежаванні правоў на свабоду мірных сходаў, разгон мірных дэманстрацый і пераслед грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі парушаюць міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі.

ENEMO заклікае беларускія ўлады гарантаваць права на свабоду мірных сходаў, неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і неадкладна вызваліць затрыманых у сувязі з мірнымі акцыямі пратэсту.


Еўрапейская сетка арганізацый па назіранні за выбарамі (ENEMO) — гэта міжнародная сетка незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці, якая падтрымлівае развіццё дэмакратыі і ўдзел грамадзян у палітычных працэсах. Яна складаецца з 23 вядучых мясцовых арганізацый, якія назіраюць за выбарамі ў 18 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі, у тым ліку ў трох краінах-сябрах Еўрапейскага Саюза. З 2001 года ENEMO ажыццявіла 23 міжнародныя місіі па назіранні за выбарамі. Усе сябры ENEMO адданыя прынцыпам незалежнасці, бесстароннасці, празрыстасці, аб'ектыўнасці і дакладнасці. ENEMO і яе сябры паважаюць і заахвочваюць міжнародныя стандарты правядзення свабодных і празрыстых выбараў, а таксама сродкі і механізмы навучання, удзелу і пашырэння правоў і магчымасцяў людзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства